За паратункам – у мірную Беларусь

0
317

Беларусь ніколі не кідае сваіх людзей у бядзе. Чарговы прыклад сур’ёзна спланаванай і якасна выкананай работы – эвакуацыя суайчыннікаў са знішчанага ваеннымі абстрэламі сектара Газа.

Нагадаем, што экстраная дапамога ў эвакуацыі беларусаў і членаў іх сем’яў стала аператыўным даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Сёння ўжо можна ўпэўнена сказаць – яно цалкам выканана.

У той час, як адныя арганізоўвалі чарговую пастаўку партыі зброі ў зону канфлікта, у Беларусі займаліся арганізацыяй гуманітарнага рэйсу. Дыпламатычным і сілавым бокам нашай краіны ў кантакце з калегамі з Ізраіля і Егіпта пры садзейнічанні Расіі і Катара была праведзена сур’ёзная работа па арганізацыі выхаду беларускіх грамадзян і членаў іх сем’яў з зоны баявых дзеянняў у сектары Газа. І вось напрыканцы мінулага тыдня гуманітарны спецборт “Белавія” вылецеў з Каіра і, пераадолеўшы пяць тысяч кіламетраў, прызямліўся ў нацыянальным аэрапорце “Мінск”.

Так, пасажыры спецборта – беларусы і члены іх сем’яў, многія з якіх не адно дзесяцігоддзе таму пакінулі краіну і будавалі жыццё ў краінах Блізкага Усходу. Аднак пры гэтым яны не перасталі быць грамадзянамі нашай краіны. І ў час вялікай бяды, якой з’яўляецца ваенны канфлікт, Прэзідэнт дае даручэнне – выцягнуць з зоны канфлікту ў Газе беларусаў і членаў іх сем’яў, аказаць садзеянне ў вяртанні на Радзіму. Тым, хто пажадаў шукаць паратунак ад вайны ў Беларусі, дапамога была аказана. Нашыя спецслужбы чарговы раз, як гэта было і з вадзіцелямі-дальнабойшчыкамі ва Украіне, прадэманстравалі высокі прафесіяналізм, мужнасць, зладжанасць у час выратавання людзей.

Большасць вывезеных з ада вайны – дзеці. Паводле афіцыйных звестак, іх было эвакуіравана 22 чалавекі. Прычым, толькі задумайцеся, самы малодшы – 2020-га года нараджэння, самы старэйшы – 2005. Цяпер іх жыццям нічога не пагражае. Дапамогу ў вяртанні да мірнага жыцця эвакуіраваным з зоны канфлікту аказваюць медыкі і псіхологі, валанцёры Чырвонага крыжа і мясцовая ўлада, бо, як гаворыць наш Прэзідэнт, чужой бяды не бывае і самая галоўная каштоўнасць у свеце – жыццё чалавека.

У Сусветны дзень дзіцяці – дзень, які закліканы забяспечыць дабрабыт дзяцей ва ўсім свеце і падарыць ім надзею на лепшую будучыню, Прэзідыум Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь рашуча асудзіў нанясенне ўдараў па аб’ектах грамадзянскай інфраструктуры ў сектары Газа. Як пазначана ў заяве, гэта сапраўдная сусветная трагедыя, калі ў выніку абстрэлаў гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі.

Беларусь як краіна, якая спаўна спазнала на сабе ўвесь боль і пакуты Другой сусветнай вайны, страціла кожнага трэцяга свайго жыхара, не можа заставацца абыякавай да лёсаў людзей, якія сталі заложнікамі канфлікту і прызывае сусветную грамадскасць прыкласці ўсе намаганні, каб спыніць ваенныя дзеянні.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о