Гераіня асабістага жыцця

0
1187

На гэтым тыдні адзначыла юбілей наша зямлячка Валянціна Лазарава – жанчына, якая для тых, хто яе асабіста ведае, з’яўляецца прыкладам жыццеўстойлівасці, пазітыву і энергіі. Вядомая фраза “Актывістка, спартсменка і проста прыгажуня” падыходзіць ёй спаўна, але гэтых слоў-характарыстык мала, каб раскрыць усю сутнасць гераіні. Яшчэ патрэбна дабавіць: маладая душою, з характарам, гатовая выказаць і адстойваць сваё меркаванне, з пачуццём гонару і адказнасці. Каб даведацца больш пра юбілярку, пачуць пра невядомую нам Вылянціну Лазараву, мы сустрэліся з яе дачкой Таццянай.

Гераіня асабістага жыцця

Сям’я ў жыцці Валянціны Уладзіміраўны – галоўнае і святое паняцце. Такі прыклад паказалі ёй бацькі, дадзеную аксіёму нясе гераіня праз усё жыццё. Слухаючы аповед Таццяны, становіцца зразумелым, наколькі маці – важны чалавек для сваіх дзяцей.

Малая радзіма Валянціны Уладзіміраўны – вёска Снядзін. Яна і тры браты раслі ў сям’і настаўніка і работніцы гандлю. З маленства былі прывучаныя да працы і адказнасці. Пасля заканчэння васьмігодкі бацька прапанаваў дачцы паступаць у сталіцу ў політэхнічны тэхнікум. Выпускніца прыняла параду, паспяхова здала іспыты, павучылася крыху і вярнулася дадому: вырашыла, што гэта не яе шлях, ды і сказаць папраўдзе – не знайшла кропак сутыкнення з адным педагогам у пытаннях выхавання моладзі. Трэба адзначыць, што дзяўчына была надзелена ад прыроды адметнымі якасцямі характару: не баялася ніякай працы, была актывісткай і ініцыятарам у справах, уносіла новыя і цікавыя прапановы, але была “вострая на язык”, магла выказаць заўвагу і смела адстойвала свой пункт гледжання. Не ўсім гэта падабалася. Ды, што казаць – такая яна засталася і па сённяшні дзень.

Сярэднюю школу гераіня скончыла ў Галубіцы, пасля чаго атрымала ў Мінску спецыяльнасць швеі і нейкі час працавала на сённяшняй “Мілавіцы”. Напэўна, шырыня душы і асаблівасць тэмпераменту Валянціны Уладзіміраўны не дазвалялі мець працу, дзе патрэбна ўвесь дзень сядзець на адным месцы. Сталіцу яна пакінула назаўсёды, вярнуўшыся ў родную школу педагогам-арганізатарам.

Пачалося педагагічнае жыццё, якому наша гераіня аддала 47 гадоў. Менавіта ў гэтай галіне яна змагла раскрыць свае арганізатарскія, творчыя і прафесійныя здольнасці. Калі стала пытанне атрымання адпаведнай адукацыі – закончыла Мазырскі дзяржаўны інстытут. Большасць прафесійнага жыцця яна прысвяціла працы ў метадычным кабінеце аддзела адукацыі, паралельна выкладаючы замежную мову ў школах раёна. Дзейнасць метадыста не з лёгкіх, але на выбраным шляху педагог была заўсёды на вышыні. Доўгі час спецыяліст была адказнай за кніжны фонд, наяўнасць метадычнай літаратуры ва ўстановах адукацыі Петрыкаўшчыны. Ніколі не баялася новаўвядзенняў: калі з’явіліся новыя формы праверкі ведаў, такія як дыягнастычнае, рэпетыцыйнае тэставанне – адказна і якасна бралася за арганізацыю правядзення дадзеных мерапрыемстваў. За гады, пражытыя ў педагагічным асяроддзі, асабісты падыход да справы, цесныя сувязі з установамі адукацыі Валянціна Уладзіміраўна для педагогаў раёна стала дарадчыкам, крытыкам і сябрам.

– Я і мае два браты рана навучыліся самастойнасці. Заўсёды ведалі, што праца ў матулі адказная і ставіцца яна да яе так, каб было на “ўсе 100”. Бачылі, што ўсе клопаты пра нас, а пасля і пра састарэлых бацькоў, леглі на яе плячы, – успамінае дачка. – Таму ніколі не крыўдзіліся, што 1 верасня яе не было разам з намі на лінейках у школах, а бывала, з работы вярталася, калі мы ўжо спалі. Не ведаю, як гэта ёй удавалася: не хадзіўшы на бацькоўскія сходы, яна ведала пра нас усё, адчувалася, што яна заўсёды побач. У нас было ўсё неабходнае, а галоўнае, бязмежная мацярынская любоў і клопат.

Годы не памянялі нашу зямлячку. І сёння ў яе ўсё на кантролі, раскладзена па паліцах. Так як і раней, не можа прайсці міма калі патрэбна дапамога, быць раўнадушнай да непрыстойнага людскога ўчынку, калі трэба сказаць – то ў вочы. Яна апора і радасць для траіх сваіх дзяцей і дваіх унукаў, у жанчыны шмат планаў і спраў. У вольную хвіліну любіць пачытаць дэтэктыўны сюжэт або паразгадваць крыжаванку.

Ёсць у Валянціны Уладзіміраўны тэма, якая сагравае ёй душу і напаўняе радасцю – родная зарэчная вёсачка, якая сустракае ў рэдкія яе прыезды цяплом і цішынёй. Туды гераіня наведваецца атрымаць асалоду ад прыпяцкіх краявідаў, падыхаць лясным паветрам, пахадзіць па бацькоўскай зямлі, каб зарадзіцца энергіяй для новых добрых спраў.

Святлана СОБАЛЕВА.
Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о