“Хто быў нікім, той стаў усім”

0
1016

Днямі Петрыкаўшчына разам з усёй краінай адзначыла 106-гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая, без перабольшання, стала адной з галоўных палітычных падзей ХХ стагоддзя і аказала істотны ўплыў на ход далейшай гісторыі ва ўсім свеце.

Тады, на пераломе эпох, Кастрычніцкая рэвалюцыя стала сімвалам абнаўлення, вызвалення ад прыгнёту і новых надзей на светлую будучыню. Кастрычнік 1917 года заклаў асновы сацыяльнай справядлівасці. Роўныя магчымасці для кожнага на адукацыю, падтрымка працы – усё гэта замацавалася ў нашай ідэалогіі. Наша рэспубліка ўвайшла ў СССР і сабрала спачатку ўсходне-, а пасля і заходне-беларускія землі. Дзякуючы гэтаму беларусы набылі дзяржаўнасць і стварылі моцны фундамент для цяперашняй стабільнасці.

Мінула больш за сто гадоў з моманту падзей Вялікага Кастрычніка, а яго ідэалы па-ранейшаму актуальныя і значныя. І сёння пераважная большасць насельніцтва Зямлі імкнецца да сацыяльнай справядлівасці, але многія краіны да гэтага часу сутыкаюцца з сучаснымі формамі эксплуатацыі і прыгнёту, культурнай экспансіяй, эканамічнымі санкцыямі і палітычным шантажом.

На постсавецкай прасторы гэтае свята на дзяржаўным узроўні адзначаюць толькі ў нашай краіне. Так, Беларусь не здрадзіла памяці сваіх продкаў, не адмовілася ад сваёй гісторыі і напаўняе гэтую памятную дату новымі сэнсамі.
Многія ідэі Вялікага Кастрычніка знайшлі адлюстраванне ў сучаснай Беларусі: мы ўпэўнена ідзём уласным шляхам развіцця, паслядоўна прытрымліваючыся ідэалаў міру і справядлівасці.

Няхай сучаснае грамадства па-рознаму ўспрымае гэту святочную дату ў календары, беларусаў аб’ядноўвае гістарычная памяць: мы не перапісваем гісторыю, мы памятаем яе ўрокі і робім усё магчымае, каб лепшыя здабыткі гісторыі краіны памнажаліся новымі поспехамі і працоўнымі дасягненнямі.

Слаўная традыцыя савецкага часу – да вялікіх свят рабіць народу падарункі – захавалася і сёння: напярэдадні дня Кастрычніцкай рэвалюцыі здаюцца новыя сацыяльныя, транспартныя, вытворчыя аб’екты.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о