Учора сцэна Дома культуры стала п’едэсталам для тых, хто на працягу года дэманстраваў высокія вынікі, прафесіяналізм і адказнасць. Сярод узнагароджаных – загадчык Новагалоўчыцкага фельчарска-акушэрскага пункта УАЗ “Петрыкаўская ЦРБ”.
У кожнай вёсцы ёсць людзі, якія становяцца яе душой і апорай. У Новагалоўчыцах такім чалавекам з’яўляецца мясцовы фельчар Таццяна Сінькевіч.
Пры знаёмстве з Таццянай Пятроўнай першае, што кідаецца ў вочы, яе незвычайная прыцягальнасць і абаянне. Гэта не проста знешняя прыгажосць, а нейкае ўнутранае святло, якое зыходзіць ад чалавека.
Нарадзілася мая гераіня на Брэстчыне, але жыццёвыя абставіны склаліся так, што яе маці разам з дзецьмі вярнулася на сваю малую радзіму – у вёску Грабнікі Петрыкаўскага раёна. Васьмігадовую школу Таццяна скончыла ў Новых Галоўчыцах, сярэднюю – у Навасёлках.
Успамінаючы тыя часы, жанчына з цеплынёй расказвае пра сваю цётку, якая працавала санітаркай на мясцовым ФАПе. У яе на кватэры адзін час жылі маладыя фельчары. Таццяна, будучы падлеткам, з цікавасцю слухала іх размовы і ў яе сэрцы паступова зараджалася думка стаць медыкам.
Вучылася дзяўчына добра, але, як прызнаецца, думка паступаць у медыцынскі ўніверсітэт не ўзнікала. Яна выбрала Мазырскае медыцынскае вучылішча, сястрынскую справу.
– Пасля заканчэння мед-установы, 7 жніўня 1989 года, мяне, маладога спецыяліста размеркавалі ў Навасёлкі ў якасці медсястры. Але лёс, як часта бывае, унёс свае карэктывы: кіраўніцтва Петрыкаўскай ЦРБ папрасіла паўгода папрацаваць фельчарам у Новагалоўчыцкім ФАПе. Я згадзілася, і тыя “паўгодзіка” зацягнуліся вось ужо на 37 гадоў, – дзеліцца суразмоўца.
За гэты час Таццяна Сінькевіч стала неадемнай часткай населеных пунктаў Новыя Галоўчыцы, Старыя Галоўчыцы, Праходы, Грабнікі. Яе рукі, вопыт і чулае сэрца палегчылі не адзін боль.
Быў перыяд, калі гераіня вырашыла вучыцца далей, пашыраць свае веды і навыкі. Гэта прывяло да пераезду і працы ў Акцябрскай раённай бальніцы. Там медыцынскі работнік атрымала каштоўны досвед, працуючы памочнікам урача. Яе практыка ахоплівала такія важныя і адказныя сферы як хірургія і рэанімацыя.
Аднак, як гэта часта бывае, самыя моцныя сувязі – гэта сувязі з родным домам. Аднойчы, прыехаўшы дадому, Таццяна зразумела, дзе яе месца. “Дзе дом, там і я буду”, – прыняла зямлячка рашэнне.
Таццяна Пятроўна ў час нашай сустрэчы падзялілася і тымі зменамі, якія адбываюцца ў апошні час у сферы медыцынскага абслугоўвання Петрыкаўшчыны:
– Калі казаць пра лячэнне лю-дзей, то ў нас, медыкаў, ёсць усё неабходнае. У населеныя пункты прыязджае медыцынскі комплекс, які дазваляе праводзіць больш складаныя дыягнастычныя працэдуры непасрэдна на месцы, выязджаюць урачы з раённай бальніцы. Мы маем доступ да сучасных тэхналогій, кваліфікаванай дапамогі і неабходных лекаў. Медыцынскія ўстановы раёна прашлі мадэрнізацыю. Як прыклад, у Новагалоўчыцкім ФАПе зроблены рамонт двух кабінетаў, набыта сучаснае камп’ютарнае абсталяванне.
Калі гаварыць пра маю гераіню па-за працай, то за белым халатам, за стомленасцю пасля працоўнага дня, хаваецца чалавек са сваімі радасцямі і клопатамі. Яна – любячая маці і бабуля, клапатлівая дачка. Святло яе душы падсілкоўваецца кожным прыездам родных, кожным выздараўленнем пацыента, кожным словам падзякі. Яно адлюстроўваецца ў вачах тых, каму яна дапамагла, і ў сэрцах, хто яе шануе.
Святлана СОБАЛЕВА.
Фота аўтара.








Оставить комментарий