Калі ў сэрцы жыве прыгажосць, то яна заўсёды просіцца вонкі, у вялікі свет, нейкім захапленнем. У Валянціны Жогла такіх захапленняў некалькі: карціны з алмазнай мазаікі, вышыўка і самадзейная творчасць.
Сядзіба Валянціны Канстанцінаўны сустрэла нас кветкамі: яны ярка красаваліся ў палісаднічку і стаялі на прыступках цаглянага ганка. У думках дадалі яшчэ адно захапленне ў скарбонку нашай гераіні – вырошчванне кветак. Гаспадыня запрасіла нас у пакой і пачала нетаропкі аповед пра сваё жыццё:
– Сама я з вёскі Конкавічы, тут вучылася ў школе, сюды прыехала пасля заканчэння Пінскага гідрамеліярацыйнага тэхнікума. Вядома, што ў роднай вёсцы працы па спецыяльнасці не было і пасля замужжа я пайшла працаваць у школу: спачатку лабаранткай, затым піянерважатай, пасля выхавацелем групы падоўжанага дня. Завочна атрымала педагагічную адукацыю ў Мазырскім педінстытуце.
У 1986 годзе Валянціна Жогла стала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а затым з 1991 па 1997 гады – дырэктарам мясцовай школы. З мужам выхавалі трох дзяцей: двух сыноў і дачку. На жаль, тры гады таму муж пайшоў з жыцця. Але Валянціну Канстанцінаўну часта наведваюць унукі, іх у яе 12. Ёсць ужо і 2 праўнукі.
Мая гераіня – жанчына з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, заўсёды ў гушчары жыцця роднай вёскі. З 1994 года Валянціна Жогла ўзначальвае выбарчую камісію Конкавіцкага сельскага савета.
Любоў да рукадзелля ёй прывіла матуля. Жанчына ўспамінае, што ў хаце стаяў ткацкі станок, маці прала кудзелю, таму ж вучыла і дачку. А потым з гэтай кудзелі жанчына ткала чароўнай прыгажосці посцілкі. Першыя ўрокі па вышыўцы малой Валянціне дала таксама матуля. І дзяўчына пачала ўпрыгожваць пасцельную бялізну для сябе і сваіх родных: вышывала просціны, падзоры, накрыўкі на падушкі. На пенсіі з’явілася больш вольнага часу – зноў звярнулася да вышыўкі. Зацікавілася стварэннем карцін з алмазнай мазаікі. Гэты занятак прыйшоўся па сэрцу, захапіў гераіню.
– Адзін час у мяне ў розных месцах ляжалі карціны, вышыўка і вязанне. Надакучыла карціна – іду вышываць. Вышыўка надакучыла – бяруся за вязанне, – расказвае Валянціна Канстанцінаўна.
Свае работы, і з алмазнай мазаікі і вышываныя, майстрыха стварае для родных, знаёмых. Яе вырабы можна ўбачыць у мясцовай школе і ў Конкавіцкім доме народнай творчасці. Красуецца яе вышыўка нават на касцюмах удзельніц самадзейнасці: Валянціна Канстанцінаўна дапамагала сваёй зямлячцы Ганне Зубар аздобіць іх яркімі краскамі.
Установа культуры – яшчэ адна “аддушына” Валянціны Жогла. Самадзейнасцю жанчына захапілася даўно, з сярэдзіны 80-х гадоў. Але падчас працы ў школе не заўсёды хапала часу наведваць клуб. А вось апошніх некалькі гадоў кожную сераду і пятніцу жанчына з сяброўкамі спяшаецца на рэпетыцыі.
– Гуркі не выбраныя, грады не палітыя – не мае значэння – мы спяшаемся ў клуб. Там мы не толькі спяваем, яшчэ і танчым спрадвечныя нашы танцы – “Нарэчанька”, “Пад’іспан”, “Цыганачка”. Раней і нашу мясцовую “Конкавіцкую кадрылю” ладзілі, але для яе патрэбна 4 пары – цяпер столькі танцорак не ўдаецца назбіраць. Восем дзевак, адзін я – так можна сказаць пра нашу самадзейнасць, – усміхаецца суразмоўца. – Акампаніятар у нас Мікалай Галота з вёскі Пціч. І нас, жанчын, якія пастаянна ў самадзейнасці, восем. Мы своеасаблівы “касцяк” мясцовага клуба. Калі ладзім канцэрты, то да нас далучаюцца настаўнікі школы, вучні. Але на жаль вёска старэе, маладое пакаленне не знаходзіць часу для самадзейнасці.
Напрыканцы размовы майстрыха прызналася, што вельмі любіць сваю вёску і не ўяўляе свайго жыцця ў нейкім іншым месцы.
Здароўя Вам, паважаная Валянціна Канстанцінаўна, аптымізму і творчасці!
Надзея СІГАЙ, фота аўтара.






Оставить комментарий