Без эканамічнай службы немагчыма ўявіць ні адну вытворчасць. Іх стабільнае развіццё і поспех – шмат у чым заслуга працаўнікоў гэтай сферы, прафесійна падрыхтаваных людзей, якія займаюцца распрацоўкай плана, глыбокім аналізам, эфектыўным прагназаваннем дзейнасці прадпрыемства, улікам і кантролем розных фінансавых патокаў і таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. Гераіня артыкула – Алена Хатхэ, эканаміст Пціцкага вытворчага ўчастка СУП “Палессе-Аграінвест”.
Алена Пятроўна – ураджэнка вёскі Бярозкі Брагінскага раёна. Пасля школы, не раздумваючы, выбрала шлях, які ляжаў праз лічбы і разлікі, паступіўшы ў Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Атрымаўшы дыплом, вярнулася маладым спецыялістам на малую радзіму ў саўгас “Чырвонае”.
Менавіта там, у родных мясцінах, лёс звёў яе з будучым мужам Валерыкам Хатхэ, які родам з далёкай Рэспублікі Адыгея. Любоў злучыла іх у саюз, але шчаслівае сямейнае жыццё пачалося з сур’ёзных выпрабаванняў. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС маладая пара, у ліку іншых перасяленцаў, змяніла месца жыхарства. Так Алена Пятроўна і Валерык Вячаслававіч апынуліся ў аграгарадку Пціч, які назаўжды стаў для іх другім домам.
На новым месцы Алена Пятроўна спачатку працавала бухгалтарам у мясцовым сельсавеце – гэта дазволіла ёй хутка ўвайсці ў курс спраў і знайсці сяброў. У 2013 годзе жанчына прыйшла на Пціцкі вытворчы ўчастак СУП “Палессе-Аграінвест”, і з таго часу яе жыццё непарыўна звязана з гэтым прадпрыемствам. Спецыфіка работы яе шматгранная. Як кажуць калегі, на ёй трымаецца фінансавы дабрабыт участка. Галоўная задача – не проста звесці дэбет з крэдытам. У сферу яе абавязкаў уваходзіць карпатлівая праца па налічэнні заработнай платы. Акрамя таго, менавіта яна штодня працуе з пуцявымі лістамі, кантралюючы рух тэхнікі і правільнасць спісання гаручага.
Нягледзячы на лічбавую нагрузку і тэрміны справаздачнасці, гераіня артыкула заўсёды ўсё паспявае і сустракае сваіх калег з усмешкай. Цікава, што Алена Пятроўна не адзіная ў сям’і, хто звязаў жыццё з гэтым прадпрыемствам. Яе муж тут таксама працуе інжынерам-механікам. Пагадзіцеся, сапраўдны працоўны тандэм! Разам яны выхавалі дваіх дзяцей – сына Пятра і дачку Валянціну. Сёння дзеці жывуць у Калінкавічах. Для бабулі з дзядулем няма большай радасці, як сустрэча родных людзей на пероне чыгуначнай станцыі “Пціч”. Кожныя выхадныя ва ўтульным доме нашай суразмоўцы гучыць звонкі смех унукаў Арсенія і Пятра, напаўняючы дом сапраўдным шчасцем.
Мы жадаем Алене Пятроўне, каб баланс у жыцці заўсёды быў станоўчым, а лічбы – толькі дакладнымі!
Марыя ТАМКО, фота аўтара.






Оставить комментарий