Мільён тон і гэта не мяжа. Брыгада лавы № 8-1 трымае курс на новыя рубяжы

0
189

Мільён тон і гэта не мяжа. Брыгада лавы № 8-1 трымае курс на новыя рубяжы

Ёсць на Петрыкаўскім рудніку месца, дзе лічбы гавораць гучней за любыя словы. Брыгада лавы № 8-1 зноў пацвердзіла: званне лідараў даецца не выпадкова. За сем месяцаў бягучага года гарнякі здабылі звыш мільёна тон руды – і гэта лепшы паказчык па ўсім ААТ “Беларуськалій”. Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з брыгадзірам Віктарам Варанковым, каб даведацца пра складнікі поспеху і сакрэты прафесійнага майстэрства лепшай брыгады таварыства.

– Па ўсім відаць, быць лідарамі нашай брыгадзе наканавана лёсам. Лава №8-1 – першы запушчаны механізаваны комплекс рудніка. Ужо толькі гэты факт з’яўляецца стымулам для калектыва з месяца ў месяц нарошчваць тэмпы здабычы, – з усмешкай пачаў аповед Віктар Сяргеевіч і з гонарам дадаў: – Сваю работу комплекс пачаў у лютым 2021 года, а ўжо ў студзені 2022-га, менш чым за год працы, наша брыгада пад кіраўніцтвам Яўгена Грамыкі ўзяла свой першы мільён.

Віктар Варанкоў – пераехаў з Любані, аднак карані ў мужчыны петрыкаўскія: тут ён нарадзіўся, бабуля і дзядуля па бацькавай лініі жылі ў вёсцы Вялікія Сялюцічы.
Працоўны шлях Віктара Сяргеевіча на рудніку пачаўся ў 2017 годзе з шахтабудаўнічага ўчастка (па першай адукацыі наш герой цясляр-сталяр). Потым – навучанне і праца горнарабочым вычышчальнага забою. Маладога заціўкаўленага работніка заўважылі – і вось ён ужо машыніст горных вымачных машын. З 2023 – брыгадзір, настаўнік для маладых хлопцаў.

Мільён тон і гэта не мяжа. Брыгада лавы № 8-1 трымае курс на новыя рубяжы– Калектыў складваўся паступова, з 2021 года, – згадвае Віктар Варанкоў. – Былі сярод нас і навічкі, якія прыйшлі з іншых сфер, і вопытныя шахцёры, якія працавалі раней у Салігорску, Любані і на другіх рудніках. Вопытныя калегі дапамагалі моладзі хутка ўвайсці ў рытм, асвоіць тонкасці працы. Сённяшні касцяк брыгады – тыя самыя хлопцы, што стаялі ля вытокаў. Пяць гадоў у забоі тэрмін немалы, асабліва калі ўлічыць, што ўсё пачыналася з мантажу абсталявання і першых, самых цяжкіх метраў.
Неўзабаве мы ўжо ўдзельнічалі ў мантажы іншых механізаваных комплексаў. Гэта быў імклівы, але вельмі каштоўны вопыт, – падзяліўся наш герой.

Адзін з важных этапаў, які канчаткова замацаваў за брыгадай статус адной з самых вопытных, – самастойны перамантаж комплексу і пачатак адпрацоўкі другога выемкавага слупа. У чэрвені мінулага года гарнякі прайшлі поўны цыкл дэмантажна-мантажных работ. Як адзначае брыгадзір, менавіта такія моманты становяцца сапраўднай школай майстэрства: у працэсе ўсплываюць нюансы, з якімі раней не даводзілася сутыкацца, і кожны такі выпадак – гэта новы ўрок, новы вопыт, які працуе ўсім на карысць.

– Цяпер комплекс вядзе валавую выемку пластоў першага паўднёва‑ўсходняга выемачнага слупа на гарызонце – 580 метраў. Даўжыня лавы – 256 метраў, вымаемая магутнасць – 2,1 метра. Здабыча вядзецца высокапрадукцыйным камбайнам SL‑300/550. Наперадзе новы адрэзак даўжынёй 3600 метраў, і брыгада ўпэўнена бярэ курс на яго засваенне, – дадаў намеснік начальніка падземнага горнага ўчастка рудніка Петрыкаўскага рудаўпраўлення Дзмітрый Хаміцэвіч.

Што да складнікаў поспеху і сакрэтаў прафесійнага майстэрства лепшай брыгады таварыства, то, па словах Віктара Варанкова, тут працуе цэлы комплекс фактараў. Не варта ігнараваць і ўдалае размяшчэнне выемачнага слупа па распасціранні: дзякуючы гэтаму на канвеерным штрэку няма ўхілу, што прыкметна палягчае працу. Але галоўны складнік поспеху – гэта, безумоўна, спрацаваная каманда, дзе кожны – прафесіянал сваёй справы

– Мы старанна сочым за станам гідраўлікі, максімальна аператыўна ўхіляем любыя непаладкі, трымаем комплекс у тэхнічна спраўным стане, бо разумеем: своечасовая прафілактыка гарантуе нам бесперабойную працу. – дзеліцца брыгадзір. – Не менш важна і тое, што кожны член нашай брыгады “заточаны” на максімальны вынік, і справа не толькі ў грашовым узнагароджанні, хоць і гэта важна, не ў жаданні быць “мільёншчыкамі”, тут хутчэй высокі ўзровень мужчынскай салідарнасці і прафесійнай адказнасці за агульную справу. Мы адкрыта абмяркоўваем працоўныя пытанні, не замоўчваем праблемы.

Мільён тон і гэта не мяжа. Брыгада лавы № 8-1 трымае курс на новыя рубяжы
Віктар Варанкоў, Раман Іваноў, Дзмітрый Хаміцэвіч

Але сіла брыгады – не толькі ў прафесіяналізме. Агульныя інтарэсы і сяброўскія адносіны гуртуюць калектыў, робяць яго па-сапраўднаму дружным. Так, перадавая брыгада ўмее не толькі здабываць руду.
Жадаем калектыву не змяншаць тэмпу, працаваць без аварый і дабівацца новых працоўных перамог. Няхай наперадзе будзе яшчэ не адзін мільён тон, а ў сем’ях кожнага гарняка пануюць утульнасць і дабрабыт!

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о