Прыгажосць, грацыя і любоў да роднага краю

0
41
Прыгажосць, грацыя і любоў да роднага краюКонкурс “Палеская прыгажуня” пройдзе ў рамках Міжнароднага фестывалю “Кліч Палесся” ў сёмы раз. 10 фіналістак прадэманструюць на сцэне ў аграгарадку Ляскавічы не толькі сваю знешнюю прывабнасць, але і грацыю, таленты, уласцівыя ўраджэнкам беларускага Палесся.
Мерапрыемства абяцае быць цікавым і відовішчным як для ўдзельніц, так і для гледачоў. Кожная прыгажуня выступіць з самапрадстаўленнем, прадэманструе народны беларускі касцюм і, выкарыстоўваючы свае творчыя здольнасці, пазнаёміць нас са сваім родным куточкам. Апошні выхад прыгажунь – фінальны, па яго заканчэнні аб’явяць вынікі.
Петрыкаўскі раён на конкурсе прадставіць Валерыя Таўстунова, студэнтка БДЭУ. Наша прыгажуня нарадзілася ў раённым цэнтры, скончыла сярэднюю школу №2 горада Петрыкава, а зараз вучыцца на факультэце міжнародных эканамічных адносін па спецыяльнасці “Сусветная эканоміка”.
Як адзначае сама дзяўчына, ёй заўсёды падабалася матэматыка і замежная мова. А спецыяльнасць “Сусветная эканоміка” ідэальна злучыла такія дыяметральныя яе інтарэсы, таму абітурыентка выбрала БДЭУ. Дзяўчына захапляецца гульнёй у валейбол. Доўгі час яна наведвала “Тэатр моды” пры Петрыкаўскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, што дазваляе ёй упэўнена адчуваць сябе перад аб’ектывам фотакамеры і на сцэне.
– Мы з сям’ёй заўсёды ездзілі на “Кліч Палесся”, і я з дзяцінства з цікавасцю глядзела, як выступаюць дзяўчаты на конкурсе “Палеская прыгажуня”. У гэтым годзе я загарэлася ідэяй паспрабаваць сябе па той бок сцэны. Калі я падзялілася гэтым з сябрамі і роднымі, яны падтрымалі мяне. Такім чынам, мой удзел у конкурсе – гэта і мае ўнутранае рашэнне, і вера блізкіх і сяброў у мяне, – расказвае Валерыя. – Мне падаецца, што “Палеская прыгажуня” адрозніваецца ад падобных конкурсаў тым, што ён сфакусіраваны на натуральнай прыгажосці, а не на навязаных стандартах. Для журы важна не проста знешнасць, а душа, характар, любоў да свайго краю і ўменне паказаць сябе сапраўднай. “Палеская прыгажуня” больш пра шчырасць, цеплыню і павагу да традыцый, чым пра глянец і шаблоны. Гэты конкурс раскрывае гледачам асобу, а не проста дэманструе ідэальную карцінку. а яшчэ ён аб’ядноўвае дзяўчат з розных куткоў Палесся – у гэтым яго ўнікальнасць.
Падрыхтоўка да фіналу ідзе насычана і ўпарта. Канкурсанткі з раніцы да вечара знаходзяцца ў зале, дзе развучваюць харэаграфічныя звязкі і адпрацоўваюць дэфіле. Кожная дэталь мае значэнне: ад усмешкі да пастаноўкі рук і выправы.
– Для мяне ўдзел у конкурсе – гэта новы і цікавы вопыт. Адносіны з іншымі ўдзельніцамі склаліся сяброўскія і добрыя. Мы падтрымліваем адна адну, адчуваецца хутчэй камандны дух, чым суперніцтва, – дзеліцца Валерыя. – Ад удзелу я чакаю ў першую чаргу новага досведу і незабыўных эмоцый, новых знаёмстваў. Спа-дзяюся, што выпрабаванне дапаможа мне лепш пазнаць сябе.
Напрыканцы размовы мы спыталі ў Валерыі Таўстуновай, чым, на яе думку, адметныя менавіта паляшучкі.
– Мне здаецца, паляшучкі вылучаюцца асобай цеплынёй і шчырасцю. У іх адчуваецца тая самая прыродная жаноцкасць, якая ідзе знутры, яны вельмі трывалыя і працавітыя, таму што палескія дзяўчаты з дзяцінства ведаюць, што такое праца і адказнасць. Пры гэтым яны застаюцца далікатнымі, клапатлівымі і душэўнымі. Палешукі валодаюць пачуццём годнасці і гонару за свой край і вельмі адкрытыя ў зносінах, у іх спалучаецца сціпласць і ўнутраная сіла, уменне трымаць удар і пры гэтым захоўваць усмешку, – ахарактарызавала дзяўчына зямлячак.
Надзея СІГАЙ,
фота з архіва Валерыі Таўстуновай.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о