Па выніках 2025 года ў намінацыі “Лепшая ўстанова сацыяльнай сферы” сярод устаноў спецыяльнай адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і іншых устаноў сферы адукацыі лепшым прызнаны працоўны калектыў ДУА “Петрыкаўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі”, кіраўнік – Надзея Слабадзянюк.
Калі творчыя імпульсы педагогаў складаюцца ў адно цэлае і б’юцца ва ўнісон, калі людзі працуюць на агульны вынік – атрымліваецца нават не калектыў, а сваеасаблівы жывы механізм, якому любыя задачы па плячы. Такой установай па праву з’яўляецца Петрыкаўскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, сваеасаблівы “мурашнік”, дзе ідзе штодзённая карпатлівая праца. Сіла беларускіх жанчын, памножаная на талент, творчасць і любоў да дзяцей, адчуваецца адразу, калі пераступаеш парог дадзенай установы.
Петрыкаўскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі – шматпрофільная ўстанова. У 44 аб’яднаннях па інтарэсах (70 груп) займаецца 700 выхаванцаў. Каля паловы з іх – дзеці з населеных пунктаў раёна, дзе аб’яднанні працуюць пры ўстановах адукацыі і культуры. Узрост тых, хто атрымлівае дадатковую адукацыю – ад 3-х гадоў да 31 года.
У Цэнтры выхаванцы займаюцца танцамі, спевамі, мастацкай творчасцю, у тым ліку і дэкаратыўна-прыкладной: лепяць з цеста, плятуць з паперы, шыюць, вышываюць, вяжуць. Акрамя таго, яны здымаюць анімацыйныя фільмы, ладзяць спектаклі і яшчэ займаюцца вялікай колькасцю самых разнастайных заняткаў, сярод якіх нават батлейка і тэатр мод. Без перабольшання можна сказаць, што кожнае дзіця, якое наведае цэнтр знойдзе сабе занятак па душы.

Установа з’яўляецца сэрцам піянерскага руху Петрыкаўшчыны. На яе базе працуюць дзіцячая і дарослая палаты РА БРПА. Удзел у грамадскім аб’яднанні вучыць са школьных гадоў быць актыўнымі, уносіць свой пасільны ўклад у грамадскія справы.
Акумуліруецца на базе цэнтра і рух школьнага самакіравання, лідарскі рух. Гэта цікавы напрамак работы, які дазваляе заўважыць моладзь з лідарскімі здольнасцямі і развіць іх. Выбітныя старшакласнікі актыўныя не толькі ў грамадскім жыцці, яны вядуць свае старонкі ў сацыяльных сетках, вучацца ўзаемадзейнічаць са сваімі аднагодкамі, ствараць праекты і весці за сабой іншых.
– Кожны педагог – гэта талент, які захоплены сваёй працай, аддаецца ёй на 100%, і дзеці адчуваюць гэта. Хочацца адзначыць кожнага педагога дадатковай адукацыі, якія працуюць у нас: Ірыну Рамашэўскую, Ксенію Коль, Юлію Пасечнік, Жанну Пінчук, Ірыну Пустоціну, Надзею Ярыгу, Юлію Вашкову, Дар’ю Бешымаву – гэта асноўныя нашы работнікі. Ёсць яшчэ і знешнія сумяшчальнікі, у асноўным работнікі ўстаноў адукацыі. Каля 40% перамог на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах у скарбонку раёна прынеслі педагогі і выхаванцы нашага Цэнтра. Прыемна, што гэта не толькі вучні гарадскіх школ, значная колькасць перамог у сельскіх выхаванцаў, – дзеліцца кіраўнік Цэнтра Надзея Слаба-дзянюк. – Хачу адзначыць, што поспех нашай установы – гэта камандная работа, калі кожны педагог узаемадзейнічае з калегамі – разам шукаем ідэі, выслухоўваем прапановы, а затым прыкладаем намаганні, каб увасобіць задуманае ў жыццё. І дзеці таксама ўключаюцца ў гэту работу, працуюць разам з намі, уносяць свае прапановы – кожны ведае, што яго пачуюць.
Зразумела, што немалую дапамогу нам аказваюць і бацькі выхаванцаў, у тым ліку праз дабрачынную дзейнасць.
Хацелася б падзякаваць на старонках газеты кіраўніцтва Пет-рыкаўскага рудаўпраўлення за цудоўную магчымасць рухацца далей: арганізацыя выдзеліла сродкі на набыццё інтэрактыўнай падлогі, што дазволіць развіваць новыя напрамкі дадатковай адукацыі.
Наш калектыў не стаіць на месцы, мы ўвесь час ідзём наперад, шукаем новыя магчымасці формы работы з выхаванцамі.
Надзея СІГАЙ, фота аўтара.







Оставить комментарий