Пачатак верасня – асаблівы час. Калі ў школьных калідорах зноў звініць званок, мы міжволі вяртаемся ў сваё дзяцінства і юнацтва. Гэтыя ўспаміны заўсёды сагрэтыя тварамі людзей, якія былі побач у самыя важныя гады станаўлення, – нашых настаўнікаў.
Для многіх выпускнікоў Чалюшчавіцкай сярэдняй школы такім чалавекам стала Ніна Маркаўна Шурпач, педагог, чыё імя стала сінонімам мудрасці, дабрыні і сапраўднай адданасці сваёй справе.
Менавіта ад былых вучняў мы даведаліся: 3 верасня ветэран педагагічнай працы адзначыць свой 80-гадовы юбілей.

Ёсць людзі, чыё жыццё падобна да светлага маяка: яны не толькі самі ідуць па выбраным шляху, але і асвятляюць дарогу іншым. Менавіта да такіх людзей адносіцца наша гераіня.
Ніна Маркаўна родам з вёскі Капцэвічы Лучыцкага сельсавета. Лёс яе нельга назваць лёгкім: калі дзяўчынцы было два гады, не стала маці. Выхаванне маленькай Ніны ўзяла на сябе ў асноўным бабуля.
Шлях да ведаў у тыя часы быў няпростым. Каб атрымаць адукацыю, дзяўчынцы даводзілася дабірацца пешшу з Капцэвіч у Лучыцы. Роднымі было прынята рашэнне аб пераездзе Ніны да цёткі ў Камаровічы, дзе ў мясцовай школе, яна і атрымала атэстат сталасці. А далей была вучоба на філалагічным факультэце Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута, установе, дзе фарміравалася прафесійнае “я” будучага педагога.
– Другой прафесіі я для сябе і не ўяўляла, – прызнаецца Ніна Маркаўна. – З дзяцінства марыла вучыць дзяцей. І сёння магу з упэўненасцю сказаць: я шчаслівы чалавек, бо не памылілася ў выбары. Работа прыносіла толькі радасць. Я часта ўспамінаю сваіх вучняў, урокі рускай мовы і літаратуры, на якіх я вучыла дзяцей не толькі правілам мовы, але і галоўным жыццёвым ісцінам
Свой педагагічны шлях Ніна Шурпач пачынала ў Шаставічах. Але лёс падрыхтаваў для яе сюрпрыз: на малую радзіму прыслалі настаўніка матэматыкі Фёдара Емяльянавіча. Сустрэча з ім стала лёсавызначальнай: паміж педагогамі ўспыхнула пачуццё, якое перарасло ў моцную сям’ю. Так жыццё маладой настаўніцы набыло новыя гарызонты, напоўненыя любоўю, узаемаразуменнем і агульнай справай – выхаваннем падрастаючага пакалення.
Калі гаворка заходзіць пра асабістае, вочы Ніны Маркаўны напаўняюцца светлым сумам. Яна прызнаецца: з мужам яны пражылі шчаслівыя 27 гадоў сумеснага жыцця. А пасля любімага чалавека не стала.
Перажыць такое цяжкае выпрабаванне ёй дапамаглі дзве галоўныя апоры: дочкі і работа. Менавіта апошняя стала тым выратавальным кругам, які дазволіў не апусціць рукі і працягваць жыць далей.
– Педагагічнай дзейнасці я прысвяціла сорак гадоў. Большую частку гэтага часу аддала Чалюшчавіцкай сярэдняй школе. Для мяне ўстанова адукацыі ніколі не была проста месцам працы – гэта быў другі дом, – працягвае суразмоўца. – Я любіла бясконцую падрыхтоўку да ўрокаў, імкнулася ўнесці ў свае заняткі і школьныя мерапрыемствы нешта новае, цікавае.
Жанчына прызнаецца: асобная старонка ў яе педагагічнай дзейнасці – класнае кіраўніцтва. Для яе кожны вучань быў асобай, якую трэба зразумець і падтрымаць. Нават сёння, праз гады пасля выхаду на заслужаны адпачынак, яна памятае ўсіх сваіх выхаванцаў і цікавіцца іх справамі.
Усё сваё прафесійнае жыццё заўтрашняя юбілярка прысвяціла навучанню і выхаванню дзяцей. Але яе талент не абмяжоўваўся толькі школьнымі сценамі. У вёсцы Другая Слабодка яна стала сапраўдным рухавіком культурнага жыцця, дзе сабрала мясцовы хор, у які з ахвотай ішлі і дарослыя, і дзеці. Гэты калектыў стаў сапраўднай творчай сям’ёй, а іх выступленні ведалі і любілі ва ўсім раёне. Разам яны аб’ездзілі дзясяткі вёсак, дорачы людзям радасць і добры настрой.
Мая гераіня з тых, чыя энергія не ведае ўзроставых межаў. Яна не проста пражывае свае дні, а напаўняе іх, у тым ліку і творчасцю.
– Калі ў жыцці надыходзілі цяжкія моманты, пачала знаходзіць аддушыну ў літаратурным слове, – прызнаецца жанчына. – Пачала пераносіць свае думкі і пачуцці на паперу. Так нараджаліся вершы. З цягам часу паэзія стала для мяне, у першую чаргу, спосабам дыялогу з сабой.
Гераіня аповеду жыве ў сямейным доме ў вёсцы Вялікае Поле. Яе галоўная радасць і гонар – тры дачкі. Двое выбралі нялёгкі, але высакародны шлях педагога, а трэцяя прысвяціла сябе медыцыне. Сёння яны яе надзейная апора і падтрымка. Акрамя дачок, у зямлячкі падрастаюць чацвёра ўнукаў і двое праўнукаў, якія прыносяць у яе дом святло і ўсмешкі.
Вядома, жыццё ў вёсцы мае свае нюансы. Ніна Маркаўна шчыра прызнаецца: часам становіцца сумна, бо ў Вялікім Полі засталося ўсяго чатыры жыхары, і кола зносін вельмі абмежаванае. Аднак яна не застаецца ў ізаляцыі. На дапамогу прыходзяць родныя, якія заўсёды побач, і былыя выпускнікі, якія не забываюць свайго настаўніка. Гэтая сувязь пакаленняў, цеплыня ўдзячных сэрцаў і любоў блізкіх дапамагаюць ёй захоўваць аптымізм.
Самі былыя вучні прызнаюцца: ужо будучы дарослымі людзьмі, часта звяртаюцца да свайго настаўніка за парадай. І былы педагог заўсёды знаходзіць патрэбныя словы, каб падтрымаць.
Заўтра многія землякі, якія калісьці сядзелі за партамі ў Чалюшчавіцкай школе, з цеплынёй успомняць свайго педагога ў яе 80-гадовы юбілей.
Рэдакцыя “Петрыкаўскіх навін» далучаецца да віншаванняў! Дзякуй вам, шаноўная Ніна Маркаўна, за вашу працу, за ваша сэрца, якое вы шчодра аддавалі дзецям, і за тое, што нават праз гады застаецеся прыкладам сапраўднага Настаўніка.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные