Петрыкаў – горад для жыцця

0
1197

Петрыкаў – горад для жыццяУ пачатку года хочацца падвесці нейкі вынік, зрабіць пэўныя высновы, прааналізаваць, як асабістыя жыццёвыя дасягненні, так і нейкія грамадскія з’явы ці падзеі.

Праходзячы паўз дамы па вуліцы Дружба, якія за даволі кароткі час утварылі цэлы мікрараён, часта разважала: як тут жывецца моладзі?

З такім пытаннем я звярнулася да адной з маладых маці з вуліцы Дружба, Сняжаны Еўтушэнка. Суразмоўца з мужам і маленькай дачушкай жывуць тут ужо год.

Сняжана і яе муж Іван – ураджэнцы раёна, у шлюбе ўжо тры гады. Пажаніліся, калі дзяўчына вучылася ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Івана Шамякіна. Спачатку маладая сям’я жыла ў горадзе Мазыры. Сняжана працавала майстрам вытворчага навучання ў Мазырскім дзяржаўным каледжы геалогіі, а муж – на ААТ “Беларускабель”.

Жыццё ў горадзе маладой пары падабалася – больш магчымасцяў, чым у вёсцы, але жылля свайго не было. Кватэру прыходзілася здымаць. Плата за арэнду і камуналку “з’яднала” палову заробку.

Таму, калі мужу прапанавалі працоўнае месца на ААТ “Беларуськалій” у Петрыкаве, пара доўга не вагалася. Спачатку жылі ў бацькоў мужа ў вёсцы Залессе, але ў хуткім часе сям’і выдзелілі двухпакаёвую арэндную кватэру ў раённым цэнтры.

Пераезд у Петрыкаў дазволіў атрымаць камфартабельнае, добраўпарадкаванае жыллё. У кватэры раней ужо нехта жыў, але яна была адрамантавана: набылі мэблю і засяліліся.

– Лічу вялікім станоўчым момантам наяўнасць у кватэры газавага ацяплення. У зімовы перыяд магчыма скарэктаваць тэмпературу ў жылым памяшканні, не патрэбна чакаць пачатку ацяпляльнага сезону, а ўключыць сабе ў асобнай кватэры цяпло. З маленькім дзіцям гэта вялікі бонус ды і самім камфортна.

Двор побач з домам цудоўна абсталяваны: ёсць пляцоўка з гульнёвым і спартыўным абсталяваннем. На ёй можна бавіць час з дачушкай ды і самаму пры жаданні заняцца спартыўнымі практыкаваннямі, тым больш што праз дарогу будуецца яшчэ і спартыўны комплекс. Побач з домам паліклініка і ведамасны дзіцячы сад, што таксама з’яўляецца зручным для нас, як для маладых бацькоў, – канстатуе Сняжана.

Гераіня адзначыла, што ёй падабаецца прыгажосць раённага цэнтра, у горадзе шмат робіцца для камфорту жыхароў і гасцей. Петрыкаў – “кампактны” горад, усё ў крокавай дасягальнасці: парк, кінатэатр, крамы, маюцца маркетплейсы. Дзве школы, гімназія, школа мастацтваў, Дом рамёстваў і РДК, безліч аб’яднанняў па інтарэсах – цудоўная магчымасць развівацца самому і выхоўваць дзяцей.

Зараз маладая маці знаходзіцца ў адпачынку па догляду за дзіцям да 3-х гадоў. Але Сняжана ўпэўнена, што калі прыдзе час выходзіць на працу, то працоўнае месца ў горадзе знойдзецца, тым больш, што ў яе некалькі спецыяльнасцей: швачка, парыкмахер, настаўнік абслуговай працы і выяўленчага мастацтва.

– Я лічу, што Петрыкаў – горад для моладзі, горад для жыцця! – падвяла вынік нашай размовы Сняжана.

Надзея Сігай.
Фота з сямейнага архіва.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о