Сэрца, аддадзенае роднаму слову

0
65

“Шпарка крочыла з ахапкам кветак
Вера Палтаран — i валашковым цветам цвiлi яе вочы…”
Ала Сямёнава

 

Сэрца, аддадзенае роднаму слову

Петрыкаўшчына багатая на таленты. Адзін з такіх талентаў – Вера Сямёнаўна Палтаран, якую па праву называюць сапраўдным дзеячам айчыннай культуры другой паловы XX-га стагоддзя, таленавітай пісьменніцай, прыроджаным рэдактарам.

Нарадзілася яна ў 1919 годзе ў вёсцы Бабунічы, і, па ўспамінах знаёмых, марыла стаць ветэрынарам, каб дапамагаць жывёлам. Але ў 1937 годзе дзяўчына з далёкай палескай вёскі едзе ў сталіцу і паступае ў Мінскі педагагічны інстытут імя Максіма Горкага. Ваеннае ліхалецце перапыняе вучобу ў навучальнай установе. Вера Палтаран эвакуіруецца і працуе на Барміна-Вянецкім абарончым заводзе ў Горкаўскай вобласці. Але прага да атрымання адукацыі не згасае ў цяжкія часы выпрабаванняў. Як толькі з’яўляецца першая магчымасць – у Маскоўскай вобласці на станцыі Сходня ўзнаўляе работу Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт – Вера адразу паступае туды, каб працягнуць навучанне. У 1945 годзе дзяўчына заканчвае вучобу і пачынае працаваць стыльрэдактарам у газеце “Чырвоная змена”. Загадчык аддзела гэтай газеты Сцяпан Кухараў успамінаў: “Блакiтнавокая, зграбная i далiкатная бяляначка‑паляшучка стала ўсеагульнай любiмiцай”.

Пазней Вера Палтаран пераходзіць на пасаду стыльрэдактара ў газету “Літаратура і мастацтва”. Стыльрэдактар – чалавек, які робіць тэкст зразумелым, гарманічным, лёгкім для чытання і адпаведным зададзенаму фармату, не мяняючы пры гэтым сутнасць і аўтарскую задуму. У гэтыя гады Вера Сямёнаўна працавала з будучымі класікамі беларускай літаратуры, такімі як Іван Мележ, Іван Шамякін. Пры гэтым яна заставалася чулым і спагадлівым чалавекам, які адносіўся да кожнага, як да роднага і страўся дапамагчы.

З 1953 года Вера Сямёнаўна становіцца рэдактарам аддзела крытыкі ў часопісе “Маладосць”. Часопіс “Маладосць” – выданне, якое дало старт у літаратурнае жыццё не аднаму вядомаму паэту і празаіку. І многія называюць выбітную зямлячку настаўніцай і выхавальніцай маладых літаратурных талентаў. Калегі адзначаюць, што Вера Сямёнаўна выключна ведала родную мову, валодала культурай слова і вельмі глыбінна яго адчувала.

У 1973 года Вера Палтаран становіцца загадчыкам аддзела крытыкі і літаратуразнаўства выдавецтва “Мастацкая літаратура” і працуе на гэтай пасадзе амаль да апошніх сваіх дзён. Менавіта дзякуючы яе працаздольнасці і таленту тысячы літаратурных твораў масцітых творцаў і пачынаючых аўтараў убачылі свет.

Вера Сямёнаўна аставіла значны творчы след: крытычныя артыкулы, рэцэнзіі, пераклады, публіцыстыка, аповесці. Як крытык і публіцыст яна друкавалася на старонках газет і часопісаў. Стварала бездакорныя партрэты-характарыстыкі літаратараў, нічога не спрашчала і не прыхарошвала, умела ацаніць і прызнаць розныя пісьменскія таленты. Публіцыстыка давала ёй магчымасць расказваць пра жыццё праз сваё бачанне. Цікавасць да чалавека, яго ўнутранага свету, адказнасць перад сабой і перад грамадствам, сучаснасць беларускай вёскі, яе людзей, іх клопаты – усе гэтыя тэмы ў цэнтры ўвагі журналіста Веры Палтаран. Цэлы шэраг яе нарысаў, якія атрымалі высокую адзнаку крытыкі і грамадскасці, прысвечаны роднаму Палессю: “Дзівасіл”, “Ключы ад Сезама”, “Над зямлёй палескай”, “За ракой Гарынню”, “Лён мой, лён”.

За кнігу “Ключы ад Сезама” і нарыс “Дзівясіл” Вера Палтаран была ўзнагароджана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя П.М.Лепяшынскага, а ў 1979 годзе зямлячка адзначана званнем Заслужанага работніка культуры.

Памерла Вера Сямёнаўна ў свой 70-ты дзень нараджэння, 28 сакавіка.

Шмат лірычных і праніклівых слоў прысвяцілі паэты і празаікі свайму настаўніку і крытыку, аддаючы даніну павагі Веры Сямёнаўне як чалавеку і прафесіяналу.

Надзея СІГАЙ,
фота з інтэрнет-крыніц.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о