Раённы злёт перадавікоў – гэта заўсёды момант ісціны, калі працоўныя будні змяняюцца святам, а лепшыя з лепшых атрымліваюць заслужанае прызнанне.
У гэтым годзе пераможцам штогадовага раённага конкурсу ў намінацыі “Кіраўнік года” стаў Юрый Апановіч. Напярэдадні ўрачыстасці мы наведалі Нацпарк “Прыпяцкі” і пагаварылі з яго генеральным дырэктарам пра прызнанне, паказчыкі і перспектывы.
– Юрый Аляксандравіч, віншуем з ганаровым званнем. Упэўнены, гэтая ўзнагарода – не проста прызнанне асабістых заслуг, а знак якасці ўсёй работы, праведзенай пад вашым кіраўніцтвам. Што адчулі, калі даведаліся, што намінацыя ваша?
– Любому кіраўніку, безумоўна, прыемна ўсведамляць, што яго праца і праца калектыва, які ён узначальвае, высока адзначаецца з боку мясцовай улады. Але апроч моцных пазітыўных эмоцый адчуў і ступень адказнасці за нашыя будучыя рашэнні, якасць працы і вынікі агульнай справы.
– Па выніках 2025 года “Прыпяцкі” традыцыйна дэманструе годны ўзровень па ўсіх асноўных паказчыках дзейнасці. Якія кіраўнічыя рашэнні сталі вырашальнымі для дасягнення такіх высокіх паказчыкаў?
– Сапраўды, па выніках работы за 2025 год мы “плюсуем” па ўсіх паказчыках. Так, намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата па нашай прыродаахоўнай установе склала 2098,9 рублёў або 121,6% да адпаведнага перыяду 2024 года, экспарт тавараў – 6851,9 тысяч долараў ЗША або 120,5% да 2024 года. Што да экспарту турыстычных паслуг, то тут мы дадалі 113,8 % да мінулагодняга паказчыка.
Калі весці гаворку пра кіраўнічыя рашэнні, то яны, як правіла, прымаюцца аператыўна. Разам з тым ёсць стратэгічныя кіраўнічыя рашэнні, якія працуюць на гады наперад – гэта планы развіцця, мадэрнізацыі. Рашэнні, якія прымаліся “ўчора”, даюць вынікі сёння – гэта інвестыцыі. Бо без інвестыцый няма будучыні.
– Як вы матывуеце калектыў “Прыпяцкага” на выкананне планаў, за якія парк рэгулярна атрымлівае ўзнагароды?
– У нас склалася дастаткова развітая і гнуткая сістэма матэрыяльных заахвочванняў. Кожны работнік добра разумее, што яго праца – якаснае выкананне пастаўленых задач, або праца ў звышвызначаны час або дадатковая праца, заўсёды будуць заўважаны і ўзнагароджаны. Гэта стымулюе калектыў да працы на вынік. Акрамя гэтага, спрыяльны мікраклімат павышае зладжанасць у каманднай рабоце, калі кожны спецыяліст пачынае разумець не толькі свае, але і калектыўныя задачы, уклад кожнага на карысць агульнай справы.
– “Прыпяцкі” вядомы ўменнем “ператвараць адходы ў даходы”. Якія новыя тэхналогіі ў вытворчасці піламатэрыялаў і перапрацоўцы драўніны былі ўкаранёны ў 2025 годзе?
– У мінулым годзе мы працягвалі выпуск прадукцыі лесапілавання. З мэтай мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі была набыта і ўстаноўлена новая высокапрадукцыйная лінія лесапілавання «Krafter», якая на сённяшні дзень з’яўляецца адным з драйвераў росту і развіцця нашага прадпрыемства. Ну і, вядома ж, пелетная вытворчасць. Гэта перапрацоўка адходаў у высакаякаснае паліва, на якое штогод павялічваецца попыт.
– Вы раней адзначалі, што экспарт і турызм павінны быць па-за санкцыямі. Ці атрымалася ў мінулым годзе пашырыць геаграфію паставак прамысловай прадукцыі парка?
– Акрамя паставак прадукцыі ў краіны, з якімі “Прыпяцкі” супрацоўнічае дастаткова даўно, у мінулым годзе быў наладжаны экспарт паліўных пелет у Паўночную Карэю і пастаўка піламатэрыялаў у Рэспубліку Узбекістан.
Радуе нас і тое, што на паляванне пачынаюць прыязджаць еўрапейскія паляўнічыя з Італіі, Германіі, Чэхіі і Польшчы.
– Нацыянальны парк прызнаны лідар і ў турыстычнай галіне. Якія новыя аб’екты ці паслугі сталі “магнітам” для наведвальнікаў у 2025 годзе?
– Па выніках года найбольшай папулярнасцю сярод турыстаў па-ранейшаму карысталіся нашы турыстычныя аб’екты Музей прыроды і Сафары-парк. У Музеі прыроды з’явілася новая паслуга па знаёмстве з нацыянальным паркам з дапамогай 3D-тура. З мэтай развіцця турыстычнага патэнцыялу і прыцягнення новых турыстаў у мінулым годзе былі добраўпарадкаваны месцы адпачынку на возеры Чырвонае і ў аграгарадку Ляскавічы: устаноўлены летнія домікі для камфортнага пражывання на нашай тэрыторыі.
– Як удаецца выконваць баланс паміж актыўным развіццём прамысловасці, турызму і вашай галоўнай місіяй – захаваннем унікальных поймавых дуброў і балот Палесся?
– Захаванне прыродных комплексаў з’яўляецца асноўнай мэтай нашай дзейнасці. Для захавання пойменных дуброў – жамчужыны лясоў нацыянальнага парку – на працягу апошніх трох гадоў актыўна праводзіцца стварэнне лясных культур дуба чарэшчатага ў пойме Прыпяці. За гэты час створана 122,7 гектары новых насаджэнняў поймавага дуба. З мэтай захавання нашых унікальных балот праводзяцца мерапрыемствы па іх аднаўленні.
– У вашай дэпутацкай праграме значыцца падтрымка таленавітай моладзі. Як сёння нацпарк замацоўвае маладыя кадры ў Ляскавічах?
– Замацаванне маладых кадраў – дастаткова карпатлівая праца, якая патрабуе асаблівай увагі і рэсурсу. Разам з тым гэта ўклад у будучыню нашага прадпрыемства ў прыватнасці і прыродаахоўнай галіны ў цэлым.
Апрача годнай аплаты працы, мы забяспечваем маладых спецыялістаў камфортным і сучасным жыллём: пацверджаннем маіх слоў з’яўляецца нядаўняя здача шматкватэрнага жылога дома ў аграгарадку Ляскавічы, і гэта, між іншым, не апошні жылы аб’ект, які плануе ўзвесці “Прыпяцкі” ў кароткатэрміновай перспектыве. Належную ўвагу мы надаем інфраструктуры нашага аграгарадка, бо зручнасць паўсядзённага жыцця і магчымасць насычанага адпачынку даўно сталі нормай сучаснага грамадства. Усе нашы паслугі прадстаўлены для супрацоўнікаў на выгадных ільготных умовах, можна сказаць за сімвалічны кошт, і кожны мае магчымасць наведваць басейн, спа-працэдуры, солевы пакой, масажны кабінет, трэнажорную залу. А ў турыстычны сезон магчымасцяў становіцца яшчэ больш. Дастаткова ўспомніць хаця б сплаў на байдарках і іншыя віды экалагічнага турызму на ўлонні першароднай прыроды Палесся.
Мне прыемна бачыць, як нашыя маладыя людзі сустракаюць у Ляскавічах сваіх бацькоў, а тыя застаюцца задаволеныя ўмовамі, у якіх працуе і жыве іх дзіця.
Важны напрамак – прафесійны патэнцыял моладзі. Учарашнія выпускнікі навучальных устаноў ніколі не застаюцца без кампетэнтнага куратара і дапамогі старэйшых калег.
Маладыя людзі актыўна навучаюцца па ўсёй краіне, пашыраючы свае кампетэнцыі: гэта і наведванне курсаў, семінараў, а таксама атрыманне дадатковай адукацыі. Мяне ж, як кіраўніка, такія ініцыятывы вельмі радуюць. Па выніку, праз два-тры гады мы маем у сваім калектыве граматных спецыялістаў, якія не толькі дакладна ўсведамляюць далейшае сваё прафесійнае развіццё, але і жыццёвыя планы звязваюць менавіта з Ляскавічамі.
– Якую галоўную мэту вы ставіце перад сабой і ўстановай на 2026 год, каб утрымаць высокую планку “перадавіка”?
– Мэта заўсёды адна: плённа працаваць, паляпшаць ужо існуючыя вытворчасці і, вядома ж, планаваць і рэалізоўваць новыя праекты і напрамкі дзейнасці.
Гутарыла Галіна КАЗАК.
Фота Марыі ТАМКО.







Оставить комментарий