Зрабіць сабе выклік – і рэалізаваць ідэю

0
433

Ад прадстаўнікоў старэйшага пакалення можна часта пачуць, што моладзь сёння не такая, якой была раней. Маўляў, яна нічым не захоплена, не прывучана да працы, усё больш залежыць ад камп’ютараў і гаджэтаў. Жадаю заступіцца за маладых людзей, абвергнуць гэтыя перасуды і паказаць, што маладыя спецыялісты, якія прыходзяць на працоўныя месцы, не так ужо і далёка адышлі ад сваіх больш дасведчаных калег.

Зрабіць сабе выклік – і рэалізаваць ідэюНаша сённяшняя гераіня – унікальная асоба са шматлікімі талентамі. Марыю Тамко – музычнага кіраўніка другой гарадской школы – прырода надзяліла не толькі прыгажосцю, але і ідэальным слыхам.

“Так, я сапраўды добра чую мелодыю і магу хутка яе перакласці на ноты, – пачала дыялог Марыя. – Гэта і паўплывала на тое, што я выбрала сабе прафесію, звязаную з музыкай. А ўсё пачалося з таго, што тата яшчэ школьніцай запісаў мяне ў музычную школу па класе акардэон. Навучанне ў Петрыкаўскай дзіцячай школе мастацтваў не магу назваць лёгкім, аднак са шматлікімі рэчамі я спраўлялася хутчэй за сваіх аднагодкаў.

Пасля заканчэння 9 класа Макарыцкай школы паступіла Мазырскі музычны каледж. А літаральна год таму атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Выкладчык / дырыжор”.

Першы час Марыя працавала ў Гомельскім педагагічным каледжы канцэртмайстрам, бо выйшла замуж і па размеркаванні паехала за мужам у абласны цэнтр.

Зрабіць сабе выклік – і рэалізаваць ідэю“Так, гэта быў унікальны час для мяне, набыццё досведу, але трэба аддаць належнае: са студэнтамі, якія ўжо вызначыліся са сваёй будучай прафесіяй, працаваць значна прасцей. Яны больш матываваныя, у школе ж, дзе я працую зараз (планы змяніліся і мы вярнуліся з мужам на радзіму ў Петрыкаўскі раён), сітуацыя іншая: дзяцей трэба натхняць”.

Многія заўважылі, што на Петрыкаўшчыне адрадзілася любоў да КВЗ сярод вучняў сярэдніх школ. Апошнія гады конкурс набыў нібыта новы статус – удзельнічаць у ім стала вельмі прэстыжна. І Марыя ў сваёй установе адукацыі ўнесла значны ўклад у развіццё гумару: каманда сярэдняй школы № 2 пад яе кіраўніцтвам заняла прызавое месца ў фінале чэмпіянату абласнога сезона 2023 года гульняў КВЗ “У будучыню з усмешкай”.

“Раней школьнікаў нельга было загнаць на рэпетыцыі, а сёння ўжо ў гуртку не хапае на ўсіх месцаў, – працягнула настаўніца. – Мы з кіраўніцтвам школы думаем, як на наступны год павялічыць колькасць месцаў”.

Марыя актыўна дапамагае ў валанцёрстве, у якасці члена Маладзёжнага Савета пры раённым Савеце дэпутатаў удзельнічае ў дабрачынных канцэртах, рэалізуе праекты, арганізуе вольны час школьнікаў, падае прыклад і з’яўляецца стымулам для сваіх вучняў.
У вольны час настаўніца разам з мужам любіць падарожнічаць па краіне: “Мне толькі прапануй некуды паехаць, я заўжды “за”! А яшчэ я вельмі люблю фатаграфаваць. Нядаўна наведвалі Тураў – так я цэлы рэпартаж зняла на камеру”.

Нягледзячы на свой малады ўзрост, Марыя ўжо мае павагу ад калег, вучняў, разам з мужам набылі жыллё, яе думкі падтрымлівае кіраўніцтва і дапамагае рэалізоўваць. На пытанне, чаго не хапае яшчэ, гераіня адказала так: “Жадаю зрабіць сабе выклік і рэалізаваць якую-небудзь неверагодную творчую ідэю”.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о