Загадчыцы аптэкі № 130 Наталлі Гарбацэвіч прысвоена званне “Лепшы па прафесіі” з занясеннем на раённую Дошку гонару.

Сустрэліся мы з Наталляй Аляксееўнай на яе рабочым месцы. Вольнай хвілінкі ў нашай гераіні амаль няма. Пакупнікі то пытаюць пра вітаміны, што лагічна ў гэты час, то пра новыя лекі, а хто прыйшоў і проста пагаварыць. Але фармацэўт знайшла час распавесці пра сваё жыццё і працу.

Чалавек нарадзіўся, каб бачыць прыгожае– Нарадзілася я ў Капцэвічах. Там увесь мой радавод. Яшчэ ў школе цягнула да медыцыны, падабалася дапамагаць людзям. Але вось пацешная гісторыя! Калі з сястрой гулялі ў дзяцінстве, то яна лячыла лялек, а я ім была настаўніцай. У жыцці атрымалася наадварот. Я працую ў медыцыне (ужо больш за 30 гадоў), а яна – у педагогіцы.

Пасля 8 класа паступіла ў Магілёўскае медыцынскае вучылішча на фармацэўтычнае аддзяленне. Па завяршэнні вучобы, мяне накіравалі ў Брэсцкую вобласць, дзе адпрацавала 2 гады. Затым выйшла замуж і вярнулася на малую радзіму. У пачатку была асістэнтам, затым стала загадчыцай аптэкі ў Капцэвічах.
У Ляскавічы на працу дабіраюся рабочым аўтобусам ужо два гады. Транспарт – галоўнае, на што я арыентавалася, калі паўстала пытанне з працай. Справа ў тым, што, калі я пайшла на пенсію, аптэка ў Ляскавічах мела патрэбу ў спецыялісце. Прапанавалі мне. І я не змагла адмовіць, бо працаваць люблю.

Лекі заўсёды прыходзяць хутка, праз дзень пасля заяўкі. Маецца ўсе неабходнае. У кола маіх абавязкаў уваходзіць і ўборка прылеглай тэрыторыі.
На вёсцы не так ужо і проста працаваць. Людзі прыходзяць не толькі з фізічнымі хваробамі, а і з душэўнымі. Стараюся дапамагчы ім добрым словам, падтрымаць.
У жыцці ўсякага хапала, але я гляджу на свет з пазітывам. Дзе яго чэрпаю? Напэўна, з унутраных якасцяў. Прытрымліваюся прынцыпу: “Мы знешне рэдка можам нешта змяніць, а ўнутры сябе – цалкам”. Сябе можна натхніць на тое, каб шанаваць і любіць гэтае жыццё, радавацца мірнаму бла-кітнаму небу.
Лічу, што чалавек нарадзіўся, каб бачыць прыгожае. Жыццё кароткае. Цяжкасці таксама трэба любіць. Без іх жыццё было б прэсным. Тое, што дадзена проста так, на жаль, не шануецца.

І работу сваю вельмі люблю. І радзімай сваёй захапляюся. Тут ёсць што шанаваць. Усюды прыгожа і чыста. Дзецям і ўнукам сваім кажу: вучыцеся бачыць прыгожае! Гэта вялікае шчасце – жыць у мірнай краіне.

Зыходзячы з адпрацаваных гадоў, магу параіць людзям больш падтрымліваць арганізм вітамінамі. Больш есці гародніны і садавіны. Берагчы нервовую сістэму. Сучасны чалавек атрымлівае столькі інфармацыі штодня, што трэба ўмець адпачываць. Беражліва ставіцца да страўнікава-кішачнага тракту. Больш гуляць на свежым паветры.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о