Заканамерныя памылкі – рэкордны лік паражэння

0
366

У нядзелю, 25 чэрвеня, петрыкаўскі “Шахцёр” прымаў на хатняй арэне “Прыпяць” клуб “Віцебск” у рамках 13-га тура першай лігі Нацыянальнага чэмпіянату Беларусі па футболе.

Заканамерныя памылкі – рэкордны лік паражэнняХоць статыстыкі папярэдніх сустрэч наўпрост не існуе – “калійная” дружына сустракалася з “віцяблянамі” ўпершыню, усе прыхільнікі футбола разумелі: матч гаспадароў чакае няпросты. У першую чаргу мясцовыя аматары згадвалі элітнае мінулае сапернікаў: яшчэ летась футбольны клуб з берагоў Заходняй Дзвіны выступаў у вышэйшай лізе, што, зразумела, накладала адбітак на яго навыках і маральных здольнасцях. Але, на маю думку, куды цікавей было б зазірнуць у на-дзённыя дасягненні паўночнай дружыны.

Не магу сказаць, што “Віцебск” вельмі ўражвае поспехамі – хутчэй забірае сваё. За 11 сустрэч каманда святкавала 6 перамог над сярэднякамі і аўтсайдарамі, адзначылася нічыёй і 4 разы цярпела паражэнні акурат ад тых клубаў, што знаходзяцца вышэй “Віцебска” ў футбольным “табелі аб рангах”. Сярод перамог толькі два матчы скончыліся з упэўненым лікам 3:0, у той час як усе астатнія гульні, апрача нічыёй, мелі мінімальную перавагу аднаго з апанентаў. Іншае пытанне, ці мелі гаспадары надзейны план на гульню?

Распачаўся матч даволі бадзёра. “Шахцёр” выглядаў годна: кіпер Цімафей Ціхановіч адчуваў сябе ўпэўнена, палявыя ігракі чапляліся за мяч і нават пачалі забіраць ініцыятыву ў даволі роўнай гульні. Прынамсі здавалася, што яны больш валодаюць мячом і шукаюць слабыя месцы ў абароне гасцей. У выніку, на 27-й хвіліне паўабаронца жоўта-чорных Мікалай Сотнікаў, атрымаўшы мяч, шпарка прайшоў па цэнтры і, пакі-нуўшы аднаго абаронцу “Віцебска” за спінаю, вырашыў не сутыкацца яшчэ з парай сапернікаў і прабіў у правую дзявятку – 1:0.

І зноў залунала па-над полем надзея на выдатны матч, а за ёй – хваляванне пра дрэннае ўменне стрымліваць атакі сапернікаў напрыканцы тайма.
Так і выйшла… Яшчэ добрых хвілін дзесяць гаспадары ціснулі на “Віцебск”, але павялічыць лік не здолелі, а бліжэй да канца першай паловы мяч больш утрымліваўся на палове “Шахцёра”. Як вынік – вострая атака і вуглавы: просты розыгрыш з закідам на “віцябляніна”, ад якога, чамусьці, апека адышла на небяспечную адлегласць і не здолела перахапіць перадачу – 1:1, свісток, перапынак.

Здаецца, я ўжо выказваў раней свой сціплы план на гульню “Шахцёра” ў другім тайме, які можна ўвасобіць у некалькіх простых словах: забывацца і пачынаць нанова! Але цуду не адбылося, нібыта эмацыйнае перагаранне становіцца неад’емнай часткай пасля кожнага забітага мяча “салевікоў” і “салевікам”…
Пэўна, нават тыя, хто не быў на гульні, зразумелі, да чаго я вяду свой футбольны аповед. Пачаць нанова ўдалося як раз “Віцебску”. У арсенале каманды можна было пабачыць і ўдары па варотах здалёк, і доўгія, пераразаючыя абарону гаспадароў перадачы, і гульню на другім паверсе, і пасы пяткай. Пакідаю на суд усіх прысутных на сустрэчы заўзятараў вызначыць, што паслужыла прычынай разгрому “калійшчыкаў”: разгубленасць ад разнастайнасці гульні апанентаў ці элементарная непадрыхтаванасць, а можа абедзве акалічнасці? Не бачу неабходным і апісваць кожнага “матылька”, што заляцеў у сетку гаспадароў. Давайце проста пералічым іх і пастараемся вызначыць нейкую агульную заканамернасць у памылках.
Так, ужо на 50-й хвіліне “Віцебск” выходзіць наперад. На 57-й павялічвае адрыў, а калі хранометр адлічыў 61-ю хвіліну табло ўжо паказвала 1:4.

Пасля гэтага надвор’е канчаткова змянілася і пачаўся халодны лівень. Але гэта ні на кроплю не паўплывала на мэтанакіраванасць гасцей. На 72-й хвіліне яны скарысталіся дзіцячай памылкай “Шахцёра” ў абароне, а калі да канца асноўнага часу заставалася 9 хвілін, футбалісты ў сіняй форме паставілі кропку – 1:6, аформіўшы рэкордны лік тура.
Зразумела, што ніякага кароткага адказу на пытанне “чаму адбыўся разгром?” даць не магчыма – тут спрацавала сукупнасць прычын, галоўная з якіх, напэўна, псіхалагічная. Але, прыгледзеўшыся больш уважліва, узнікае іншае, гульнявое пытанне: калі каманда ў другой палове амаль не выходзіла да варот саперніка, не здолела высока сустракаць віцебскае нападзенне, то навошта было займаць пазіцыі бліжэй да цэнтра поля? З гульні ніводнага разу колькасць абаронцаў не была большай за колькасць нападаючых, хіба толькі ў меншасці жоўта-чорныя сустракалі гасцей. Куды падзелася хуткасць? Здаецца і палявыя ігракі недалёка, але як жа марудна яны даганялі нападаючых сапернікаў… Калі раней мы адзначалі амаль адсутнасць гульні на другім паверсе, то зараз “салевікі” неяк зусім не змагаліся за мяч: ці то не відаць было апекі ўвогуле, ці то апека пакідала вялікую прастору для дзеянняў апанентаў.

Такім чынам, “Шахцёр” ужо якую сустрэчу запар застаецца на перадапошнім месцы з нязменным рахункам ачкоў, якіх у каманды толькі 5, пасля 12-ці матчаў. Так жа няўдала выступаюць і “Асіповічы”, што маюць у сваім актыве 4 балы і размяшчаюцца на апошнім радку турнірнай табліцы. У бліжэйшага канкурэнта “Слоніма” – 11 ачкоў, што ў надзённых рэаліях здаецца непамерна вялікай колькасцю, каб дагнаць гэты клуб.

Ужо на гэтым тыдні, нядзельным надвячоркам “калійшчыкі” завітаюць у госці да “Жодзіна-Паўднёвага”, а на наступных выхадных, 9-га ліпеня, у 17 гадзін будуць прымаць “Ніву” з Доўбізна – чэмпіёна леташняй другой лігі. Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о