Сведка Айчыннай вайны: “Шмат страшных хвілін прынёс той час”

0
1082

У Грабаў запрасіла нас старшыня сельскага Савета. Расказала, што ў аграгарадку жыве жанчына з вялікім жыццёвым вопытам, складаным лёсам і актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Прадстаўнік улады запэўніла, што знаёмства з зямлячкай будзе запамінальным. Так і выйшла.

Пра свой візіт мы папярэдзілі. Усё ж такі нашай гераіні – 98! У такім паважаным узросце ў чалавека  свой распарадак дня. Суправаджала нас у дом Алены Канстанцінаўны Грынько старшыня сельвыканкама, а падтрымаць сваю падапечную прыйшла яе сацыяльны работнік. На справе – акрамя апавядальніка і слухача нам ніхто не спатрэбіўся.

Сведка Айчыннай вайны: “Шмат страшных хвілін прынёс той час”Мне даводзілася часта, асабліва ў Год гістарычнай памяці, мець зносіны з доўгажыхарамі, і размова з імі ішла звычайна пра балючую праўду іх дзяцінства і юнацтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З новай знаёмай было па-іншаму. Гаварыць яна хацела пра сучаснасць, дэманструючы веданне многіх дакладных фактаў з жыцця краіны. Дарэчы, жанчына ў свае гады выпісвае перыядычныя выданні, можа ўжо не так пачытаць, як паглядзець фотаздымкі, патрымаць у руках – прывыкла чытаць і быць у курсе падзей.

– Вы ведаеце, што Беларусь, ці не адзіная краіна на постсавецкай прасторы, якая захавала права кантролю над айчыннымі прадпрыемствамі? – здзіўляе тэматыкай размовы ў самым яе пачатку доўгажыхарка. – А Нясвіжскі замак з падачы нашага Прэзідэнта з’яўляецца дзяржаўным і не мае іншых уласнікаў, хоць жадаючыя былі.
Пра дзейнасць лідара краіны Алена Канстанцінаўна можа гаварыць доўга, падмацоўвае размову фактамі, якія пацвярджаюць правільнасць выбранага ім курса.
– Я чалавек, які пражыў амаль век, шмат бачыла цяжкасцяў, гора і нястачы. Хачу, каб мяне пачулі – менавіта за такое жыццё, калі дзеці  вясёлыя, маці шчаслівыя, а старыя людзі дагледжаныя і змагаліся мае бацькі і землякі ў час вайны, – упэўнена суразмоўца.

Па словах жанчыны, тое, што жывём у міры, вырашаем самі, што нам можна рабіць, а што не, маем кавалак хлеба на стале, адыграў той факт, што ў 90-я на чале краіны стаў чалавек, які любіць сваю зямлю і клапоціцца пра людзей.

– Той, хто ведае гісторыю роднага краю, чуў, як цяжка даводзілася працаваць  да вайны, у якіх умовах жылі беларусы пасля ліхалецця, што мы страцілі, калі распаўся Саюз – ніколі не скажа, што жыццё сёння дрэннае, – лічыць Алена Канстанцінаўна.
Такія словы выпакутаваныя жыццём.

Нарадзілася яна ў Грабаве ў сям’і брыгадзіра. У хаце падрасталі васьмёра дзяцей. Маці знаходзілася дома з малымі, і часта клопат па гаспадарцы прыпадаў на нашу гераіню, якая была старэйшай дачкой. З дзевяці гадоў умела даіць карову, а з трынаццаці – гатаваць, даглядаць малых дзяцей і вялікую гаспадарку.

– Калі я ўжо вучылася ў школе, маці на доўгі час з хворым дзіцям была вымушана легчы ў бальніцу. Я засталася за гаспадыню, – успамінае жанчына. – Цяжка было, яшчэ ж сама была малая. Запомнілася, як хадзіла праць бялізну на рэчку зімою. Вада сцюдзёная, рукі памерзнуць, але справу не кідала. Меншых братоў і сясцёр не было на каго пакінуць – давялося год прапусціць у школе, хоць вучыцца вельмі хацела.
Цяжкі след у памяці пакінула  і вайна. Ворагі прыйшлі ў вёску вечарам. Дзяўчынка падаіла карову, выйшла з хлява, а ў двары немцы. Адзін паказаў жэстам, каб паспрабавала малако ў вядра. Пасля таго, як малая выканала загад, забралі даёнку з малаком.

– Шмат страшных хвілін прынёс той час. Пачалі расстрэльваць партыйных, пасля чарга дайшла да родных партызан і тых, хто меў з імі сувязь, – расказвае сведка тых часоў. – На свае вочы давялося бачыць, як у школьным двары расстралялі старшыню сельскага Савета: прыставілі да скроні зброю і выстралілі. Кроў біла фантанам, людзі плакалі і баяліся.

Працавітасць, вынослівасць і вера  дапамаглі дачакацца Перамогі. Бацька з фронту не вярнуўся, давялося маці з дзецьмі самім думаць, як аднаўляць гаспадарку, выжываць. Пра вучобу для атрымання спецыяльнасці размова не ішла, хаця школу дзяўчына закончыла добра і яе часта настаўнікі ставілі ў прыклад: “сябравала” з матэматыкай, а ў дыктантах не рабіла памылак. Ёй прапанавалі паспрабаваць сябе ў якасці прадаўца ў мясцовай краме. Так і адстаяла трыццаць тры гады за прылаўкам.
– Замуж я выйшла за земляка, маладога настаўніка. Пабудавалі сваімі сіламі дом, нарадзілі дачку і трох сыноў, усім дапамаглі атрымаць адукацыю і ўладкавацца ў жыцці.  Заўсёды трымалі вялікую гаспадарку, вырошчвалі садавіну і гародніну, – дзеліцца жанчына.

З жывых у нашай гераіні засталася дачка, якая жыве на Далёкім Усходзе і толькі ў летні перыяд прыязджае да маці. Але Алена Канстанцінаўна не застаецца без увагі родных. Нядаўна прыязджала з унукам з Расіі, стварыла для бабулі навагодні настой: прыбрала маленькую елачку, развесіла на карнізы гірлянды. Родныя тэлефануюць сацыяльнаму работніку і па вайберы  маюць магчымасць пагутарыць з Аленай Канстанцінаўнай.
– Бог даў мне доўгае жыццё, поўнае і радасных, і горкіх момантаў. Але адно я добра ўсвядоміла: патрэбна ў любой сітуацыі заставацца чалавекам – міласэрным, добрым, удзячным, любячым. І тады лёс будзе добразычлівым да цябе, а дні будуць праходзіць у згодзе з навакольнымі і самім сабою.

Святлана Собалева,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о