У цэнтры ўвагі – камфортнае жыццё вяскоўцаў

0
439

Жыццё дэпутатаў складаецца са шматлікіх акалічнасцяў, яно вельмі рознабаковае і шматаспектнае. Вырашаныя задачы часта адносяцца і да розных сфер, і да розных відаў дзейнасці. Маштаб, глыбіня і рэсурсазатраты самыя розныя і залежаць ад знешніх і ўнутраных фактараў населенага пункта.

У цэнтры ўвагі – камфортнае жыццё вяскоўцаўДырэктар Мышанскай сярэдняй школы Ганна Шэвель у ролі дэпутата 10 акругі працуе першае скліканне, але дапамагаць вырашаць праблемы аднавяскоўцаў пачала значна раней. Па словах жанчыны, дэпутату сёння важна быць кампетэнтным у некалькіх сферах.
“Напрыклад, быць юрыстам, ведаць многія нарматыўныя дакументы. А яшчэ, як мне здаецца, самае галоўнае – быць імпатам. Таму што часцей людзі ідуць з нейкай маленькай праблемай, а ў выніку расказваюць пра глыбокую душэўную рану. Мне ў гэтым плане прасцей, таму што мне дапамагае назапашаны досвед за гады працы ў школе. У любым выпадку, сучаснаму чалавеку мець камунікатыўныя навыкі патрэбна незалежна ад яго прафесійнай дзейнасці, гэта ўжо норма жыцця. Даволі часта даводзіцца быць далікатнай у многіх пытаннях, бо чалавек, часам не разабраўшыся ў праблеме, пачынае праяўляць бурныя эмоцыі. Важна яго супакоіць і разам з прадстаўнікамі зацікаўленых арганізацый прадумаць план далейшых дзеянняў”.

Кола пытанняў, з якімі ідуць да сённяшняй гераіні аднавяскоўцы, тычацца якасці дарожнай сеткі, дыспансерызацыі насельніцтва, якасці пітной вады і нават гандлёвага абслугоўвання.

“То ліхтар выйдзе са строю, то дарогу замяце, то вада ў кране перастане цекці”.
Як адзначыла жанчына ў час інтэрв’ю, калі працуеш і жывеш у роднай вёсцы, то не існуе сваіх і чужых праблем. А калі ты яшчэ на пасадзе дырэктара школы, тым больш. Складанасці, не звязаныя з адукацыйным працэсам, з якімі сутыкаюцца вучні школы, іх бацькі – даволі часта вырашаюцца дырэктарам школы і калектывам настаўнікаў, бо школа – гэта адна вялікая сям’я.

Ганна Адамаўна распавяла, што працуе ў цеснай звязцы з сельвыканкамам, аддзелам ЖКГ, ДРСУ-112.
“Кожны аўторак мы збіраемся на планёрках, дзе разглядаем пытанні жыхароў. Шчыра кажучы, іх сёння стала значна менш. Асабліва, калі знялі пытанне дарогі ў “Ваенным гарадку”. Людзі сталі шчаслівымі, бо ёсць магчымасць вечарам з дзецьмі выйсці на прагулку, у дажджлівае надвор’е не трэба хвалявацца, які абутак выбраць, бо дарога стала роўнай і без ям. Новая дарога дала новае жыццё весцы”, – удакладніла суразмоўца.

Дарэчы, Ганна Адамаўна – настаўнік у трэцім пакаленні. Яе маці была настаўніцай у вёсцы Беседкі, а бабуля – дырэктарам гэтай установы. Сёстры і браты бабулі таксама абралі шлях педагогікі.

“Дырэктар ад дырэктара адрозніваецца, – працягнула Ганна Адамаўна. – Адны кар’ерысты, іншыя, як маці, любяць свой дом – школу, клапоцяцца пра яго, яны гасцінныя гаспадары, уважлівыя суразмоўцы і калегі, якія ўсё разумеюць”.
На погляд жыхароў, Ганна Адамаўна належыць да другога варыянту.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о