Многія эксперты медыя з развіццём электронных СМІ сцвярджаюць, што “газета знікне”, але пакуль мы бачым адваротнае. Друкаванае выданне сёння – гэта трэнд. Пагадзіцеся, лічбавыя зносіны перастаюць быць прэстыжнымі. Цяпер раскоша – чалавечы кантакт. Ва ўстановах адукацыі Петрыкаўшчыны сёння створаны гурткі “Юных журналістаў” з мэтай арганізаваць дзяцей, паказаць ім, што можна зрабіць нешта сваімі рукамі, мець зносіны ўжывую з іншымі цікавымі асобамі і фіксаваць свой вынік на носьбіце з паперы.

Першае інтэрв’ю – з настаўнікам– Стварэнне газеты – медыятэксту ў друкаваным фармаце – пры непасрэдных зносінах дзяцей становіцца ўсё больш каштоўным разам з ростам татальнай цыфравізацыі, – адзначае кіраўнік гуртка “Юны журналіст” у сярэдняй школе № 1 Лідзія Дубіна. – Газета выдатна спраўляюцца з арганізацыяй навучэнцаў нашай школы вакол агульных інтарэсаў, ідэй і каштоўнасцяў. Для іх як сама работа, так і вынік будуць фіксацыяй і пацвярджэннем уласнай значнасці.

Малады спецыяліст Лідзія Дубіна толькі пачынае свой педагагічны шлях, а яе зацікаўленасць ва ўласнай рабоце ўжо можа здзівіць многіх. Дзяўчына родам з Вялікіх Навасёлак. Скончыла ўніверсітэт імя Францыска Скарыны.
– Мая спецыяльнасць філолага была з ухілам на літаратурна-рэдакцыйную дзейнасць, таму з працай рэдакцыі я знаёмая, ды і практыку праходзіла ў нашай раённай газеце, -– пазнаёміла нас з фактамі сваёй біяграфіі гераіня.

На пытанне, чаго чакае ад дзяцей малады педагог, Лідзія адказала так:
– Важна, каб дзеці навучыліся вызначыць асноўную думку ў любым матэрыяле. Цяпер мы толькі ўнікаем у вялікую і цікавую сферу журналістыкі. Пачалі з інтэрв’ю. Я прапанавала дзецям задаць пытанні мне. На падставе пытанняў мы зрабілі сур’ёзную працу над памылкамі. Мэта – выпусціць цікавую газету для дзяцей, іх бацькоў і настаўнікаў. Нам цікавыя апытанні: што любяць больш за ўсё вучні есці ў сталовай, якія ім патрэбны цікавыя мерапрыемствы ў школе, апроч асноўнага навучальнага працэсу, чым увогуле дзеці займаюцца ў вольны час. Асобна б хацелася адзначыць пераможцаў алімпіяд, у школе іх, дарэчы, дастаткова. Думаю, гэта матывавала б вучняў на вынікі. Плануем выпускаць нумар адзін раз за квартал у фармаце А3. Цяпер у распрацоўцы назва нашай газеты, адзін з варыянтаў “Школьны перапалох”.
У канцы размовы Лідзія дадала, што колькасць удзельнікаў новага гуртка не абмежавана, як і ўзрост.

– Кожны можа прапанаваць тэму для артыкула і героя.
Што ж, пажадаем нашым калегам поспехаў у творчай працы і гатовы заўсёды падставіць плячо для дапамогі!

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о