Які аб’ект у Гомельскай вобласці самы значны?

0
886

Гомельская вобласць сёлета адзначае 85-годдзе. Днямі карэспандэнты “ПН” звярнуліся да жыхароў нашага горада і раёна з пытаннем: які, на іх погляд, значны аб’ект у рэгіёне варта было б наведаць?

Які аб’ект у Гомельскай вобласці  самы значны?

Вольга ГОЛАС, настаўніца:

– Першае, што прыходзіць на думку – мемарыял “Помнік дзецям-ахвярам Вялікай Айчыннай вайны” ў вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна.

Менавіта ў гэтай вёсцы размяшчаўся адзін з найбуйнейшых дзіцячых донарскіх канцлагераў. У ім утрымліваліся дзеці ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў, у якіх бралі кроў для нацысцкіх салдат і афіцэраў, а тых, хто заставаўся жывы, адпраўлялі ў Германію. Выжывалі нямногія.

Вучні Капаткевіцкай школы наведвалі гэтае памятнае месца, асабліва былі ўражаны юнакі і дзяўчаты старэйшых класаў.

На мой погляд, кожны беларус павінен наведаць гэтае месца, каб зразумець жахі Вялікай Айчыннай вайны і  для сябе асэнсаваць подзвіг нашага народа.

 

Які аб’ект у Гомельскай вобласці  самы значны?Дзмітрый МАЦКЕВІЧ, работнік выратавальнай станцыі:

– Для майго горада, раёна ды і ўсёй краіны самы значны аб’ект – гэта ААТ “Беларуськалій”.

Акрамя таго, што прадпрыемства ўваходзіць у топ-3 сусветных лідараў па выпуску калійных угнаенняў, яно яшчэ і вырашае шэраг важных для насельніцтва пытанняў: працаўладкавання петрыкаўчан і жыхароў найбліжэйшых населеных пунктаў, жыллёвыя пытанні шляхам уводу новых шматкватэрных дамоў.

Яго работнікі, адпаведна нашы грамадзяне, пастаянна могуць аздараўляцца за кошт прадпрыемства, а таксама дапамогу атрымліваюць дзеці і члены сям’і работнікаў, пенсіянеры, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.

Ну і што казаць, паглядзіце, як знешне змяніўся наш Петрыкаў! Літаральна за два гады цэнтр стала складана пазнаць, асабліва тым, хто доўгі час не быў дома.

Дзякуючы “Беларуськалію”, апроч новага акушэрска-гінекалагічнага корпуса, у горадзе плануецца будаўніцтва спартыўнага комплексу. Упэўнены, нашам гараджанам такое абнаўленне даспадобы!

 

Які аб’ект у Гомельскай вобласці  самы значны?Таццяна ЯРЫГА, мама ў дэкрэтным адпачынку:

– Мне па родзе службы (да дэкрэта працавала ў Петрыкаўскім лясгасе), хочацца назваць дзяржаўную лесагаспадарчую ўстанову “Карэнёўская эксперыментальная лясная база Інстытута лесу”, яна ж – былы дом князя Паскевіча, які ўладарыў на Гомельшчыне ў ХІХ стагоддзі.

Будынак цудоўна захаваўся. Нягледзячы на тое, што цяпер гэта адміністрацыйны аб’ект, Каранеўскі сядзібны дом Паскевіча – частка турыстычнага маршруту “Малое залатое кальцо Гомельшчыны” і ўваходзіць у многія іншыя экскурсійныя туры па Гомельскай вобласці. Раю наведаць гэтае асабіста маляўнічае летам месца.

 

Які аб’ект у Гомельскай вобласці  самы значны?Віктар ДЗЕГЯЛЕВІЧ, участковы інспектар:

– Так, у Гомельскай вобласці шмат карысных і цікавых аб’ектаў. Асабіста мне падабаецца наведваць абласны цэнтр. Гомель вельмі ўтульны і па колькасці высаджаных кветак безумоўны лідар сярод іншых гарадоў.

З аб’ектаў назаву “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”. Тым больш, што гэта адна са старэйшых музейных устаноў Рэспублікі Беларусь.

Кожны, хто наведвае гэтае месца, можа культурна і духоўна абагаціцца. Вельмі рады, што кіраўніцтва вобласці зрабіла ўсё, каб захаваць гэты ўнікальны гістарычны будынак. Падабаецца, што побач хапае месцаў, дзе можна перакусіць, паспрабаваць беларускую нацыянальную кухню, пакатацца на каруселях. Упэўнены, што для сямейных пар Гомеля парк – ідэальнае месца для прагулак.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о