Ветлівы ўрач сур’ёзнай спецыялізацыі

0
736

Ветлівы ўрач сур’ёзнай спецыялізацыі

Працягваем знаёміць вас, паважаныя землякі, з мала-дымі спецыялістамі, што распачалі свой працоўны шлях на Петрыкаўшчыне. Мы завіталі ў Петрыкаўскую цэнтральную раённую бальніцу і задалі некалькі пытанняў урачу-анколагу Кацярыне Сініцкай.

Кацярына – ураджэнка гарадскога пасёлка Лельчыцы. Дзяўчына распавяла, што з выбарам прафесіі вызначылася ў 9-м класе.
– Вядома, тым, хто жадае звязаць свой лёс з медыцынай, трэба задумвацца пра паступленне загадзя, бо аднаго года наўрад ці хопіць, каб падцягнуць патрэбныя навучальныя дысцыпліны да належнага ўзроўню пры існуючым конкурсе сярод абітурыентаў. Словам, з 9-га класа я пачала грунтоўна вывучаць хімію і біялогію. Скажу шчыра, што на іншыя захапленні не хапала часу. Дарэчы, у сям’і я першая, хто абраў прафесію медыка: бацькі мае і сястра звязаныя з галіной эканомікі.

Паступіла ў Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, а калі стала інтэрнам, абрала спецыялізацыю анколага. Інтэрнатуру я пра-ходзіла ў абласным клінічным анкалагічным дыспансеры, а з 1 жніўня працую па мэтавым размеркаванні ў Петрыкаве, – распавяла Кацярына Сяргееўна.

Арганізаваць паўнавартасную работу анколага істотна дапамагла медыцынская сястра Галіна Поляк, якая стала маладому спецыялісту надзейнай апорай. Так, былі створаны базы дадзеных па пэўных групах пацыентаў, пачасціліся і пасяджэнні супрацьракавых камісій – зараз яны ў раённай установе аховы здароўя ладзяцца штомесяц, калі раней, з-за адсутнасці спецыяліста, арганізоўваліся раз на квартал.

З вырашэннем побытавых пытанняў усё таксама склалася ўдала – малады ўрач атрымала арэнднае жыллё на вуліцы Дружбы.
Па словах Кацярыны Сініцкай, зараз назіраецца пашырэнне распаўсюджвання анкалогіі. Некаторыя грамадзяне звязваюць гэта з Чарнобыльскай трагедыяй, што адбылася ў1986 годзе, калі на шырокія тэрыторыя выпала мноства радыеактыўных рэчываў у выглядзе ападкаў. Але спецыяліст заўважае: “Насамрэч навукоўцы зазначаюць, што няма аднаго фактару, які б істотна ўздзейнічаў на пашырэнне анкалогіі. Зноў-такі, пакутуючых на рак стала больш па ўсім свеце, не толькі ў месцах, што знаходзяцца ў блізкасці да Чарнобыльскай зоны. На вялікі жаль, пашыраюцца і іншыя, напрыклад, спадчынныя захворванні. Зразумейце правільна, я не пужаю людзей, насупраць, адзначанае – у першую чаргу падстава больш уважліва сачыць і клапаціцца пра сябе. Першае, што павінен зрабіць кожны чалавек – прайсці дыспансерызацыю, ні ў якім разе не варта забывацца пра флюараграфію і пры адчуванні недамаганняў не зацягваць са зваротам да ўрача. Асабліва ўважліва сачыць за сваім здароўем павінны людзі з язвамі страўніка і курыльшчыкі: калі я праходзіла інтэрнатуру ў таракальным аддзяленні (дзе даследуюцца злаякасныя ўтварэнні грудной клеткі), то каля 90 % пацыентаў былі курачымі людзьмі. Таму лепшая прафілактыка супраць раку лёгкіх, языка, вуснаў, гартані, гэта кідаць дрэнную звычку, – патлумачыла доктар.

Зараз на ўліку ўрача-анколага Петрыкаўскай ЦРБ 955 чалавек. Сярод іх і грамадзяне 3-й клінічнай групы, якія пралячыліся і перамаглі хваробу, але працягваюць назірацца ў спецыяліста ўвесь час, на той выпадак, калі, барані Бог, анкалогія пачне развівацца зноў. Але ёсць і 4-я клінічная група, людзям якой ужо не дапамагчы з-за запушчанасці анкалогіі ці пацыенты, якія наўпрост, адмовіліся ад лячэння.

– Варта зразумець: нягледзячы на тое, што цудоўнай таблеткі, якая пазбавіць ад анкалогіі, няма, сучасная медыцына прапануе шырокі інструментарый барацьбы з ракам, але пачынаецца ўсё з культуры адносін да свайго здароўя. Кожны чалавек мае магчымасць перамагчы захворванне, калі яно выяўляецца на пачатковых стадыях, – рэзюмавала Кацярына Сініцкая.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о