Разведчык на вайне і ў навуцы

0
468

Разведчык на вайне і ў навуцыГэтым нарысам мы распачынаем цыкл публікацый, прысвечаных вядомым землякам, імёны якіх носяць вуліцы населеных пунктаў Петрыкаўшчыны.

Усе мы дбаем пра тое, каб на вуліцах было чыста, а пешаходы і вадзіцелі адчувалі сябе камфортна і бяспечна. Хуткай хадою крочым па тратуары, імгненна заўважаем змены ў звыклых краявідах, але, напэўна, далёка не кожны задумваўся наконт таго, чыё імя носіць тая ці іншая вуліца.

У Петрыкаве ёсць шмат утульных месцаў. Цэнтральныя магістралі адметныя сваёй шырынёй і інфраструктурай, вуліцы на перыферыі мілуюць вока расліннасцю і цяплом святла з вокнаў прыватных домаўладанняў. Але для кожнага гараджаніна вуліцы аб’яднаныя адным надзвычай ёмістым словам – родныя, бо па іх нас вялі ў дзіцячы садок і школу, мы спяшаліся на першыя спатканні, а зараз крочым на работу і сустракаем тут дарагіх сэрцу людзей.

Вобразы палескай правінцыі сабрала ў сабе вуліца Ліпунова. Здаецца, для многіх яна стала адной з цэнтральных у жыцці: велічны мур Мікалаеўскага храма, цікавая архітэктура з вежай памяшкання паштовага аддзялення, а далей – другая гарадская школа, што дала пуцёўку ў жыццё не адной тысячы землякоў. Але хто такі, гэты Ліпуноў?

Аляксандр Ліпуноў нарадзіўся ў вёсцы Хвойня ў сялянскай сям’і. Першыя гады яго біяграфіі не багатыя на факты. Трэба разумець, што пачатковую адукацыю ён атрымаў на малой радзіме, бо ў той час вёска ўпэўнена развівалася і буйнела: як раз праз год, пасля нараджэння хлопчыка, свае дзверы для вучняў адкрыла царкоўна-прыходская школа, што месцілася ў наёмнай сялянскай хаце.

Вядома, што далей лёс Аляксандра Якаўлевіча быў звязаны з Уралам. Складана сказаць, ці вабіла геалогія Ліпунова з дзяцінства, ці захапіўся ён гэтай навукай ужо ў юнацкім узросце, але дакладна вядома, што з 16 гадоў малады чалавек пачаў працаваць у геалагічных разведках і экспедыцыях, а ў 1937 годзе скончыў Свярдлоўскі горна-металургічны тэхнікум і быў накіраваны ў Хабараўскі край для геалагічных даследванняў.

Але не доўга давялося працаваць Аляксандру Ліпунову на Далёкім Усходзе на карысць навукі і народнай гаспадаркі СССР. Наш зямляк быў прызваны ў Савецкую Армію і мужна змагаўся ў баях Вялікай Айчыннай вайны з ліпеня 1941 года, быў абаронцам Масквы і Курска, ваяваў на Заходнім, 2-м Прыбалтыйскім і 1-м Беларускім франтах, быў двойчы паранены.
Летнім днём 1944-га года камандзір адпусціў Аляксандра наведаць родную вёску, бацькоў. Але па прыездзе ў Хвойню нікога з родных не сустрэў ваенны: на месцы хаты было папялішча… Нехта з вяскоўцаў адвёў яго да братэрскай магілы, дзе і былі пахаваны яго блізкія. Доўга стаяў мужчына каля гэтага месца, родныя мясціны сталі пустымі. Хоць і прайшло тут дзяцінства, але па вяртанні на

Бацькаўшчыну адчуў чалавек толькі гора. Ліпуноў крочыў на захад, даганяць часць і помсціць ворагу.
Асабліва адзначыўся Аляксандр Якаўлевіч пры вызваленні Польшчы. У той час ён служыў на пасадзе памочніка камандзіра ўзвода разведкі 447-га Пінскага стралковага палка, у званні старшыны. З 14 студзеня па 5 лютага 1945 года Ліпуноў з іншымі разведчыкамі выяўляў размяшчэнне агнявых кропак ворага ў паласе наступлення палка. За адзначаны час ён асабіста знішчыў каля сарака і захапіў у палон трыццаць пяць гітлераўцаў. 25 студзеня ў баях за мястэчка Дзембава, у 10 кіламетрах ад польскага горада Ходзеж, старшына Ліпуноў з групай разведчыкаў трапіў у тыл ворага, разведаў колькасць і агнявыя сродкі гарнізона горада, захапіў двух “языкоў”, паспрыяўшы разгрому ўтрымліваючага Дзембава падраздзялення. У сакавіку ўжо быў апублікаваны Указ Прэзідыума Вярхоўнага савета СССР аб прысваенні земляку звання Героя Савецкага Саюза.

Далей разведчыкі былі закінутыя ў тыл ворага і дзейнічалі за лініяй фронту недалёка ад польскага горада Шчэцін. Спачатку група ўзяла ў палон немца, ад якога даведалася пра варожы гарнізон і аэрадром акупантаў. Аляксандр Ліпуноў вырашыў не прамарудж-ваць час і захапіць важны ваенны аб’ект да прыходу асноўных сіл.

Бясшумна нейтралізаваць варту на атрымалася. Прагучала некалькі стрэлаў і служба аэрадрома падняла трывогу. Фашысты кінуліся ў атаку, але кожная з іх захлыналася пад агнём разведчыкаў. Пра эвакуацыйны адлёт з аэрадрому варожай авіяцыі гаворкі не ішло, а праз пэўны час да аб’екта падаспелі ўжо савецкія Т-34. Аэрадром з 23-ма баявымі самалётамі быў узяты савецкімі воінамі.
У час узнагароджання Аляксандра Якаўлевіча Ордэнам Чырвонага Сцягу, камандзір дывізіі адзначыў: “Шмат даводзілася ваяваць, многае бачыць, але такога, каб разведчыкі захоплівалі ў праціўніка столькі самалётаў, не памятаю”.

Акрамя гэтага Ліпуноў быў узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, Чырвонай Зоркі і Славы 3-й ступені, а таксама медалямі.
Па сканчэнні вайны наш герой вярнуўся на Поўнач і працаваў у геалагічнай службе Дальбуду. Пазней перабраўся ў родныя мясціны і ўдзельнічаў у геалагічных партыях Петрыкава, а з 1957 года пераехаў у горад Бабруйск. На вялікі жаль, жыццё адмерала Аляксандру Якаўлевічу не доўгі век, у 1962 годзе ён памёр на 57-м годзе жыцця і быў пахаваны ў Бабруйску.

Аднак годнасць чалавека не лічыцца гадамі, смерць крочыла па слядах разведчыка не аднойчы, але ён заўсёды выконваў свой свяшчэнны абавязак перад Радзімай, сустрэў свята Вялікай Перамогі, шчыра працаваў у мірны час на карысць грамадства і паспеў вярнуцца да роднага краю.

Кожны з нас можа ганарыцца такім земляком, а напамінам пра яго подзвігі будзе служыць вуліца Ліпунова ў горадзе Петрыкаве і мемарыяльная шыльда на Алеі Герояў Плошчы Перамогі ў Бабруйску.

Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о