З добрай усмешкай і свежымі навінамі

0
645

Штогод 9 кастрычніка сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі паштовай сувязі. У Сусветны дзень пошты мы сустрэліся з супрацоўнікамі аддзялення паштовай сувязі № 2, што знаходзіцца ў райцэнтры, каб павіншаваць іх са святам і пацікавіцца, як праходзіць звычайны працоўны дзень паштальёна.

З добрай усмешкай  і свежымі навінамі З добрай усмешкай  і свежымі навінамі З добрай усмешкай  і свежымі навінаміУ любое надвор’е паштальёны спяшаюцца па нашых адрасах з карэспандэнцыяй. Так, гэта іх штодзённая работа, але, без перабольшання, яна важная і патрэбная кожнаму з нас. А мы часцей за ўсё нават не задумваемся, наколькі яна эмацыянальна няпростая і матэрыяльна адказная.

Пра кола службовых абавязкаў і калектыў нам распавяла Алена Юркавец, начальнік аддзялення паштовай сувязі. Алена Георгіеўна ў гэтай сферы працуе 33 гады, апошнія 15 – у аддзяленні паштовай сувязі Петрыкава.

– Сучасныя тэхналогіі ўнеслі пэўны адбітак у нашу дзейнасць, аднак, асабліва ў сельскіх населеных пунктах, паштовае аддзяленне па-ранейшаму застаецца месцам сустрэч і зносін вяскоўцаў, – пазначыла напачатку размовы Алена Юркавец. – Па шматгадовай звычцы і ў райцэнтры людзі ідуць да нас не толькі аформіць падпіску ці адправіць карэспандэнцыю, але і аплаціць паслугі ЖКГ і аператараў сотавай сувязі.
Каб не страціць свайго кліента, мы пашыраем спіс паслуг. З апошніх – рэалізацыя тавараў народнага спажывання. Многія жыхары Петрыкаўшчыны з задавальненнем карыстаюцца гэтай паслугай: для кагосьці мы знаходзімся ў крокавай дасягальнасці з домам, нехта адзначае, што кошт на тавары ў нас таннейшы, чым у крамах. Да таго ж, нашыя паштальёны ажыццяўляюць дастаўку тавараў на дом па папярэдняй заяўцы, што асабліва запатрабавана ў людзей сталага ўзросту. І тут даводзіцца канстатаваць, што для некаторых нашых кліентаў паштальён і сацыяльны работнік – адзіны сродак сувязі са знешнім светам. Зразумела, што да такіх землякоў мы ставімся з асаблівай увагай і адказнасцю.

Як паведаміла ў час размовы Алена Георгіеўна, звычайна працоўны дзень у паштовым аддзяленні пачынаецца з сарціроўкі карэспандэнцыі паштальёнамі, пасля чаго яны пры любых умовах надвор’я выпраўляюцца на дастаўку, несучы на плячы важкую сумку, бо добра ведаюць: іх чакаюць, на іх разлічваюць.

У гэты ж час у аперацыйнай зале з усмешкай сустракаюць сваіх кліентаў Ганна Родзіна, Таццяна Жызнеўская, Вольга Ковель і Святлана Кузняцова. Жанчыны прымаюць плацяжы і карэспандэнцыю, афармляюць падпіску і грашовыя пераводы, выдаюць пенсію, прапануюць да продажу тавары паўсядзённага попыту.
Унікальнасць калектыву аддзялення паштовай сувязі ў тым, што 6 участкаў з 7 абслугоўвае моладзь. Больш таго, трое з іх – хлопцы. У кожнага маладога чалавека свой шлях у прафесію. Эдуард Сарнацкі, напрыклад, уладкаваўся ў паштовае аддзяленне адразу пасля заканчэння школы, каб запоўніць час да прызыву на вайсковую службу. Аднак ужо пасля дэмабілізацыі свядома вярнуўся ў прафесію. На сённяшні дзень хлопец мае 8 гадоў стажу. Руслан Цімашышын прыйшоў на пошту з райспажыўтаварыства, дзе некаторы час адпрацаваў укладчыкам гатовай прадукцыі. Што да Яўгена Грыба, то ён былы повар адной з устаноў адукацыі горада. Хлопцы з удзячнасцю згадваюць старэйшых калег, якія дапамагалі рабіць першыя крокі ў прафесіі, з павагай гавораць пра сваіх кліентаў, якія, так ужо здараецца, часам становяцца не толькі спажыўцамі паслуг, а і блізкімі людзьмі.

Як адзначыла Алена Георгіеўна, калектыў паштовага аддзялення дружны і працаздольны, адказны і старанны, сумленны і шчыры.

– Разам мы робім агульную справу і мне вельмі прыемна, што кожны супрацоўнік разумее: ад прафесіяналізму і адказнасці усіх нас кіраўніка, паштальёна, аператара, сарціроўшчыка – залежыць канчатковы вынік работы вузла паштовай сувязі і стаўленне да нас кліентаў, – рэзюмавала суразмоўца.

Калектыў рэдакцыі “Петрыкаўскіх навін” шчыра дзякуе работнікам паштовай сувязі за плённае супрацоўніцтва і падтрымку раённага выдання. Віншуем “паштавікоў” Петрыкаўшчыны з прафесійным святам і жадаем моцнага здароўя, удзячных кліентаў і спрыяльных умоў надвор’я для дастаўкі карэспандэнцыі.

У ТЭМУ
Згодна дадзеных справаздачы Сусветнага паштовага саюза па інтэграваным індэксе паштовага развіцця за 2022 год Беларусь займае 15 месца з 172 краін.
Сёння Петрыкаўскі ўчастак паштовай сувязі гэта:
14 работнікаў, сярэдні ўзрост калектыва – 40 гадоў.
Штомесяц аддзяленнем паштовай сувязі ажыццяўляецца дастаўка амаль 25 тысяч экземпляраў газет і больш за 700 часопісаў, каля 7 тысяч пісем і 600 пасылак, выплата больш 800 пераводаў і 760 пенсій.

Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о