Валянціна Шчучэнка — гонар дзіцячай школы мастацтваў

0
726

На гэтым тыдні юбілей адзначае заснавальнік фартэпіяннай школы Петрыкаўшчыны, настаўнік з вялікай літары, гонар дзіцячай школы мастацтваў Валянціна Шчучэнка.

Валянціна Шчучэнка - гонар дзіцячай школы мастацтваўУ 1973 годзе зусім юнай яна прыйшла ў Петрыкаўскую музычную школу і засталася тут. За 46 гадоў стараннай працы зарэкамендавала сябе як цудоўны музыкант і патрабавальны педагог. Яна выхавала больш за 100 вучняў, 24 з якіх сталі прафесійнымі музыкантамі.

Сярод вучняў Валянціны Васільеўны 7 педагогаў школы, 2 выкладчыкі Мазырскага музычнага каледжа, канцэртмайстар Беларускай Акадэміі музыкі і яшчэ шмат настаўнікаў і артыстаў у Беларусі, Расіі і краінах Еўропы.

У час заняткаў Валянціна Васільеўна знаходзіла да вучня інды-відуальны падыход. Строгасць і адказнасць за даручаны лёс дзіцяці – вось, што адрознівае стыль працы гераіні. Яна не адзін раз казала, што вяршыню можна пакарыць, прыклаўшы намаганні, старанне, любоў да таго, што робіш. Валодаючы непераўзыйдзеным дарам выкладання, яна натхняла вучняў абраць музычны шлях.

Больш за 30 гадоў Валянціна Васільеўна была загадчыкам фартэпіяннага аддзялення. Менавіта яна стварыла базу для далейшага развіцця гэтай спецыяльнасці. Да гэтага часу яе ўзровень прафесіяналізму і праграмных патрабаванняў з’яўляюцца арыенцірам для маладых калег.

Педагог шмат гадоў была арганізатарам і натхняльнікам школьнага конкурсу для маленькіх пія-ністаў “Юны музыкант”, удзельнічаць у якім было прэстыжна для кожнага вучня школы.

Як таленавіты чалавек яна мае шырокае кола захапленняў. Апроч таго, што жанчына рэалізавала сябе на музычнай ніве, яна яшчэ працавітая гаспадыня. Яе ўра-джаю можа пазайздросціць кожны, а якія ў яе растуць кветкі!
Доўгія гады Валянціна Васільеўна аддана служыць клірыкам у Свята Мікольскім храме.
Самы вялікі гонар і радасць для Валянціны Васільеўны – яе дачка Наталля Стацэнка і таленавітая ўнучка Вольга. Для кожнага настаўніка важныя добрыя словы падзякі яе вучняў.

Вось што кажа Алена Хвайніцкая: “Ад маёй сям’і перадаю вялізныя віншаванні з юбілеем. Дзякуем, што Вы мне і маім дочкам далі моцны музычны пачатак. Жадаем здароўя, энергіі, бадзёрасці духу”.

Ірына Сыцько: “Нізкі паклон Вам за тое, што вы ў сваю працу ўкладалі сэрца і душу”.
Алена Туравец: “З вашай лёгкай рукі, я працую ў школе з 1993 года. Вельмі шаную вашую дапамогу і падтрымку ў патрэбны момант”.

Ала Есьман: “Імкнуся адпавядаць таму, чаму навучана вамі. Удзячная ўсім вашым урокам”.

Святлана Верамеева: “Ваша ўменне і талент дапамаглі маёй дачцэ знайсці сваю прафесію, сваё пакліканне, свой лёс”.
Алена Багамазава: “Распавядаю з гонарам, што Вы – мой настаўнік!”

Калектыў школы далучаецца да віншаванняў і жадае Валянціне Васільеўне аптымізму, моцнага здароўя і шмат шчаслівых дзён.

Святлана ШАМОЛАВА, дырэктар установы.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о