Прафесію выбралі па душы

0
1276

Жыхары гарадскога пасёлка Капаткевічы прыемна здзіўлены: у жніўні на першае працоўнае месца ў гарпасялковую бальніцу прыбылі два маладыя спецыялісты. “Тут і аднаму рады, а калі іх больш, ды яшчэ і такія спартыўныя – сапраўднае шчасце!” – сцвярджаюць пацыенты. Той факт, што спартыўныя – спрачацца не будзем, а вось ці затрымаецца новае пакаленне на працоўным месцы пасля заканчэння адпрацоўкі? Ці не з’едзе, як той казаў, за “доўгім рублём” у вялікі горад? Адказы нашых герояў вас прыемна здзівяць!

Прафесію выбралі па душыУрач агульнай практыкі з цікавым імем Гарый родам з Гомеля. Малады чалавек цвёрда перакананы, што прафесію выбіраюць яшчэ ў дзяцінстве:

– Калі нешта цябе турбавала, ты пачынаеш гэтым цікавіцца. Так я захапіўся біялогіяй. А затым паступіў у медыцынскі. Апроч гэтага люблю загадкі, а кожны пацыент – сапраўдная галаваломка! – распавёў пра выбар прафесіі малады спецыяліст.

Па словах урача, праца ў пасёлку не з лёгкіх, затое пацыенты, у адрозненне ад гарадскіх, не з расбэшчаных.

– Нам патрэбна пэўнае абсталяванне, той жа аналізатар для здачы крыві – рэч неабходная і значна зэканоміла б час лабаранту, – працягвае малады ўрач. – Вельмі спадзяюся, што наша кіраўніцтва, якое і без таго ідзе насустрач і ва ўсім дапамагае, дапаможа яшчэ і з гэтым пытаннем. Я ж сабе задачу паставіў: палепшыць лабараторыю. А далей – маленькімі крокамі наладзіць арганізацыю працы, зараз пішу хадайніцтвы, адпраўляю лісты кіраўніцтву. Калектыў нас прыняў натхнёна, першы працоўны тыдзень быў уступны, а цяпер, закасаўшы рукавы, мы з напарнікам пагрузіліся ў працу. Людзі, якія прыходзяць на прыём, любяць пагаварыць, расказаць пра сябе і жыццё ў пасёлку. Жыхары тут вельмі добрыя.

Гарый разам з жонкай Кацярынай зараз абстаўляюць службовую кватэру.
– Нам вельмі пашанцавала, што кіраўніцтва ДРАЦ “Пціч” захавала працоўнае месца для жонкі. Мы разам размяркоўваліся. Яна працуе там таксама ўрачом агульнай практыкі. Так мы здолелі пераехаць у Капаткевічы разам. Цяпер афармляем дакументы, каб у будучыні правесці газ.
Гарый Легчанкоў апраўдвае сваё прозвішча, бо па характары ён лёгкі на ўздым.
– Для нас, маладой сям’і, пытанне забаў востра не стаіць. Захочам прыгод – паедзем у горад. Тым больш, што аўтамабіль у нас ёсць.
Непераадольных цяжкасцяў няма – упэўнены малады чалавек. З часам умовы стануць яшчэ лепшымі.
На пытанне, ці застанецца спецыяліст жыць у вёсцы, адказвае так:
– Мяне жыццё ў вёсцы не палохае, наадварот, я з тых, хто любіць рыбу лавіць і грыбы збіраць. У маленькім населеным пункце – гэта менавіта тое, што трэба. Цяпер мне толькі наладзіць працу як трэба!


Прафесію выбралі па душы– Прафесію я выбіраў свядома, – падзяліўся з намі Аляксей Гапоненка, які прыехаў з Буда-Кашалёва. – У старэйшых класах ужо ведаў, што пайду вучыцца ў медыцынскі інстытут. Ды і настаўнікі ў мяне былі добрыя, мне лёгка даваліся профільныя прадметы. Асабліва ўзрадаваліся майму выбару бацькі. Мне падабаецца дапамагаць людзям і рабіць нешта добрае, гэта мне прыносіць радасць.
Урач агульнай практыкі расказаў, што асаблівых пытанняў з жыллём не ўзнікла, дапамаглі ўладкавацца.

– Умовы добрыя, я задаволены. Для маладога ўрача такі старт выдатны! Медсёстры клапатлівыя, падкормліваюць хатнімі стравамі, – усміхаецца хлопец. – Да кожнага пачаткоўца прыстаўлены куратар, які дапамагае яму на працягу некалькіх гадоў – гэта і аналіз медыцынскай дакументацыі, і разбор дыягнастычных выпадкаў.
Аляксей пачаў весці прыём 1 жніўня і гэта не стала для яго пагружэннем у невядомую рэальнасць:

– Два гады інтэрнатуры далі мне пэўны вопыт. 6 гадоў вучобы можна раўняць з адным годам практыкі па эфектыўнасці замацавання ведаў. У гарачы перыяд пандэміі я навучыўся хутка рэагаваць і прымаць рашэнні. Калі ў цябе чарга ў 30 чалавек – прахалоджвацца няма калі.
Малады ўрач упэўнены, што галоўнае ў прафесіі не толькі паставіць дыягназ і вылечыць пацыента, але і захаваць з ім добрыя адносіны.

– Чалавека трэба пакінуць задаволеным пасля заканчэння лячэння!
Пра працу ў сяле малады ўрач разважае так:
– Мне здаецца, асаблівасцю пражывання ў вёсцы з’яўляецца той факт, што вы знаходзіцеся ў суседскіх адносінах адзін з адным. Ты прымаеш каштоўнасці супольнасці, у якой жывеш. А гэта не значыць, што як у горадзе – скончыў працу – і пайшоў да сябе дадому. Ты заўсёды павінен дапамагчы, выратаваць – усё роўна, дзе і ў які час сутак.

Наталля ПЕТРУШЭНКА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о