Два апошнія туры першай лігі Нацыянальнага чэмпіянату Беларусі па футболе выдаліся для петрыкаўскага “Шахцёра” напружанымі. І калі гасцявая сустрэча з гомельскім “Лакаматывам” сапраўды была няпростай па шэрагу прычын, то вось хатні матч з “Баранавічамі” здзівіў нечаканым вынікам. Урэшце – 2 ачкі ў двух матчах і ніводнага мяча ў сетцы варот. Чаму так?

“Лакаматыў” набраў абароты?
У чарговы раз выказваю думку, што гомельская дружына заўсёды была даволі моцным сапернікам для ўсіх удзельнікаў другога дывізіёна. Так, фаварытам лігі каманду не назавеш – занадта часта “чыгуначнікі” цярпелі паражэнні, што абумовіла становішча клуба ў сярэдзіне табліцы. Але сустрэчу з “Лакаматывам” наўрад ці нехта з апанентаў мог бы назваць лёгкім шпацырам за ачкамі.
Калі жадаеце, то калектыў з берагоў Сажа можна лічыць “шэрым кардыналам” лігі, які не надта здзіўляе, але не губляе магчымасці забраць сваё. Так, за апошнія некалькі тураў малачаканай была хіба што нічыя з “Маладзечна”, а вось перамогі над бліжэйшымі канкурэнтамі: рагачоўскім “Макслайнам” і “Астраўцом” вык-лікалі хутчэй заканамерную павагу, чым уражанасць – маўляў, гамяльчане могуць!
Што да “Шахцёра”, то пасля неверагоднага паражэння ад “Слоніма-2017” з лікам 2:3, ад “калійшчыкаў” можна было чакаць чаго заўгодна. З аднаго боку гэта стымулявала да будучай перамогі, з іншага – магло накласці адбітак і на стратэгію гульні, і на эмацыянальны стан.
У мінулую нядзелю, 23 кастрычніка, на гомельскім стадыёне “Лакаматыў” гульня пачалася з ціску гасцей. Затым, недзе пасля 30 хвілін ініцыятыву паступова перахапілі госці. У другой палове лепей выглядаў “Шахцёр”, але дамінацыя ператварылася ў парытэт. Атакі выглядалі вельмі простымі, а варатары абодвух бакоў адчувалі сябе ўпэўнена. Урэшце, калі да канца асноўнага часу сустрэчы засталося каля 20-ці хвілін, “калійшчыкі” пачалі паказваць звыклы для нас футбол, але выканаўчага майстэрства ў той дзень не хапіла, а ўдача была на баку гаспадароў – 0:0.
Па выніках матча галоўны трэнер каманды Станіслаў Сувораў адзначыў галоўныя прычыны такога выніку: па-першае, на каманду паўплывала паведамленне федэрацыі футбола пра тое, што “Шахцёр” застаецца па-за працэдурай павышэння ў класе. Па-другое, на гульні з “Лакаматывам” у “салевікоў” было толькі чатыры запасных з-за траўм, перабору жоўтых картак і дрэннага самаадчування ігракоў. Як вынік – каманда абрала больш стрыманую тактыку, якая не дазволіла перамагчы, але і не “прывезла” нечаканы мяч ад апанентаў.

Тэмпы збаўляюцца на фінальным адрэзку

Апошняя гульня на хатняй арэне
На жаль, заўзятары жоўта-чорных не мелі магчымасці паўнавартасна падтрымаць сваіх футбалістаў на стадыёне з-за штрафу за неналежныя паводзіны ў мінулай гульні са “Слонімам-2017”. Але варта аддаць даніну павагі адданым аматарам футбола: за агароджай арэны сабралася некалькі дзясяткаў чалавек, якія пільна сачылі за апошняй дамашняй гульнёй “Шахцёра”.
Перад пачаткам сустрэчы нават у самых абачлівых не было ваганняў: “калійшчыкі” забяруць тры ачкі, пытанне было толькі “з якім лікам скончаць каманды?”. І справа не толькі ў тым, што клуб з другога радка табліцы прымае калектыў з перадапошняга месца. У вочы кідаўся той факт, што апошняе ачко ў нічыйным матчы з пінскай “Хваляй” “Баранавічы” запісалі ў свой актыў у далёкім 7-м туры чэмпіянату, што адбыўся 20 мая. З таго дня дружыну з Брэстчыны чакалі толькі паражэнні ад усіх без выключэння сапернікаў.
Зразумела, ад гульні “Шахцёра” чакалі хуткага гола. Але на другой хвіліне на месцы, у час штрафнога, аказаўся брамнік, а потым госці ўвогуле паказалі нядрэнную абарону, трымаючы гаспадароў на пэўнай дыстанцыі ад сваіх варот. Уласна я быў задаволены дзеяннямі “Баранавічаў”, але лічыў, што доўга вытрымліваць напругу сапернікі не здолеюць. Аднак, у сярэдзіне тайма гасцей выратавала перакладзіна, а потым самі “салевікі” бракавалі ў нападзенні.
Другая палова сустрэчы яшчэ больш паказвала відавочную розніцу ва ўзроўні клубаў. Мяч, здавалася, не пакідаў палову поля “Баранавічаў”, але і ў сетку не ляцеў. Нават назначаны пенальці на 55-й хвіліне варатар гасцей парыраваў… Увогуле, нападаючым “Шахцёра” было не зручна: шчыльная апека не давала прасторы ў штрафной, з-за чаго штурмы завяршаліся няўдала, хоць снарад часцяком ляцеў у непасрэднай блізкасці ад брамы. Сумныя абаранкі на табло працягнулі беспераможную серыю “салевікоў”, што цягнецца ўжо чацвёрты матч.
Наступны, перадапошні тур чэмпіянату петрыкаўская дружына прапускае, а ў фінальным, 26-м туры згуляе гасцявую сустрэчу ў Лідзе.
Зараз жоўта-чорныя спусціліся на трэці радок турнірнай табліцы і маюць 45 ачкоў. Пэўна, варта адзначыць, што клуб мае тэарэтычную магчымасць узняцца нават на вяршыню ці другое месца футбольнага “табелю аб рангах”, але верагоднасць гэтая блізкая да нулю. Што да канкурэнцыі з боку каманд ад 4-га і ніжэйшых месцаў, то яны на барацьбу за тройку лепшых ужо не паўплываюць. Хутчэй за ўсё “Шахцёр” захавае за сабой трэцяе месца лігі ў гэтым сезоне.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о