Першая палова тыдня была цікавая спартыўнай падзеяй: Петрыкаў прымаў занальныя спаборніцтвы па баскетболе сярод навучэнцаў 2008 года нараджэння і меншых, у праграме XXXV абласной спартакіяды. На пляцоўкі выйшлі зборныя каманды юнакоў і дзяўчат Жыткавіцкага, Лельчыцкага, Хойніцкага і, вядома, Петрыкаўскага раёнаў.

Першы і другі вынік баскетбольнага “ўраджаю”Зборная хлопцаў Петрыкаўшчыны была прадстаўленая навучэнцамі Капцэвіцкай сярэдняй школы і гімназіі. На пляцоўцы спартыўнай залы ДЮСШ у першы гульнявы дзень, 6 снежня, спаборніцтвы распачаліся з матча нашых юнакоў з суседзямі з Жыткавіцкага раёна. Пасля 4 таймаў па 10 хвілін перамога з лікам 17:14 была за гаспадарамі.

Сустрэча паміж зборнымі з Хойніцкага і Лельчыцкага раёнаў скончылася разгромным лікам на карысць апошніх – 7:24. Амаль удвая больш ачкоў набралі юнакі з берагоў Убарці і ў гульні супраць нашых землякоў – 28:15. Такім чынам, пасля першага дня ў турніры вызначыўся фаварыт.

Паралельна ў спартыўнай зале гімназіі спаборнічалі дзявочыя калектывы. Петрыкаўшчыну прадстаўлялі як раз гімназісткі, таму можна было спадзявацца, што звыклая пляцоўка і падтрымка будуць дарэчы.
Так яно і склалася: петрыкаўчанкі не адчулі супраціву паўднёвых суседак з Лельчыцкага раёна, літаральна разабраўшы іх з лікам 64:3. У другой пары каманд відавочнай была дамінацыя дзяўчын з Жыткавічаў над камандай Хойніцкага раёна – 20:4.

У апошнім баскетбольным паядынку аўторка сустрэліся аўтсайдзеры папярэдніх гульняў: дзяўчаты з Хойніччыны аказаліся мацнейшымі апанентак з Лельчыц – 20:14. Такім чынам, сярод дзявочых дружын з’явілася інтрыга, якая павінна была раскрыцца ў другі дзень: хто будзе мацнейшым – зборная Жыткавіцкага раёна ці калектыў з Петрыкаўшчыны?

У сераду чаканы матч сярод навучэнак за патэнцыяльнае першае месца занальных спаборніцтваў распачаўся не вельмі станоўча для нашых зямлячак. Дзяўчаты з Жыткавіч часцей былі першымі на мячы, не пускалі саперніц у сваю штрафную і ціснулі ў атацы, выкарыстоўваючы заслоны. Але ў трэцім перыядзе настаў пераломны момант: гімназісткі пачалі гуляць больш шчыльна, прасоўваючыся наперад, і ўсё менш саступалі ў барацьбе за мяч. Як следства – лік параўняўся, а потым петрыкаўчанкі пачалі павялічваць адрыў, скончыўшы супрацьстаянне на сваю карысць – 25:15.

Перавага жыткавіцкіх над лельчыцкімі спартсменкамі ў апошняй гульні была відавочнай, першыя зрабілі 66 дакладных кідкоў супраць 9-ці з боку апанентак. З іншага боку сапсаваць поспех нашай камандзе маглі дзяўчыны з Хойнік, але нечаканасці не адбылося: госці саступілі ў той дзень зборнай Петрыкаўскага раёна з унушальнымі лічбамі 17:45.

Што да хлопцаў, то іх другі дзень спаборніцтваў распачаўся з матча паміж жыткаўчанамі і баскетбалістамі з Хойнік – 13:17. Наступная сустрэча вырашала, па сутнасці сваёй, размеркаванне другога і трэцяга месца. Хлопцы з Хойнік выглядалі даволі тэхнічна, але землякі чапляліся за мяч і пранізвалі абарону сапернікаў імклівымі атакамі. Першая палова гульні была адносна роўная, пры перавазе гаспадароў, але пасля фарватара сустрэчы ў петрыкаўскай дружыны, як кажуць, пачалі залятаць кідкі і адрыў хутка вырас – 29:10 на карысць нашай каманды.

Што да гульні паміж зборнымі Жыткавіцкага і Лельчыцкага раёнаў, то яна завяршылася на карысць апошняй з лікам 22:30.
Такім чынам, сярод дзяўчат на гэтым турніры не было роўных петрыкаўчанкам, якія накіраваліся ў Гомель на абласныя спаборніцтвы. Другое месца дасталася камандзе Жыткавіцкага раёна, трэцяе – Хойніцкага.
Сярод юнакоў перамогу святкавалі баскетбалісты з Лельчыцкага раёна. Другі вынік паказала каманда з Петрыкаўшчыны, а трэці – з Хойніччыны.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о