У мінулую суботу петрыкаўскі “Шахцёр” правёў хатні таварыскі матч у рамках міжсезоннай падрыхтоўкі да Нацыянальнага чэмпіянату Беларусі па футболе першай лігі.

Таварыскія сустрэчы завершаны,  наперадзе чэмпіянат!З кім гульня, што з “Шахцёрам”?
Апошнюю падрыхтоўчую сустрэчу калійшчыкі дамовіліся згуляць з пінскім клубам “Стэнлес”, які выступае ў трэцім дывізіёне. Калі зазірнуць у гісторыю, то “Шахцёр” двойчы сустракаўся з гэтай камандай. Спачатку ў перадсезонцы, калі сустрэча скончылася нічыёй 1:1, а потым у фінальнай частцы другой лігі пазамінулага года, калі поспех быў на баку салевікоў – 2:1. Пінчане ж тады занялі выніковае шостае месца сярод 20-ці каманд.
Летась у другой лізе “Стэнлес” выступіў таксама годна. Тут, варта ўзгадаць, што ў мінулым годзе федэрацыя футбола аб’яднала трэці дывізіён і абласныя лігі, таму ў турніры ўдзельнічала ў агульнай колькасці ажно 77 дружын у 9-ці рэгіянальных падгрупах. Потым 16 мацнейшых каманд сышліся ў фінальнай частцы, дзе “Стэнлес” дайшоў да чвэрцьфіналу і зноў заняў шостае месца.
Калійная дружына на этапе падрыхтоўкі да чэмпіянату зведала шмат пераўтварэнняў. Поўнасцю змяніўся трэнеркі штаб і каля паловы саставу каманды. Зразумела, мы не маем магчымасці распавесці пра ўсіх навабранцаў у адным матэрыяле, і хочацца верыць, што яны яшчэ не раз дадуць нам нагоду для іх узгадвання.

Матч стартаваў!
Мяч уводзілі ў гульню госці, што адразу кінуліся ў атаку. Хуткага гола не атрымалася, але нешматлікая колькасць балельшчыкаў была ўражана, маўляў, нашым футбалістам прыйдзецца цяжка.
Але першыя хвіліны гульні паказалі, што “Шахцёр” мае свой план на сустрэчу. Калійшчыкі ўпэўнена замацаваліся на палове “Стэнлеса” і планамерна ціснулі на абарону. На 8-й хвіліне Віталь Ганіч адкрыў лік ударам з навесу – 1:0. Прэсінг варот гасцей працягваўся каля 20-ці хвілін, пасля чаго на поле назіраўся пераход да парытэту бакоў. Падчас адной з атак на вароты “Шахцёра” на 33 хвіліне, атакуючы “Стэнлеса” Віталь Рушніцкі, што выступаў у свой час за аснову расійскіх “Крылаў саветаў”, закінуў мяч з правага флангу за каўнер брамніку – 1:1.
Другая нечаканасць пільнавала жоўта-чорных на апошняй хвіліне першага тайма. Гол з штрафнога ўсталяваў перавагу пінчан у першай палове сустрэчы.
Пасля перапынку футбалісты “Шахцёра” літаральна вылецелі на поле і, забягаючы наперад адзначу, што другі тайм праходзіў пры поўнай дамінацыі гаспадароў і гэтаму не перашкодзіла нават снежнае надвор’е, што прыйшло на Петрыкаўшчыну літаральна за некалькі хвілін.
Гол на першай хвіліне другой паловы і ўжо праз 6-ць хвілін кіпер “Стэнлеса” зноў даставаў мяч з сеткі сваіх варот – 3:2.
Неўзабаве ў браму пінчан былі аформленыя яшчэ два галы-блізнюкі, забітыя галавою навабранца Івана Зянькова з вуглавога навесу на 61-й і 64-й хвілінах. А кропку ў гульні паставіў варатар “Шахцёра” Ігнат Дастанка, што прабіў выніковы пенальці, якім былі пакараныя госці за грубую гульню на 87-й хвіліне – 6:2.
Нагадаем, што спаборніцтвы ў другім дывізіёне пачынаюцца ўжо сёння. У першым туры чэмпіянату “Шахцёр” згуляе ў гасцях з наваполацкім “Нафтанам”, а 17 красавіка, у нядзелю, нас будзе чакаць хатні матч з “Асіповічамі”.
Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о