На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх раённага выканаўчага камітэта былі разгледжаны матэрыялы па супрацьпраўных дзеяннях непаўналетніх. Так, непаўналетні адной з гарадскіх школ узлез на капот і дах аўтамабіля, які стаяў ля крамы. Яго аднагодак – каменем падрапаў аўтамабіль, прыпаркаваны на стаянцы.

Што рухала падлеткамі ў час здзяйснення дадзеных дзеянняў – ні яны самі, ні іх бацькі, якія былі выкліканы на камісію, растлумачыць не змаглі. Як і не змаглі сфармуляваць прычыну сваіх дзеянняў трое навучэнцаў школ горада, якія пашкодзілі ў гарадскім парку агароджу сцэны амфітэатра, а старшакласнік з сельскай школы пашкодзіў шкло ў мясцовым доме культуры. Ва ўсіх учынках непаўналетніх – прыкметы злачынства. Нанесены ўрон уладальнікам аўтамабіляў, дзяржаве.

Бацькі пакрылі ўсе матэрыяльныя выдаткі за садзеянае дзецьмі, і гэта дало магчымасць пазбегнуць крымінальнай справы. Падлеткі прызнавалі сваю віну ў здзейсненым, а бацькі – у аслабленым кантролі за непаўналетнімі. Разам з навучэнцамі і бацькамі на камісіі знаходзіліся і прадстаўнікі ўстаноў адукацыі. Прысутныя шукалі прычыну таго, чаму пры выдатных магчымасцях арганізацыі вольнага часу: наяўнасці сеткі клубаў, аб’яднанняў па інтарэсах, спартыўных секцый – падлеткі знаходзяць час на супрацьпраўныя дзеянні. Адны бацькі лічылі правапарушэнні іх дзяцей дрэнным уплывам аднагодкаў, іншыя – прызывалі школу, супрацоўнікаў інспекцыі па справах непаўналетніх заняцца выхаваннем сына ці дачкі. Педагогі і спецыялісты нагадвалі законным прадстаўнікам, што менавіта ў сям’і адбываецца станаўленне асобы падлетка.

Узнімалася пытанне адлічэння з ліцэя вобласці з-за пропускаў і непаспяховасці непаўналетняй жыхаркі раёна. З тлумачэння дзяўчыны, яна не жадае працягваць навучанне ні ў сярэдне-спецыяльнай установе, ні ў школе. Члены камісіі растлумачылі, якія перспектывы на жыццё ва ўчарашняй дзевяцікласніцы пры такім падыходзе да атрымання адукацыі.

На парадку дня былі пытанні, якія датычыліся неналежнага выканання бацькоўскіх абавязкаў, адсутнасці камфортных умоў для жыццядзейнасці непаўналетніх. Адно з вострых і актуальных – працяглая запазычанасць за электраэнергію. Неплацельшчыкам растлумачылі наступствы дадзенага дзеяння, і далі час на добраахвотнае пагашэнне сумы доўгу, каб пазбегнуць суда і высялення.
Па выніках пасяджэння камісіі былі прынятыя дзейсныя рашэнні. Сем’і будуць знаходзіцца на пастаянным кантролі адказных службаў. Важна, каб дарослыя ўсведамлялі, што ўмовы дабрабыту – любоў, клопат і давер.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о