Пасля нялёгкай для петрыкаўскага “Шахцёра” сустрэчы з “Маладзечна”, калійная дружына прапускала чарговы футбольны ўік-энд з прычыны няцотнай колькасці каманд у другім дывізіёне Нацыянальнага чэмпіянату Беларусі па футболе. Аптымісты, у тым ліку і я, чакалі, што гэтым часам каманда скарыстаецца плённа: вывучыць саперніка, прыстасуе гульню пад апанента і будзе ціснуць на яго слабыя бакі. Але на справе ўсё выйшла куды больш сціпла. Давайце аналізаваць дамашнюю сустрэчу з “Асіповічамі”.

Прынцыповае супрацьстаянне аўтсайдараў
У ходзе турніру выявілася тры слабейшыя калектывы: петрыкаўскі “Шахцёр”, “Ніва” з пасёлку Доўбізна на Камянеччыне і “Асіповічы”. Каманды мелі па тры ачкі і займалі апошнія 15-е, 16-е і 17-е месцы адпаведна. “Салевікі” ўзначальвалі гэтую тройку дзякуючы найменшай розніцы прапушчаных мячоў над забітымі. Таму менавіта матчы паміж гэтымі дружынамі павінны былі паставіць кропкі над “і” і паказаць, хто ж усё ж такі мацнейшы ў гэтым спісе. Вядома, вынікі гэтыя прамежкавыя: напрыканцы чэмпіянату футбольны “табель аб рангах” можа поўнасцю змяніцца, але і ігнараваць бягучую сітуацыю мы не можам, якой бы непрыемнай для мясцовых заўзятараў яна не была.
Матч у гэтую нядзелю абяцаў быць больш спрыяльным для гаспадароў: дамашняя арэна, час для падрыхтоўкі і заўважная стабілізацыя гульні, хоць і пры папярэдніх адмоўных выніках, пакідалі надзею на лепшае. Прысутныя, з якімі выпадала перакінуцца думкамі на гэты конт, былі станоўча стрыманыя і дзяліліся думкай: калі не перамога, то дакладна нічыя!
І вось, каля паловы 19-й гадзіны пачалася сустрэча. Напачатку дружыны трымаліся адносна роўна. “Асіповічы” маглі хутка выйсці наперад, дзякуючы штрафному ўдару, але Мікіта Доўнар аказаўся на месцы. “Шахцёр” перахапіў ініцыятыву пасля хвілін 10-ці гульні. Гаспадары арганізавалі два вострыя штурмы: першым разам варатара “Асіповічаў” выратавала перакладзіна, другі ўдар з цэнтру праляцеў у метры вышэй варот гасцей.
У перапынку аматарам футбола было што абмеркаваць. Мне ж здалося, што далейшы ход гульні будзе прадказальны па першых хвілінах другога тайма. Калі жоўта-чорныя здолеюць і надалей ціснуць на саперніка, то памылкі ў абароне “Асіповічаў” могуць прывесці да гола. Ва ўсялякім разе, госці не пераўзыходзілі “салевікоў” ні ў тэхніцы, ні ў хуткасці, ні ў якасці і арганізаванасці свайго футбола.

Вырашальны тайм
Відаць, патрэбная ўстаноўка знайшлася ў трэнерскага штабу “Шахцёра”, а футбалісты зразумелі свае задачы. На 48-й хвіліне сустрэчы ўдар з штрафнога скіраваў мяч на дальнюю, правую штангу. Перадачу замкнуў Вадзім Марцінкевіч – 1:0.
Перавага добрая сваім замацаваннем і спроба такая была ўжо на наступнай хвіліне: праход па левым флангу і ўдар з вострага кута недалёка ад штангі запусціў круглага крыху вышэй варот. “Нічога, яшчэ некалькі такіх праходаў і мяч абавязкова трапіць у сетку”, – пачуў я эмацыйнае абмеркаванне сітуацыі з трыбун. Але, неспадзявана для прысутных, “Шахцёр” даволі хутка “зашыўся” ў абарону – насцярожваючы “званочак”.
І вось, калі хранометр лічыў 60-ю хвіліну, доўгая перадача нізам ад цэнтра ў штрафную знайшла футбаліста “Асіповічаў”, які скінуў мяч асістэнту поруч. Сітуацыя “два нападаючыя ў тры абаронцы” была толькі статыстычнай акалічнасцю: на справе ж абарона “Шахцёра” прамарудзіла, засталася за спінамі форвардаў гасцей і паўстаўшага перад варатаром цэнтральнага нападаючага “калійшчык” Максім Бурко здолеў спыніць толькі паклаўшы апанента на газон. Рэферы дастаў чырвоную картку і паказаў на 11-мятровую кропку. Цуда не адбылося: мяч быў скіраваны ў правы бок брамы, кіпер жа кінуўся ўлева – 1:1.
Праз 10-ць хвілін брамнік “Шахцёра” мог бы і другі раз даставаць снарад з сеткі, але выдатны праход завяршыўся ўдарам хіба не ў Мікіту Доўнара і варатар адыграў з гэтым выпадку надзейна.
На вялікі жаль, гаспадары поўнасцю страцілі ініцыятыву. Атакі завяршаліся яшчэ да ўваходу ў штрафную, а бясконцыя перадачы поперак поля часцяком завяршаліся стратай мяча. На імгненне нават склалася ўражанне, што згуртаванай каманды, быццам і няма: хлопцы ў жоўтых майках, нібы па чарзе, кідаліся ў атаку, што захлыналася яшчэ напачатку актыўнай фазы. Свісток, нічыя, якую баявой назваць цяжка.
Зноў паказаць годны вынік (які не абавязкова павінен атаясамлівацца з перамогай) бракуюць петрыкаўскай камандзе ўласныя памылкі. На гэты раз цяжар страты трох ачкоў ляжыць на грубай гульні, нібы мы вярнуліся да пачатку сезона.

“Ніва” робіць неверагоднае!
Пакуль у Петрыкаве заўзятары назіралі за даволі статычным футболам, “Ніва” з Доўбізна ўжо святкавала перамогу ў гасцявым матчы з гомельскім “Лакаматывам”. Напачатку ўсё складалася чакана для гамяльчан – чыгуначнікі вялі 2:0. Але потым распачалася сапраўдная феерыя футбалістаў з Камянецкага раёну, якія забілі 4 мячы і прапусцілі яшчэ адзін – 3:4 і “Ніва” папаўняе свой актыў трыма ачкамі і выходзіць на 15-ты радок табліцы з 6-цю баламі.
“Шахцёр”, у сваю чаргу, апускаецца на перадапошнюю пазіцыю ў чэмпіянаце, пакідаючы за сабой па той жа розніцы забітых-прапушчаных мячоў “Асіповічы”.
У наступным, 10-м туры, што прыпадае не гэтыя ўік-энд, калійная дружына адправіцца да “Оршы”, а ў наступныя выхадныя будзе прымаць на стадыёне “Прыпяць” гомельскі калектыў “Бумпром”. Час сустрэчы пакуль не вызначаны, сачыце за нашымі публікацыямі. Усім футбола!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о