Уверх і ўніз па Прыпяці…

Штогод у летні перыяд члены грамадскага аб’яднання “Ветэраны фізічнай культуры і спорту Петрыкаўскага райвыканкама” ажыццяўляюць турыстычна-пазнавальны паход па рацэ Прыпяць. На гэты раз мерапрыемства было прысвечана Дню народнага адзінства. Паход прыпаў на яблычны Спас. З нагоды праваслаўнага свята наведванне храма стала добрым пачаткам нашай справы. Потым мы падняліся ўверх плыні да населенага пункта Макарычы. З асаблівасцямі гэтага кутка нашай Петрыкаўшыны пазнаёміла яго ўраджэнка Кацярына Хамец, якая вельмі цікава прадставіла своеасаблівую карту: дзе, калі і якая тут ловіцца рыба, дзе і якія растуць грыбы. Наступны наш прыпынак быў каля возера Буцкое. Алена Харамецкая з Капаткевічаў прыняла рашэнне ў гэты дзень уступіць у шэрагі ГА “Ветэраны ФКіС Петрыкаўскага раёна”, што мы з задавальненнем зрабілі. Яе любімы від спорту – валейбол і на працягу доўгіх гадоў яна была нязменным удзельнікам усіх раённых спаборніц-тваў. У час сустрэчы мы гаварылі пра тое, што ў нашым горадзе шмат абсталяваных месцаў для заняткаў спортам, а паводле слоў Аляксандра Пінчука, у хуткім часе ў горадзе будзе будавацца фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам.
Акрамя паходу па нашай рацэ-прыгажуні былі праведзены сярод ветэранаў нашай “пярвічкі” і спартыўныя спаборніцтвы. Не абышлося без “сутычкі” па армрэслінгу паміж Мікалаем Мазуркевічам і Васілём Пінчуком. У выніку, вядома ж, перамагло сяброўства. У складзе нашай каманды прысутнічаў госць са сталіцы, які быў уражаны прыгажосцю нашага краю і прыемна здзіўлены арганізацыяй паходу. На наступны дзень мы наведалі міжнародны фестываль “Кліч Палесся”, які праходзіў на ляскавіцкай зямлі і дабавіў нам пазітыву.
Усе мы, верэраны спорту Петрыкаўшчыны, будзем чакаць наступнай сустрэчы. Такія паходы даюць зарад бадзёрасці на цэлы год, дораць цудоўныя моманты зносінаў з сябрамі, былымі калегамі. А прырода роднага краю натхняе на новыя здзяйсненні!

Аляксей Каюкала.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о