Пасля перапынку ў першай лізе Чэмпіянату Беларусі па футболе, звязаным з этапам Кубка краіны, гэты ўікенд быў адзначаны 8 турам гульняў другога дывізіёна.

Петрыкаўскі “Шахцёр” выступаў на дамашняй арэне спартыўнага комплексу “Прыпяць”, прымаючы моцнага саперніка – пінскую “Хвалю”. Апаненты знаходзіліся на 5-м месцы з 11-цю ачкамі ў шасці гульнях, але такі бягучы вынік не супярэчыць статусу каманды, якая, на мой погляд, можа паўнавартасна звацца не толькі фаварытам, але і разлічваць на прызавыя месцы турніру. Больш за тое, бягучае становішча клубаў верхняй паловы табліцы часцяком уводзіць у зман: зараз умоўная дружына можа займаць і сёмае месца, але быць ад тройкі лепшых калектываў на адлегласці адной гульні.
Апрача таго, і статыстыка папярэдніх матчаў падказвала, што з пінчанамі будзе не проста: з дзвюх гульняў у мінулым сезоне першай лігі “Шахцёр” выйшаў пераможцам, яшчэ адну згуляў унічыю, але прайграў два таварыскія матчы.
Гаспадары пры гэтым пакідалі сур’ёзныя спадзяванні ў сваіх заўзятараў: напярэдадні сустрэчы футбольная супольнасць прапанавала статыстыку, дзе салевікі паказвалі сябе найлепшым чынам. Так, брамнік “Шахцёра” Павел Шчарбачэня займаў другое месца па сэйвах, абара-ніўшы на дыстанцыі чэмпіяната першай лігі свае вароты 28 разоў. Першае месца сярод асістэнтаў, пасля 7-мі тураў, займаў паўабаронца Максім Кавалевіч з шасцю перадачамі, якія, урэшце, абумовілі ўдалыя штурмы варот. Ну а спіс лепшых бамбардзіраў дывізіёну ўвогуле ўзначальвалі адразу тры калійшчыкі: Вадзім Курловіч, Дзяніс Кавалевіч і Ягор Карпіцкі, што мелі ў сваім актыве 5, 6 і 7 забітых мячоў адпаведна. Усе гэтыя цудоўныя лічбы літаральна зачароўвалі прыхільнікаў жоўта-чорнай дружыны перад матчам з “Хваляй”.

Флангі забуксавалі, канкурэнты даганяюць
Складанасці ў гульні на флангах не абумовілі пошуку альтэрнатыўных рашэнняў з боку “Шахцёра”

Палескае дэрбі распачалося без прэлюдый і па ўсім было відаць, што пінчане не толькі не саступаюць у класе, але і нядрэнна падрыхтаваныя да гульні з жоўта-чорнымі: небяспечны прастрэл на першай хвіліне цудам не знайшоў нападаючага “Хвалі”, далей утрымаць налі на табло дапамагла пільнасць Паўла Шчэрбачэні, які нібы прадбачыў трапны ўдар па сваіх варотах з далёкай дыстанцыі. Але і брамнік не здолеў анічога супрацьпаставіць узорна разыгранаму штрафному на 19-й хвіліне – 0:1.
Гаспадары прыйшлі ў прытомнасць, але стварыць гол з нешматлікіх вострых момантаў не атрымалася ні ў другой палове першага тайма, ні напачатку другога, чаго не скажаш пра “Хвалю”, футбалісты якой рэалізавалі першы ў другой палове глыбокі штурм варот “Шахцёра” на 74-й хвіліне: праход па левым фланзе, прастрэл да варот і перанакіраванне траекторыі снараду ў сетку – 0:2.
Толькі пасля другога гола калійшчыкі здолелі як след сабрацца і на здзіўленне проста забілі свой першы мяч ужо праз тры хвіліны, прарваўшыся да варот гасцей. Магчыма, верагодны кураж і тактычныя напрацоўкі “Шахцёра” і надалей маглі б паўплываць на ход матчу, але гэтыя “казыры” салевікоў былі ўдала бітыя адным страгэгічным рашэннем: “Хваля” проста пачала планамерна “сушыць” гульню, марудна распачынаючы атаку, выводзячы мяч з межаў поля, карыстаючыся заменамі. Два кароткіх і адзін доўгі свісток зафіксавалі сыход сустрэчы не на карысць гаспадароў – 1:2.
Чаму так здарылася? Калі паспрабаваць адказаць на пытанне адным сказам: пройгрыш быў абумоўлены, на мой погляд, адсутнасцю варыятыўнасці. Калі не даваць “Шахцёру” шпарка гуляць па флангах, не фаліць на сваёй палове поля, жоўта-чорныя становяцца, мяркуючы па гэтай гульні, нібы абяззброенымі. Удары ў створ варот з сярэдняй і далёкай дыстанцый з боку салевікоў завяршаюцца пасля першых запушчаных “у малако” спроб. Хуткія контратакі для калійшчыкаў таксама хутчэй экзотыка, бо ўжо трэці сезон, незалежна ад таго, хто стаіць на варотах, я назіраю, як кіпер, трымаючы мяч у руках пасля паспяховага сэйва, незадаволена разводзіць рукамі, маўляў, добра было б закінуць снарад глыбока наперад, але там нікога няма… Вось і атрымліваецца, што спадзявацца варта толькі на флангі.
Што да турнірнай табліцы, то тут петрыкаўская дружына захоўвае за сабой лідарства, але ўжо толькі па паказчыках асабістых сустрэч і колькасці забітых і прапушчаных. На другім радку замацаваўся “Нафтан”, які таксама мае 16 ачкоў, згуляў з “Шахцёрам” унічыю і ўжо падбіраецца да лідара па розніцы мячоў: 15 у навапалачан супраць 17 “калійных”. Трэці і чацвёрты радок займаюць “Астравец” і “Хваля”, што маюць па 14 ачкоў.
Ужо напрыканцы гэтага тыдня салевікі згуляюць у гасцях у “Слоніма” і будць рыхтавацца да дамашняга матча з гомельскім “Лакаматывам”.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о