Перамога – быць міласэрным!

0
573

Валанцёрскі атрад “Добрае сэрца” Ляскавіцкай сярэдняй школы прызнаны лепшым у рэспубліканскім конкурсе сацыяльных маладзёжных праектаў “Моладзь Беларусі за жыццё, маральнасць і сямейныя каштоўнасці” ў намінацыі “Моладзь за міласэрнасць дзеля жыцця!”

Перамога – быць  міласэрным!

“Добрае сэрца” ў нашай школе існуе даўно. У лістападзе мы сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага конкурсу сацыяльных праектаў. У полі зроку валанцёрскага атрада – шматдзетныя сем’і, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, вязні Вялікай Айчыннай вайны, ветэраны педагагічнай працы, пацыенты аддзялення сястрынскага догляду Ляскавіцкай УБ. Цесна супрацоўнічаем з прыходам Свята-Міхайлаўскага храма. Мы імкнемся далучаць да вырашэння сацыяльных праблем як мага больш людзей, прыцягваць арганізацыі аказваць садзейнічанне”, – адзначыла адна з куратараў валанцёрскага атрада настаўніца беларускай мовы і літаратуры, якая таксама праводзіць факультатыўныя заняткі па праваслаўі, Анастасія Валасюк.

Па словах Анастасіі Рыгораўны, садзейнічанне ў набыцці формы для атрада аказала першасная прафсаюзная арганізацыя НП “Прыпяцкі” ў асобе старшыні Таццяны Новікавай.

Прыход Свята-Міхайлаўскага храма, настаяцель айцец Аляксій аказваюць пастаянную дапамогу: і дабрачынную, і духоўную. Духоўнік праводзіць гутаркі з усімі вучнямі школы, з радасцю адгукаецца на правядзенне экскурсій у храме. Да святаў прыносіць дзецям падарункі і пачастункі.

Бацькі вучняў 5 і 6 класаў дапамаглі ў правядзенні дабрачыннага кірмашу, атрыманыя сродкі ад продажу хатняй выпечкі пайшлі на дабрачыннасць.

Цырульнік Ганна Бамбіза ў свой выхадны дзень правяла дабрачынную акцыю для дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў.

Шматдзетная маці Аляксандра Казачук да свята 8 сакавіка зрабіла сваімі рукамі 16 набораў гумак для валос для дзяўчынак са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў.

“Сказаць, што гэты праект змяніў бачанне – не сказаць нічога. Мы па-іншаму пераасэнсавалі і ўбачылі праблемы, якія вакол нас ці нашых знаёмых, аднавяскоўцаў. Нам здаецца, што мы прайшлі выпрабаванне на трываласць у такіх маральных якасцях як дабрыня, клопат, міласэрнасць, павага. Мы і снег прыбіралі, і дровы складалі, і агарод капалі пасля ўрокаў”, – падзялілася ўражаннямі вучаніца школы Вераніка Бамбіза.

“Сцвярджэнне, што камандная праца дапамагае ажыццявіць любыя мары, для нашага атрада вельмі правільнае. Вось аддзяленне сястрынскага догляду, яно ж з’явілася не ўчора, але ўбачыць і зразумець, як цяжка гэтым людзям, мы змаглі тады, калі прыйшлі да іх”, – удакладніла яшчэ адна актывістка атрада Ксенія Андык.

Да размовы далучылася і класны кіраўнік вучняў 10-га класа, куратар “Добрага сэрца” Надзея Залеўская: “На працягу ўсяго конкурсу за намі быў замацаваны куратар дабрачыннага фонду “Пакроў”. Гэты фонд і з’яўляецца арганізатарам праекта сумесна з Беларускай Праваслаўнай царквой і міністэрствам адукацыі.

Дакладна можам сказаць, што супрацоўніцтва з прыходам Свята-Міхайлаўскага храма застанецца актыўным, бо менавіта праз духоўнасць можна выхаваць маральныя якасці, якія апошнім часам губляюцца.

Мы выказваем вялікую падзяку нашым дзецям: Дзмітрыю Марціновічу, Вераніцы Бамбізе, Ксеніі Андык, Любові Ярмош, Мікіту Цалуйку, Ягору Аўдзееву, Уладзіміру Серадзе, Дар’і Ярмоленка за працу, клопат і добрыя сэрцы.

Гэта агульная нашая перамога. Перамога – быць добрым і міласэрным”.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о