Настаўнікі, спартсмены, турысты

0
549

Былых спартсменаў не бывае. Гэты крылаты выраз напрамую адносіцца да нашых сённяшніх герояў. Тое, чым яны займаліся ў дзяцінстве і юнацтве, пакінула адбітак на ўсё іх далейшае жыццё. Чалавек з адзнакай “чэмпіён” не зможа жыць без пастаяннай барацьбы.

Галіна родам з гарадскога пасёлка Капаткевічы. Уладзімір – з вёскі Альпень Брэсцкай вобласці. Іх лёсы перакрыжаваліся, калі абодва вучыліся ў Мазырскім педагагічным інстытуце, тады імя Крупскай. Ужо ажаніўшыся, маладыя людзі па размеркаванні трапілі ў Капаткевічы. Уладзімір, пабачыўшы, якое тут жывапіснае месца, асабліва рака, адразу для сябе адзначыў: “Гэта мой пасёлак!”. А жонка не была супраць. Тут і пачалі нашы героі будаваць сваё сямейнае і прафесійнае жыццё.

Настаўнікі, спартсмены, турысты
Галіна Вабішчэвіч (справа) рэалізуе сябе на тэатральнай ніве

Але нагода для сённяшняга артыкула не абмяжоўваецца гісторыяй моцнай сям’і – Уладзімір і Галіна Вабішчэвіч у лютым наступнага года адзначаць 45-годдзе сумеснага жыцця – як прыклад для пераймання, а і тое, што муж і жонка ўвесь час актыўныя ўдзельнікі шматлікіх спартыўных і турыстычных спаборніцтваў раёна і вобласці. І пазіцыі прыпыняць не плануюць!
Галіна Мікалаеўна ў час размовы распавяла, што спортам пачала займацца са школы.

“У пятым класе я запісалася на гурток па акрабатыцы, – пачала суразмоўца. – Трэніроўкі былі цікавымі, я нават не ўяўляла, на якія выкрутасы здольнае наша цела. Праз пэўны час мяне захапіла лёгкая атлетыка. Як толькі стадыён пусцеў пасля ўрокаў, я адразу бегла трэніравацца. Памятаю, нібы гэта было ўчора, 1 мая, я ў складзе зборнай раёна, разам з камандай адправілася на спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы ў Гомель. Наколькі неверагодным было пачуццё, калі я даведалася, што прынесла нашай зборнай ачкоў больш за астатніх удзельнікаў.

У студэнцкія часы займалася веславаннем. Былі пэўныя выдатныя вынікі, але хтосьці сказаў, што ад такога віду спорту будуць шырокія плечы. Мяне, дзяўчынку, такі расклад падзей спужаў і ад заняткаў адмовілася, нягледзячы нават на тое, што трэнер прасіў, угаворваў не кідаць веславанне. Тады я захапілася валейболам і па сёння не кідаю гэтае сваё хобі”.

Па словах некаторых вучняў, як толькі маладая пара трапіла на парог школы, інтарэс да іх з боку школьнікаў з’явіўся неверагодны. Абодва прыгожыя, стыльныя, спартыўныя, харызматычныя, з пачуццём гумару, адкрытыя да дыялогу. Яны сталі свежым паветрам у Капаткевіцкай школе, бо на той час так блізка сябраваць з настаўнікамі ніхто не мог асмеліцца, а што ўжо казаць пра паход, у які можна пайсці разам, прыгатаваць ежу, пасядзець ля вогнішча ды нейкія байкі распавесці.

Настаўнікі, спартсмены, турысты
Уладзімір Вабішчэвіч не прапускае раённыя спартакіяды

Да дыялогу падключыўся Уладзімір Мікалаевіч. Многія жыхары нашага раёна памятаюць мужчыну, калі той быў суддзёй на раённых спаборніцтвах на турыстычных злётах.
“У студэнцтве ў мяне была магчымасць атрымаць пасведчанне інструктара па турызме. І я ёй скарыстаўся. Упэўнены, гэта быў своеасаблівы старт у сферу турызму”, – распавёў Уладзімір Мікалаевіч.

Пералічыць, колькі разоў маладыя настаўнікі вадзілі капаткевіцкіх школьнікаў у паходы – немагчыма. Гэты былі вылазкі не толькі ў межах раёна ці краіны, а і ў межах суседніх краін.
“Больш за 10 разоў мы былі ў Карпатах і ў Карэліі. Былі ў Германіі, Літве, Польшчы. Карысталіся магчымасцю паплаваць на судне “Ракета”. – працягнула Галіна Мікалаеўна. – У нас размова была кароткай заўсёды. Накшталт, калі пыталі “Едзеш?”, адказвалі гучна: “Еду!” І так практычна ва ўсіх жыццёвых пытаннях”.

Асаблівае месца ў сэрцы нашых герояў пакінула жывапісная Карэлія, дзе па рэках сплаўляліся на байдарках.
“Чыстае паветра і цішыня, якой не хапае жыхарам мегаполіса, воды поўныя рыбы, а лясы – грыбоў і ягад. На шляху нам сустракаліся галоўныя славутасці воднай Карэліі – шхеры і іглічныя гаі, дзе так лёгка дыхаць на поўныя грудзі. Прыгажосць мясцовай прыроды кранала напавал”, – апісала прыроду Галіна Вабішчэвіч. Частка Карэліі размешчана за палярным кругам, куды не аднойчы адпраўляліся педагогі.

Галіна Мікалаеўна Вабішчэвіч, насамрэч, унікальны настаўнік. Яна, выкладаючы беларускую мову і літаратуру, умела так заінтрыгаваць вучня, што выбару, чытаць ці не чытаць твор, у яго не заставалася. Мікалаевіч, менавіта так да яго звярталіся вучні, таксама захапляў школьнікаў. Многія з яго выпускнікоў зрабілі выбар на карысць інфарматыкі. Нягледзячы на тое, што муж і жонка сёння людзі пенсійнага ўзросту, яны не прапускаюць раённыя спартакіяды, заўсёды актыўныя ўдзельнікі шматлікіх спартыўных спаборніцтваў Петрыкаўшчыны. Галіна Мікалаеўна працуе рэжысёрам народнага тэатра ў Капаткевіцкім Доме культуры. Жанчына яшчэ паспявае весці гурток па настольным тэнісе.

Завяршаючы артыкул, выснову ад размовы з Вабішчэвічамі можна зрабіць наступную: калі вы плануеце доўгія гады захоўваць баявы настрой і пазітыў, то актыўны лад жыцця з адпачынкам на беразе ракі ля вогнішча, з начлегам у палатках вам у гэтым дапаможа.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о