100 гадоў жыцця з вераю ў людзей і родны край

0
444

 

100 гадоў жыцця з вераю ў людзей і родны край

Знакавую дату ў сваім жыцці адсвяткавала на гэтым тыдні жыхарка Макарычаў Вера Лаўрэнцьеўна Дзядзюшка. Паважанаму чалавеку, матулі, бабулі і прабабулі споўнілася сто гадоў.

Дасягненне такога саліднага ўзросту – значная падзея, таму што нямногім лёс дорыць даўгалецце. Да зямлячкі з кветкамі і падарункамі наведаліся прадстаўнікі сельскага выканаўчага камітэта, спецыялісты цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, работнікі мясцовых устаноў культуры і адукацыі. Юбілярка сустракала гасцей з радасцю, хлебасольна, дзялілася гісторыяй жыццёвага шляху даўжынёю ў стагоддзе. Жыццё жанчыны, як годны сцэнар кінафільма: захопліваў, прымушаў задумацца.
Нарадзілася Вера Лаўрэнцьеўна ў вёсцы Аголіцкая Рудня. Бацькі працавалі на зямлі, гадавалі васьмёра дзяцей. Гераіня ўспамі-нае: з самага дзяцінства малых прывучалі да працы. Дзеці былі добрымі памочнікамі дарослым у справах па гаспадарцы. Калі споўнілася васямнаццаць, дзяўчына пайшла працаваць учотчыцай сартавальнага цэху фанернага завода “Звязда”, што знаходзіўся ў Капцэвічах. А пасля ў лёс уварвалася Вялікая Айчынная вайна.

– Вельмі складаным тады было жыццё. Жылі ў беднасці і страху, але нягледзячы на гэта стараліся дапамагаць адзін аднаму. Было цяжка і шмат гора, – гаворыць зямлячка.

Успамінаючы той крывавы для нашага народу час, у суразмоўцы пахаладзелі вочы, вусны сталі жорсткімі. Стала зразумелым, што не трэба бярэдзіць душу балючымі ўспамінамі, якія і сёння ляжаць цяжарам на сэрцы.

Пасля вайны жанчына знайшла сваё жаночае шчасце і стварыла з дарагім сэрцу чалавекам сям’ю. Маладыя вырашылі будаваць сямейнае жыццё ў Макарычах. За гады сумеснага жыцця – дарэчы муж таксама быў доўгажыхар, пражыўшы амаль да дзевяноста гадоў – пабудавалі дом, выхавалі сына і чатырох дачок. Як і ўсе вяскоўцы, трымалі сваю гаспадарку і мелі немалы надзел зямлі.

Уставалі рана, спаць клаліся позна. Але ўсё запланаванае рабілася з радасцю і натхненнем. Вера Лаўрэнцьеўна большую частку прафесійнага жыцця аддала працы рахункаводам-бібліятэкарам мясцовай школы. Карысталася павагай калег, аднавяскоўцаў.
Госці не маглі не пацікавіцца: у чым сакрэт даўгалецця зямлячкі?

100 гадоў жыцця з вераю ў людзей і родны край

Юбілярка, доўга не думаючы, адказала: “Трэба любіць жыццё, рабіць толькі дабро і не жадаць нікому зла”.
Сёння побач з жанчынай адна з яе дачок і дні праходзяць камфортна і душэўна. Доўгажыхарка сустракае векавы юбілей пры светлай памяці і на сваіх нагах. Частыя госці ў хаце сын, дочкі са сваімі сем’ямі.

Напрыканцы сустрэчы, гераіня просіць перадаць праз старонкі газеты жыхарам Петрыкаўшчыны простыя і важныя словы:
– Жадаю ўсім людзям, каб жылі ў міры, спакоі. Каб былі здаровыя і мары ажыццяўляліся. Шануйце кожны пражыты дзень на нашай прыгожай зямлі!

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о