Пісьмовы доказ засведчыць натарыус

0
168

Для абароны парушаных правоў грамадзяне і юрыдычныя асобы звяртаюцца ў суд. Яшчэ да ўзбуджэння справы ў судзе бакі павінны паклапаціцца пра падрыхтоўку дакументаў, якія з’яўляліся б доказам парушэння іх правоў. Аднак доказ, які ёсць на пэўны момант часу, можа быць страчаны яшчэ да пачатку судовага разбору. Таму ў шэрагу выпадкаў можна звярнуцца да натарыуса для фіксацыі неабходных пісьмовых доказаў. У якіх выпадках і як гэта граматна зрабіць – з гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да натарыуса Ганны Жукавец.

– Варта да нас звярнуцца для забеспячэння пісьмовых доказаў па факце распаўсюджванне ў сетцы Інтэрнэт звестак, якія ганьбяць гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, – паведаміла суразмоўца і дадала: – Інтэрнэт – гэта скарбніца інфармацыі, але, на жаль, не ўся гэтая інфармацыя з’яўляецца праўдзівай і дакладнай. У выпадку, калі яе размяшчэнне пацягнула парушэнне вашых правоў, вы можаце звярнуцца да натарыуса для таго, каб зафіксаваць факт размяшчэння інфармацыі ў сетцы Інтэрнэт для прадастаўлення яе ў далейшым у суд. Калі гэта не зрабіць у найкароткія тэрміны, інфармацыя можа быць выдалена.

Засведчаць натарыусы і парушэнне аўтарскіх правоў.Часцей за ўсё гэтыя парушэнні звязаны з нядобрасумленнай канкурэнцыяй. Часам з мэтай прыцягнення ўвагі пакупнікоў на сайтах размяшчаюцца лагатыпы вядомых фірмаў, таварныя знакі, эмблемы і іншая сімволіка. Аднак размяшчэнне гэтай інфармацыі без згоды на тое праваўладальніка з’яўляецца незаконным.

Акрамя таго, на розных сайтах размешчаны тэксты, фота- і графічная інфармацыя, відэаролікі. І яны не абаронены ад капіравання карыстальнікамі сеткі інтэрнэт. Размяшчэнне і апублікаванне названых твораў на інфармацыйных рэсурсах сеткі інтэрнэт разглядаецца заканадаўствам, як выкарыстанне аб’ектаў аўтарскага права. На такое выкарыстанне ў многіх выпадках патрабуецца згода аўтара. Аператыўная фіксацыя інтэрнэт-старонак дазволіць даказаць парушэнні адпаведных правоў.
Сёння вельмі распаўсюджана купля тавараў праз інтэрнэт-крамы, на сайтах якіх размешчаны тавары і паслугі, паказаны пэўны кошт. Азнаёміўшыся з прапанаваным асартыментам, пакупнік набывае тавар (паслугу). Аднак у далейшым, заключыўшы дамову, выяўляе, што ўмовы дамовы не адпавядаюць таму, што пазначана на сайце. Напрыклад, не адпавядае цана, якасць тавару і іншае. Для доказу парушэння сваіх правоў пакупнік можа таксама звярнуцца да натарыуса і зафіксаваць інфармацыю, размешчаную на сайце.

Размяшчэнне нядобрасумленнай рэкламы, змяненне ўмоў удзелу ў конкурсе, кошту работ, падмен публічнай аферты – усе гэтыя факты натарыусы могуць пісьмова зафіксаваць.
Штодзённым і неабходным заняткам сталі зносіны ў месэнджарах: Viber, Whatsapp, Telegram і іншых. Пасродкам перапіскі вядуцца перамовы, усталёўваюцца дамоўленасці. Калі ваш суразмоўца, з якім вы вялі перапіску, адмовіўся ад сваіх слоў або выдаліў інфармацыю ў абодвух бакоў – фіксацыя перапіскі для прадастаўлення ў далейшым у суд з’яўляецца вельмі важным крокам для забеспячэння доказаў па абароне сваіх правоў.

З мэтай кансультавання насельніцтва па месцы жыхарства, натарыус Тамара Мікалаеўна Голік 14 сакавіка правядзе выязны прыём у аграгарадку Ляскавічы, 28 сакавіка – у гарадскім пасёлку Капаткевічы.
Кантактны тэлефон для запісу на прыём 8-02350-5-56-83.
Натарыус Ганна Уладзі-міраўна Жукавец 13 сакавіка выедзе ў пасёлак Муляраўка, а 21сакавіка – у вёску Мышанка.
Кантактны тэлефон для запісу на прыём 8-02350-2-10-38.
Выезды натарыусаў у населеныя пункты Петрыкаўскага раёна для прыёму грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў і прад-стаўнікоў юрыдычных асоб, ажыццяўляюцца пры наяўнасці заявак.
Натарыус вядзе прыём у памяшканні сельскага выканаўчага камітэта.


Запісала Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о