Мерапрыемствы прыпіскі праходзяць у штатным рэжыме

0
1280

Пачаліся мерапрыемствы прыпіскі грамадзян раёна да прызыўнога ўчастку. Гэтую працэдуру праходзяць юнакі, якім у гэтым годзе спаўняецца 16 гадоў, ці грамадзяне, якія раней не прайшлі прыпіску да прызыўнога ўчастку. Каб даведацца, як праходзяць мерапрыемствы прызыву, мы звярнуліся да ваеннага камісара Петрыкаўскага раёна падпалкоўніка Аляксандра Адамоўскага.

Мерапрыемствы прыпіскі  праходзяць у штатным рэжыме

– Апавяшчэнне юнакоў традыцыйна праходзіла праз установы адукацыі, сельвыканкамы і сродкі масавай інфармацыі. Першачаргова хлопцы здаюць аналізы, праходзяць флюараграфію, кардыяграму ва ўстановах аховы здароўя па месцы жыхарства. Ваенкамат у гэты час вызначае і даводзіць паслядоўнасць па прыбыцці дапрызыўнікоў, што навучаюцца ў той ці іншай школе, для праходжання медыцынскага агляду. У дзень, калі юнакі праходзяць медыцынскую камісію на прызыўным пункце ў ваенкамаце, мы і выдаём ім першы вайсковы дакумент – пасведчанне прызыўніка, – патлумачыў Аляксандр Рыгоравіч.

Сёлета плануецца прыняць на вайсковы ўлік больш за 190 прызыўнікоў, што на 30 чалавек больш, чым летась – гэта звязана з дэмаграфічнай абстаноўкай у раёне. На дадзены момант ужо прынята больш за 160 юнакоў.
Ваенны камісар засяродзіў увагу на тым, што мерапрыемствы прызыву праходзяць згодна з традыцыйным планам без новаўвядзенняў, з захаваннем усіх адтэрміновак і, па вялікім рахунку, істотна не адрозніваюцца ад звычайнага медагляду, таму не варта хвалявацца, а насупраць, падыйсці да працэдуры з поўнай адказнасцю.

– Папярэдне вызначаецца стан здароўя падлетка па медыцынскім дакументам, а потым урачы-спецыялісты дэталёва апытваюць і абследуюць юнака. Такім чынам, прызыўныя мерапрыемствы будуць карысныя для хлопцаў: урачы могуць выявіць некаторыя хібы ў здароўі, што пакуль не адчуваюцца маладым арганізмам, дапамагчы прызначэннем прафілактычнага лячэння, ці параіць пэўныя карэкціроўкі для вядзення больш здаровага ладу жыцця, – адзначыў ваенны камісар раёна.

Акрамя таго, моладзь атрымлівае карысную прафарыентацыйную кансультацыю. Спецыялісты ваенкамата выяўляюць зацікаўленых маладых людзей, што хацелі б звязаць свой лёс са службай Радзіме не толькі ва Узброеных Сілах, але і ў іншых сілавых структурах краіны і дэталёва распавядаюць пра парадак атрымання прафесіі. Праводзяцца тлумачэнні па адказнасці прызыўніка, у прыватнасці – за страту вайсковых дакументаў ці ўхіленне ад вайсковага абавязку, бо школьнікі становяцца на шлях самастойнасці і павінны адчуваць адказнасць, якую ўскладае на іх статус прызыўніка.

Што да станоўчых навін, то Аляксандр Адамоўскі паведаміў, што хлопцы 16-гадовага ўзросту з Петрыкаўскага раёна дэманструюць неблагі ўзровень прыдатнасці па здароўі: 75-80% ад агульнай колькасці прызыўнікоў прыдатныя да службы, што вышэй за сярэднеабласны і сярэднерэспубліканскі паказчык. Разам з тым трэба ведаць, што гэтая лічба становяцца ніжэй, у час, калі маладыя людзі заканчваюць школу і атрымліваюць прафесійную адукацыю. Таму бацькам трэба звярнуць істотную ўвагу на захаванне здаровага ладу жыцця сваіх дзяцей дзеля карысці іх здароўя.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о