Пра змены ў падатковым заканадаўстве

0
305

Пра змены ў падатковым заканадаўствеЗ 1 студзеня набылі моц змяненні ў Падатковым кодэксе Рэспублікі Беларусь. З гэтай нагоды мы звярнуліся да начальніка ўпраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Петрыкаўскім раёне інспекцыі МПС па Калінкавіцкім раёне Марыны Асташовай з просьбай патлумачыць падатковыя заканадаўчыя новаўвядзенні.

– Марына Паўлаўна, што змянілася для індывідуальных прадпрымальнікаў – плацельшчыкаў падаходнага падатку?
– З 1 студзеня індывідуальныя прадпрымальнікі не прызнаюцца плацельшчыкамі падатку на дабаўлены кошт пры рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), маёмасных правоў. Акрамя таго, з 2024 года прымяняецца адзіны варыянт вызначэння даходаў – па меры атрымання аплаты.
Стаўка падаходнага падатку захавана на ўзроўні 20 %. Адначасова ўведзена павышаная стаўка падатку ў памеры 30 % для ІП, у якіх прыбыткі ад прадпрымальніцкай дзейнасці нарастаючым вынікам з пачатку года перавысяць 500 тысяч рублёў. У гэтым выпадку стаўка 30 % прымяняецца на працягу ўсяго падатковага перыяду – да даходаў, атрыманых з пачатку каляндарнага года, у якім перавышана мяжа.

– Ці ёсць якія-небудзь абме-жаванні па ажыццяўленні дзей-насці ў статусе індывідуальнага прадпрымальніка?
– У выпадку, калі сукупны памер даходаў, валавой выручкі ІП ад ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці нарастаючым вынікам на працягу каляндарнага года перавысіць 500 тысяч рублёў, працягваць дзейнасць у якасці індывідуальнага прадпрымальніка можна будзе толькі да канца 2024 года. З 1 студзеня 2025 года такому грамадзяніну для прадаўжэння дзейнасці неабходна зарэгістраваць юрыдычную асобу. Прадпрымальніцкая дзейнасць, якая ажыццяўляецца грамадзянінам у статусе “індывідуальны прадпрымальнік” з парушэннем названых патрабаванняў забараняецца і будзе з’яўляцца незаконнай.

– Што змянілася ў вылічэнні падаткаў (збораў) для арганізацый?
– Варта адзначыць, што для арганізацый, у якіх па выніках справаздачнага перыяду нарастаючым вынікам з пачатку падатковага перыяду падатковая база падатку на прыбытак перавысіць 25 мільёнаў рублёў, стаўка падатку з студзеня бягучага года ўстанаўліваецца ў памеры 25 %.
Таксама з 2024 года зменены гранічныя значэнні валавой выручкі, для тых, хто прымяняе спрошчаную сістэму падаткаабкладання або хоча перайсці на яе прымяненне:
— для захавання права прымянення ССП – 2 311 250 рублёў;
— для пераходу на ССП з 2025 года – 1 733 440 рублёў за 9 месяцаў 2024 года.

– З гэтага года ўведзены дадатковы падатковы вылік для маладых спецыялістаў. Раскажыце пра яго больш падрабязна, калі ласка.
– З мэтай стымулявання, прыцягнення і замацавання маладых спецыялістаў у Падатковы кодэкс унесены нормы, адпаведна якім з 1 студзеня 2024 года маладыя спецыялісты, маладыя рабочыя (служачыя) маюць права на атрыманне дадатковага стандартнага падатковага выліку па падаходным падатку ў памеры 620 рублёў на месяц.
Такі падатковы вылік прадстаўляецца ўсім маладым спецыялістам (рабочым, служачым), якія атрымалі вышэйшую, сярэднюю спецыяльную, прафесійна-тэхнічную адукацыю, адукацыю па спецыяльнасцях для воінскіх фарміраванняў і ваенізаваных арганізацый і працаўладкаваным у адпаведнасці з пасведчаннем аб накіраванні на работу.
Вылік прадстаўляецца з 1 сту-дзеня па месцы асноўнай работы:
– на працягу вызначанага заканадаўствам тэрміну абавязковай работы ў наймальніка па размеркаванні (пераразмеркаванні), працаўладкаванні ў лік броні, але не больш за 7 гадоў з даты працаўладкавання. Трэба адзначыць, што ў выпадку пераходу маладога спецыяліста да іншага наймальніка, права на прымяненне выліку страчваецца.
– на працягу ўстаноўленага заканадаўствам тэрміну абавязковай ваеннай службы па спецыяльнасцях для воінскіх фарміраванняў і ваенізаваных арганізацый.

Пры ўзнікненні пытанняў ці патрэбы ў больш падрабязнай інфармацыі можна звяртацца па тэлефонах: 8-02345-3-82-91, 8-02350-2-70-38, 2-52-39, 2-70-64, а таксама ў інспекцыю па адрасе: горад Петрыкаў, вуліца Гагарына, 17А, кабінет №1.
– Дзякуй за адказы і тлумачэнні, Марына Паўлаўна.

Запісаў Арцём ГУСЕЎ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о