Лёгкі заробак – цяжкія наступствы

0
1351

Лёгкі заробак – цяжкія наступствыУсё часцей у сацыяльных сетках і месенджарах карыстальнікам сталі прыходзіць паведамленні з прапановамі без асаблівых намаганняў за дзень зарабіць да 100 долараў. Што стаіць за прапановай лёгкага заробку – у нашым матэрыяле.

У інтэрнэт-прасторы Гомельшчыны набірае абароты новае кіберзлачынства. На гэты раз ад патэнцыяльнай ахвяры патрабуецца ўсяго нічога – аформіць на сябе банкаўскую карту ў банку, на які пакажа ўяўны працадаўца, і перадаць паведамленнем у сетцы Інтэрнэт рэквізіты карты патэнцыйнаму працадаўцу. Аднак наступствы такая “паслуга” мае даволі сур’ёзныя. За тлумачэннем прававога боку акрэсленай сітуацыі мы звярнуліся да начальніка райаддзела міліцыі Аркадзя Масійчука.
– Як правіла, усе зносіны адбываюцца ў сетцы Інтэрнэт без асабістага кантакту. Гісторыі, для чаго патрэбна працадаўцу чужая банкаўская карта, розныя. У асноўным гэта неабходнасць пераводу грошай на рахункі ў Беларусі, а сам ён не можа, бо знаходзіцца ў іншай краіне.
Чалавек, які пагадзіўся на такія ўмовы здзелкі, становіцца так званым “дропам” – падстаўной асобай у шэрых схемах кібермахляроў. Дроп – гэта той чалавек, які згаджаецца, каб яго банкаўская карта стала “транзітнай” для скрадзеных ашуканцамі грошай. Дроп пераводзіць незаконна атрыманыя грашовыя сродкі паміж рознымі рахункамі. Такі ланцужок пераводаў патрэбны для таго, каб заблытаць сляды кіберзлачынцаў і ўскладніць працу міліцыі, – расказаў праваахоўнік.
Як пазначыў у час размовы Аркадзь Масійчук, дропы бываюць “разводныя” і “неразводныя”. Адрозненне іх толькі ў тым, што неразводныя ўсведамляюць увесь цяжар учыняемых імі дзеянняў і наўмысна займаюцца гэтым. У большасці сваёй гэта школьнікі, студэнты, якія маюць патрэбу ў фінансах. Разводныя дропы не ведаюць пра тое, што ідуць на злачынства. Яны думаюць, што сапраўды працуюць і атрымліваюць заробак. Аднак гэта далёка не так – апісаная схема злачынная і яна мае крымінальныя наступствы для дропаў.
– Адказнасць за такія дзеянні прадугледжана артыкулам 222 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь – незаконны абарот сродкаў плацяжу і (або) інструментаў і наступае з 16 гадоў, – засяродзіў увагу Аркадзь Мікалаевіч. – Санкцыя артыкула прадугледжвае штраф ці абмежаванне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў, ці пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.
Дзеянні, учыненыя паўторна, або арганізаванай групай, або ў асабліва буйным памеры караюцца абмежаваннем волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў са штрафам або без штрафу.
Будзьце абачлівыя і законапаслухмяныя: за ілюзорным заробкам стаяць рэальныя тэрміны пазбаўлення волі.

Запісала Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о