Рубрыка “Нашы людзі” як ніколі актуальная. Што гэта за людзі? Беларусы са знакам якасці? Бясспрэчна! Гэта грамадзяне нашай краіны, апантаныя сваёй працай, заўсёды натхнёныя, гатовыя зведаць сваю справу ад загалоўнай літары “А” да значка друкарні, перадаваць веды новаму пакаленню, выхоўваць. Наша гераіня якраз з такіх.

Школьнік павінен ведаць свой родТаццяна Васілец – з дынастыі педагогаў. Скончыла школу ў Конкавічах і паступіла ў Гомельскі ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. Цяпер – настаўніца гісторыі ў Мышанскай сярэдняй школе. Разам з вучнямі педагог паспяхова штурмуе міжнародныя алімпіяды, рэспубліканскія конкурсы даследчых работ.
– Тое, што стану педагогам, было мне вядома яшчэ з малодшых класаў. Толькі марыла стаць настаўнікам рускай мовы і літаратуры, а стала настаўнікам гісторыі, – пазнаёміла з фактамі сваёй біяграфіі Таццяна Мікалаеўна. – Справа ў тым, што прыйшоў новы настаўнік і мае інтарэсы змяніліся. Цяпер, з вышыні пражытых гадоў, скажу, што ўявіць сябе ў іншай прафесіі не магу. Гісторыя – адна з самых цікавых дысцыплін.

Спачатку я працавала ў Конкавічах, а калі муж атрымаў працу ў Мышанцы, мы пераехалі сюды. Тут нарадзіліся нашы дзеці.
На пытанне, у чым жа задача настаўніка гісторыі, гераіня ўпэўнена адказвае:

– Выхаваць! У школе мы надаем шмат увагі краязнаўству. Сорамна прызнацца, калі дзеці ведаюць дату нараджэння Марціна Лютэра, а дату нараджэння бабулі ці дзядулі – не. Каб такога не здаралася, мы праводзім разнастайныя класныя гадзіны, прэзентацыі, гульні, дзе дзеці павінны расказаць, кім былі іх продкі. Сустракаемся з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны.

Прыемна, калі дзіця даведваецца, што яго дзядуля быў героем Вялікай Айчыннай вайны. І кажа потым: “А матуля не расказвала, што дзеда здзейсніў подзвіг”. Дастаткова зайсці на сайт “Памяць народа”, увесці прозвішча і па ім выдадуць усю інфармацыю пра чалавека. Акцэнт на ўроках і дадатковых занятках я раблю на тым, каб дзіця ведала свой род. Навукова-даследчыя работы таксама павышаюць узровень ведаў вучняў і развіваюць аналітычнае мысленне.

Мая суразмоўца ўпэўнена: калі чалавек не цікавіцца мінулым і нават не разумее, навошта яму трэба ведаць сваіх продкаў, то ён пазбаўляецца дапамогі і падтрымкі роду, сілы, якая часам ратуе цэлыя жыцці!

– Я шмат працавала над даследаваннем біяграфіі сваёй сям’і. Дзе і як служыў мой дзядуля і дзядуля мужа. Цяпер перадаю гэтае жаданне – дакапацца да ісціны – сваім вучням.

Таццяна Мікалаеўна канстатуе, што апошнім часам надае вялікую ўвагу тэме Вялікай Айчыннай вайны на ўроках.
– У гісторыі вялікі патэнцыял, асабліва ў Год гістарычнай памяці. Хаця нават, калі б яго не было, адзначу: у нашай установе гэтаму перыяду надаецца шмат увагі.

У канцы размовы Таццяна Мікалаеўна адзначыла галоўныя якасці настаўніка:
– Гэта крэатыў, творчы падыход да заняткаў, актыўнасць, здаровая апантанасць. Важна, каб не было мяжы паміж настаўнікам і вучнем. Трэба быць нароўных з дзецьмі. Бывае, што дыскусія, пачатая ў час занятку, працягваецца на перапынку. Такое бурнае абмеркаванне адбываецца ў нас. Я часта задаю пытанне сваім вучням: што канкрэтна яны гатовы зрабіць, каб наша краіна стала яшчэ лепш, чым яна ёсць? Лічу, што сёння важна не толькі быць спажыўцом і чакаць, што дзяржава ўсё гатовае прадаставіць, але і самому зрабіць унёсак у яе развіццё. Нашы дзеці – будаўнікі будучыні.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о