Сезон завяршыўся, варта рабіць высновы

0
482

Вось і завяршыўся футбольны сезон першай лігі Чэмпіяната Беларусі па футболе. Каманды правялі свае апошнія матчы і толькі адзін калектыў, прапускаючы апошні тур, здолеў узняцца радком вышэй у выніковай турнірнай табліцы, не выходзячы на поле. Па іроніі лёсу гэты футбольны клуб і быў непасрэдным канкурэнтам петрыкаўскага “Шахцёра”.

Як праходзіла гульня “гарнякоў” у 34-м туры, якой адзнакі заслугоўвае выступленне каманды з берагоў Прыпяці – паспрабуем разабрацца ў гэтым матэрыяле.

Курс на Гродзеншчыну і сітуацыя ў турнірнай табліцы

Ад апошняга матчу калійнай дружыны ў Лідзе залежала, якія каманды размесцяцца на 15-м і 16-м месцы ў выніковым “табелі аб рангах”. Сітуацыя склалася наступным чынам: і “Шахцёр”, і “Слонім-2017” мелі па 22 ачкі, роўны вынік асабістых сустрэч (кожны калектыў прайграў апаненту з лікам 0:1) і нават аднолькавую розніцу забітых і прапушчаных мячоў (-37). “Слонім” прапускаў апошні тур, і калі б “салевікі” ў апошняй сваёй сустрэчы здабылі ачкі, то пытанне было б вырашана: петрыкаўскія футбалісты заставаліся на 15-м месцы, а калектыў з берагоў Шчары – на перадапошнім, 16-м. Разам з тым, паражэнне для “Шахцёра” значыла павелічэнне розніцы забітых і прапушчаных, з-за чаго жоўта-чорныя спускаліся б на пазіцыю ніжэй, прапускаючы перад сабой канкурэнтаў.

А што “Ліда”? Гэты футбольны клуб набраў пад канец сезону выдатную форму і абыграў двух апошніх сапернікаў: “Астравец”, з лікам 4:0, і “Маладзечна” – 3:2. Такім чынам, выкладвацца “гарнякам” трэба было поўнасцю і не на імгненне не збаўляць абаротаў.

Пачалася сустрэча даволі стрымана, але ўжо на 15-й хвіліне госці здолелі знайсці хібы ў абароне гаспадароў і доўгая перадача Вячаслава Прыгодзіча з правай броўкі знайшла каля варот Андрэя Дзенісюка, які адным дакрананнем у скачку адправіў мяч у сетку.

“Шахцёр” не паслабіў ціск, але рэалізаваць некалькі наступных момантаў не атрымалася. Лідчане ж “прыйшлі ў прытомнасць” толькі за 10 хвілін да канца першага тайма. З ходу забіць не атрымалася, але выратаваў гасцей стандарт. Як ужо неаднаразова адзначалася: прасцей за ўсё забіць у вароты “калійшчыкаў” можна з вуглавога. Вось і на гэты раз, забягаючы на пазіцыю, нападаючы не меў канкурэнцыі ў гульні на другім паверсе і адзначыўся голам на 37-й хвіліне.

Пасля перапынку лепей ужо выглядалі футбалісты “Ліды”. Абарона “салевікоў” цярпела ад імклівых атак, не паспявала за нападаючымі і ўжо на 52-й хвіліне гаспадары выйшлі наперад у малаперспектыўным, на першы погляд, моманце – 2:1. А яшчэ праз 7 хвілін чарговы хуткі праход да варот павялічыў адрыў прымаючага футбольнага клуба над гасцямі. Перамога магла б мець яшчэ больш буйны лік, але вынік гульні ўжо не змяніўся: футбалісты “Ліды” былі не такімі трапнымі ў сваіх апошніх штурмах.

Падводзячы вынікі
Не буду суцяшаць аматараў “Шахцёра” вядомымі выслоўямі, кшталту “Задача мінімум – выканана” ці “Футбалісты яшчэ маладыя”. Наўрад ці перад стартам турніру нехта сур’ёзна вызначаў мэту не вылецець з дывізіёну і прыцэльваўся на перадапошняе месца. Ды і спартсмены гэтага саставу ў наступным сезоне пасталеюць толькі на год.
Невядома, як будуць складвацца справы ў петрыкаўскага калектыва далей, але самым лагічным рашэннем было б захаваць лепшыя напрацоўкі і ліквідаваць праблемныя моманты гульні: навучыцца абараняцца ў час стандартаў, пачаць адыгрываць на другім паверсе, палепшыць перадачы.

У пэўных момантах каманда паказвала нядрэнную гульню – узяць хоць бы цудоўныя абаронныя дзеянні з “Дняпром”. Не выпадае хвалявацца за варатароў, бо праявілі сябе яны даволі нядрэнна, ёсць у дружыне і выканаўцы атакуючага плана. Магчыма, свой плён дало б запрашэнне ў састаў некалькіх больш вопытных футбалістаў, якія дазвалялі б калектыву захоўваць халодную галаву ў моманты напружання. Словам, ёсць мноства напрамкаў, дзе яшчэ трэба багата папрацаваць і, упэўнены, вынікі каманды істотна палепшацца.

У любым выпадку, паважаныя заўзятары, я віншую вас са сканчэннем чарговага футбольнага сезона. Спадзяюся, што ў наступным годзе трыбуны будуць больш поўныя і аматараў самай папулярнай у свеце гульні сярод мясцовых стане больш.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о