Сучасная моладзь – часты аб’ект для абмеркавання ў грамадстве. На днях “папаліся” на вочы дадзеныя сацапытання сярод студэнтаў сталічных вузаў, праведзенага Інстытутам сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Тэма: каштоўныя арыенціры юнакоў і дзяўчат. Паводле апрацоўкі дадзеных, арганізатары мерапрыемства адзначылі, што такія каштоўнасці як сумленне, гонар і годнасць, у якасці прыярытэтных, адзначыла амаль палова апытаных.

Поспехаў табе, Антон!Для даследчыкаў відавочна: моладзь за апошнія гады мяняе стэрэатыпы і звяртаецца да больш традыцыйных каштоўнасцей, цэніць спакой і не рвецца мяняць свет або чалавецтва. Напэўна, некаторыя скажуць, што такі плён дае дзяржаўная палітыка па патрыятычным выхаванні. Спрачацца не буду. Але прытрымліваюся думкі: у большасці сваёй маладыя людзі, здольныя правільна вызначаць рэальнасць, ва ўсе часы былі рухаючай сілай грамадства. У мяне, былога педагога, за плячыма не адзін такі годны прыклад сярод выпускнікоў. Упэўнена, як і ў маіх калег.

Некалькі гадоў адсочваю навіны пра выпускніка Смятаніцкай сярэдняй школы Антона Пінчука. Для мяне ён прыклад упартасці і мэтанакіраванасці. Доказ: калі падлетак выбірае будучую прафесію самастойна і “па душы” – ён знойдзе сябе ў жыцці. У свой час Антон вызначыўся з будучай прафесіяй ваеннага ў класе восьмым. Бацькі не пярэчылі жаданню сына і ўсяляк падтрымлівалі. Юнак разумеў, што для дасягнення мэты патрэбна добрая фізічная падрыхтоўка. Кожны дзень у вучня пачынаўся з турнікоў на школьным стадыёне, перапынкі – туды ж, у вольны час наведваў спартыўныя секцыі.

Летам 2020-га года ён стаў курсантам ваеннай акадэміі факультэта ўнутраных войск. Першы год вучобы будучага камандзіра ўзвода прыпаў на паслявыбарныя правакацыі агрэсіўна настроеных груповак. Тут праявілася правільнае выхаванне бацькоў і педагогаў, добрая фізічная падрыхтоўка: як і яго таварышы выходзіў на абарону мірнага насельніцтва. З яго слоў: перад сабой бачыў аднагодкаў, якія несвядома, неабдумана выконвалі чужыя даручэнні.

Год таму мне выпала магчымасць пагутарыць з былым вучням. Даведалася, што Антон залічаны ў Акадэмію алімпійскага рэзерву, абараняе гонар установы на спаборніцтвах рознага ўзроўню, трэніруецца з асабістым трэнерам і надае асаблівую ўвагу тайскаму боксу і гіравому спорту. Яго мэта набыла маштабы – стаць майстрам спорту Рэспублікі Беларусь. Мяне тады прыемна ўразілі самастойнасць, ураўнаважанасць, погляды на будучыню Антона, і само сабою – спартыўная выпраўка. З сацыяльных сетак я даведалася, што акрамя спартыўных дасягненняў былы вучань вядзе актыўную грамадскую дзейнасць. На мерапрыемствах яму даручаюць несці сцяг краіны, будучы спецназавец – актыўны ідыёлаг і не раз заслугоўваў словы падзякі ад камандзіраў.
У канцы лістапада сацыяльныя сеткі “абляцеў” фотаздымак маладога ўраджэнца нашага раёна з новымі спартыўнымі ўзнагародамі. Надпіс сведчыў: прызёр унутраных войскаў па лёгкай атлетыцы. Чэмпіён у складзе каманды Ваеннай акадэміі Беларусі па шматбор’і. Кандыдат у майстры спорту.

Вось так просты вясковы юнак неверагоднай працай ідзе да сваёй высакароднай мэты. І калі я чую, што моладзь у нас “ужо не тая, што была раней”, я ўступаю ў дыялог. Навошта рабіць высновы з малалікіх непрывабных фактаў. Азірніцеся, сярод кола сваіх знаёмых вы абавязкова знойдзеце маладых беларусаў, якія годна нясуць сваю місію і якімі спаўна можа ганарыцца Петрыкаўшчына.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о