Баскетбольныя баталіі, упартая барацьба, бронзавы вынік

0
535

На працягу двух дзён, 29 і 30 лістапада, Петрыкаўшчына прымала абласныя спа-борніцтвы па баскетболе сярод вучняў устаноў адукацыі 2009 года нараджэння і малодшых.

Баскетбольныя баталіі,  упартая барацьба, бронзавы вынікТурнір падзяляў зборныя раёнаў Гомельшчыны па групах, згодна з колькасцю насельніцтва ў рэгіёнах. У 2-ю групу трапілі каманды з Гомельскага, Жыткавіцкага, Лельчыцкага, Рагачоўскага, Хойніцкага раёнаў і гаспадары спаборніцтваў – дружына Петрыкаўшчыны. На вялікі жаль, не дабраліся на мерапрыемства калектывы з Буда-Кашалёўскага і Добрушскага раёнаў.

Хлопцы дэманстравалі свае спрыт, хуткасць і трапнасць на пляцоўцы спартыўнай залы ДЮШС, у той час як дзяўчаты аспрэчвалі чэмпіёнства ў залах гімназіі і другой гарадской школы. Сустрэча складалася з двух перыядаў па 10 хвілін кожны.
Распачаўся турнір з жараб’ёўкі, згодна якой 6 каманд-удзельніц былі падзеленыя на дзве падгрупы, пераможцы якіх змагаліся за першае месца турніру, а тыя юныя спартсмены, што паказалі другі вынік на падгрупавой дыстанцыі, спаборнічалі за трэцюю прыступку п’едэстала. Петрыкаўскія баскетбалісты трапілі ў падгрупу разам з дружынамі Гомельскага і Жыткавіцкага раёнаў, у той час як зямлячкам выпадала згуляць з жыткаўчанкамі і Лельчыцкім калектывам.

У час адкрыцця мерапрыемства да падрастаючага пакалення звярнуўся сакратар спаборніцтваў, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Уладзімір Кульба, які пажадаў удзельнікам здароўя і спартыўнага развіцця, выказаўшы перакананне, што турнір пройдзе ў добразычлівай атмасферы з захаваннем спартыўных прынцыпаў.
Першымі на пляцоўку ДЮСШ выйшлі каманды Петрыкаўскага і Гомельскага раёнаў. Напачатку гульні ініцыятыва была за гаспадарамі, але госці даволі хутка прызвычаіліся і пачалі даганяць нашых землякоў. Так ці інакш, наша зборная, што складалася з гімназістаў, вучняў другой гарадской і Капцэвіцкай школ, здолела стварыць неабходную перавагу і выйсці пераможцам у гэтай сустрэчы з лікам 16:13.
Не так пашанцавала нашым хлопцам у другім супрацьстаянні з юнакамі з Жыткавіцкага раёна: госці былі мацнейшыя і матч скончыўся з буйным адрывам на карысць суседзяў – 6:19. Трэба адзначыць, што і гомельскія спартсмены пацярпелі паражэнне з падобным лікам – 6:18.

У другой падгрупе інтрыга захоўвалася больш працяглы час. Сталася так, што кожная каманда запісала на свой рахунак па адной перамозе і адным паражэнні, маючы ўрэшце па тры ачкі. Вызначаць лепшых давялося па розніцы забітых і прапушчаных мячоў, дзе найбольшы задзел забяспечылі сабе спартсмены з Хойніччыны, а другі вынік паказалі баскетбалісты з Рагачоўшчыны – будучыя сапернікі нашых землякоў.

Баскетбольныя баталіі,  упартая барацьба, бронзавы вынік

У спаборніцтвах сярод дзяўчын, дзе наш раён таксама прадстаўлялі спартсменкі з гімназіі, СШ №2 і Капцэвіцкай сярэдняй школы, сітуацыя складалася падобным чынам. Упэўненая вікторыя над камандай Лельчыцкага раёна – 20:4, не ператварылася ў пераможную серыю і петрыкаўская дружына пацярпела паражэнне ад зборнай Жыткавіччыны з даволі буйным адрывам 17:35. Сустрэча калектываў з Жыткавічаў і Лельчыцаў увогуле завяршылася сухім разгромам для апошняга – 32:0.
У суседняй падгрупе не было роўных дзяўчатам з Рагачоўшчыны, якія святкавалі дзве перамогі. Другі вынік з перамогай і паражэннем паказала каманда Хойніцкага раёна, якой належала супрацьстаяць нашым зямлячкам у барацьбе за трэцюю прыступку п’едэстала ў выніковым заліку.

Другі дзень працягваўся фінальнымі гульнямі з вызначэннем пераможцаў і становішча ў выніковай турнірнай табліцы. Сярод юнакоў спарынг за 5-е месца быў за камандай з Гомельскага раёна. З тым жа лікам 12:10, у даволі напружанай барацьбе паміж хлопцамі з Петрыкаўшчыны і Рагачоўшчыны, матч за трэцяе месца турніру завяршыўся на карысць гаспадароў спаборніцтваў. А вось супрацьстаянне паміж зборнымі юнакоў Жыткавіцкага і Хойніцкага раёнаў за чэмпіёнства скончылася ўпэўненай перамогай нашых заходніх суседзяў – 24:10.

Сярод дзявочых каманд ніз турнірнай табліцы выглядаў адпаведна: 6-е месца дасталася Лельчыцкай дружыне, 5-е – гамяльчанкам. Петрыкаўскія ж спартсменкі не вытрымалі ціску хойніцкіх баскетбалістак і саступілі з лікам 10:24 у сустрэчы за трэцюю прыступку п’едэстала. Фінал прадстаўніц рагачоўскага і жыткавіцкага баскетболу быў напружаным і завяршыўся на карысць апошніх з адрывам у тры ачкі – 18:21. Такім чынам, абодва кубкі турніру атрымалі “прапіску” ў Жыткавічах.
Віншуем прызёраў з узнагародамі і чакаем наступных стартаў.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о