З цялятак пачынаецца статак

0
1045

З цялятак пачынаецца статакСвятлана Трухановіч, жывёлавод па абслугоўванні цялят СУП “Палессе-Аграінвест”, па выніках сёлетніх раённых спаборніцтваў за дасягненне найвышэйшых паказчыкаў у сельскагаспадарчай вытворчасці, дабілася максімальных у раёне сярэднясутачных прываг – 1003 грамы. Трымаем курс на МТК “Бяланавічы”, бо не пазнаёміцца з лепшым жывёлаводам раёна мы не маглі.

Святлана Пятроўна 13 гадоў працуе на МТК “Бяланавічы”. Як распавяла ў час размовы жанчына, у зоне прафесійнага клопату і адказнасці яе і напарніцы Валянціны Пятроўны Рашкевіч – 275 цялят ва ўзросце ад 6 месяцаў да году. Так, пасада адказная, а праца нялёгкая, аднак жанчына сваім прафесійным выбарам задаволена. Згадваючы факты біяграфіі, паведаміла, што пачынала свой прафесійны шлях у саўгасе “Петрыкаўскі” (цяпер СУП “Палессе-Аграінвест”), пасля некаторы час адпрацавала ў ЭЛПГ “Ляскавічы”, аднак па прашэсці пэўнага часу зразумела, што ў сельскай гаспадарцы адчувае сябе куды лепш.

– Гэта маё. І работу сваю люблю, і калектыў у нас вельмі дружны, і заробак годны, да таго ж яшчэ і харчовы дадатак атрымліваем – дзеліцца мая суразмоўца.
Працоўны дзень Святланы Трухановіч пачынаецца ў палове восьмай гадзіны, менавіта ў такі час службовы аўтобус дастаўляе яе, жыхарку Макарычаў, і іншых немясцовых работнікаў комплексу ў Бяланавічы. І адразу на комплексе пачынаецца рух. Першымі Святлана корміць самых маленькіх гадаванцаў, тых, хто не так даўно трапіў да яе ў групу. Знаходзіць магчымасць, каб хоць крыху каля іх затрымацца, разумее: усім патрэбны клопат, а малым асабліва. Жанчына адзначае, што характар і нораў кожнае цяля мае свой: адны – рахманыя і пакорлівыя, другія – гарэзлівыя і няўрымслівыя, трэція – упартыя і шкадлівыя. Таму і мянушкі атрымліваюць адпаведныя: Бора, Ванька, Дружок, Жулік, Зорка, Манька, Прыгажуня.

Пайшоў дождж і размову працягваем у памяшканні, непасрэдна на працоўным месцы нашай гераіні.
У хляве прасторна і чыста, а стварэнне добрых умоў для працы жывёлавода і ўтрымання цялят, як вядома, зноў жа спрыяе павышэнню паказчыкаў.

– Гэта наша з напарніцай гаспадарка, – шырокім узмахам рукі, з непрыхаваным гонарам, абводзіць жывёлавод вытворчае памяшканне, дзе па секцыях адсартаваны цяляты. Гадаванцы нібы зразумелі, што пра іх ідзе гаворка, дружна вітаюць Святлану Пятроўну – на праход высоўваюцца пыскі бычкоў і цёлачак.

– Зімой, зразумела, працаваць складаней, асабліва ў мароз, з кармамі ўпраўляцца, чысціць памяшканне. А яшчэ трэба клапаціцца, каб была пастаянна ў цялят цёплая вада. Усім, нават большым, мы яе падаграваем. З кармамі ў нас у гаспадарцы ніколі пытанняў не было. Вось і сёлета нарыхтавалі ўдосталь, так што тут праблемы няма, – працягвае аповед мая гераіня.

І праўда, на кармавым стале – кукуруза, сянаж, сена, камбікорм – як бачым, рацыён разнастайны.

З далейшага дыялогу даведваемся, што падчас кармлення-паення штодзень жанчына аглядае ўсю сваю 275-галовую кампанію, прыкмячае, як цяля есць, як паводзіць сябе.

– Цялятка ж само не скажа, калі што не так, – заўважае Святлана Пятроўна. – Да яго, як да дзіцяці, патрэбна ўвага. Вось тут і дапамагае шматгадовы вопыт работы ў жывёлагадоўлі. За трынаццаць гадоў на комплексе навучылася вызначаць стан жывёлы з першага позірку, не паверыце, але нават па вачах бачу: здаровае цяля ці не. Калі што не так – клічу доктара. Ён у нас заўсёды на комплексе.

Нават накарміўшы ўсіх, часу на адпачынак наша гераіня не мае, трэба памыць паілкі і даць жывёле вады, пры неабходнасці – паварушыць кармавы стол, навесці парадак у секцыях: дзе выдаліць арганіку, дзе падкінуць падсцёлу.

Пытанне, ці цяжкая гэта праца, было, хутчэй, рытарычным – і так зразумела, што нялёгкая, і Святлана гэта пацвердзіла, але не са скаргай на долю – проста канстатавала факт: лёгкай працы ў сельскай гаспадарцы не бывае. А потым дадала, што ўсюды працаваць цяжка, але без гэтага – ніяк.

Адзначу, што па працы – работніцы і пашана: Святлана Трухановіч ужо не першы раз становіцца пераможцай раённага спаборніцтва. Калі падчас размовы мы сталі ўзгадваць яе дасягненні і заслужаныя ўшанаванні, жанчына, сціпла ўсміхаючыся, шчыра прызналася, што за гэтым не гоніцца, проста працуе, проста стараецца.
У завяршэнні размовы прапаную зрабіць фотаздымак разам з гадаванцамі. Па ўсім відаць, прапанова мая была неабачлівая: зусім не зважаючы на мяне, цяляты абступілі жанчыну, туліліся да яе, лізалі рукі. Што і казаць, сцэна поўная замілавання.

Адрасуючы віншаванні з нагоды прафесійнага свята калегам з МТК “Бяланавічы” і ўсім супрацоўнікам сельскагаспадарчай галіны раёна, Святлана Пятроўна пажадала моцнага здароўя на доўгія гады, мірнага неба, шчасця і дабрабыту, плённай працы і добрага дастатку.

Са словамі падзякі за нялёгкую працу і высокія вытворчыя вынікі калектыў рэдакцыі далучаецца да пажаданняў.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о