Да хлеба з павагай

0
1045

Адзін з самых важных прадуктаў на нашым стале – хлеб. Апрача сваіх разнастайных харчовых якасцяў, хлеб заўсёды меў і выключнае сімвалічнай значэнне, пра што гаворыць безліч прыказак, прымавак, прыкмет і казак.
З нагоды Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК мы пацікавіліся ў землякоў, якія традыцыі адносін да хлеба склаліся ў іх асяродку.

Да хлеба з павагайМайстар выцінанкі Петрыкаўскага раённага Дома рамёстваў Ганна Туравец:
– Мы ніколі не выкідваем хлебныя крошкі ў сметніцу, а пакідаем іх на корм птушкам, як гэта рабілі і мінулыя пакаленні. Такі сямейны прыклад для дзяцей быў знакавы і зараз мая 13-гадовая дачка робіць адпаведным чынам.
Акрамя гэтага, варта заўсёды сачыць за чысцінёй хлеба: захоўваць яго ў хлебніцы, а калі ён знаходзіцца на стале – укрываць прадукт.
Ну і канешне, трэба абавязкова набываць столькі хлеба, колькі спажывае сям’я, каб у доме не з’яўлялася лішкаў хлебабулачнай прадукцыі, што пачнуць псавацца. Лепей вядома, часцей набываць свежыя вырабы.

 

Да хлеба з павагайАдміністратар гандлёвай залы крамы “Мінск Крышталь” Анастасія Прысада:
– З вышыні свайго працоўнага вопыту скажу, што асаблівай папулярнасцю ў пакупнікоў карыстаецца менавіта петрыкаўскі хлеб. Тлумачаць кліенты гэта смакам вырабаў мясцовых пекараў.
З уласных успамінаў магу згадаць, як з самага маленства матуля заўсёды казала: “Даядай хлеб, у ім твая сіла!”. Гэты запавет я неяк ненаўмысна засвоіла: зараз і ў мяне ў сям’і ніхто не пакідае кавалачка хлеба. Нават калі ў час наведвання якога-небудзь кафэ бачыш надкусаную скарынку хлеба, што сіратліва ляжыць недзе на стале – становіцца крыху няёмка. Такое ўжо ў мяне склалася стаўленне да гэтага прадукту.

 

Да хлеба з павагайВыконваючы абавязкі старшыні Конкавіцкага сельвыканкама Віталь Пілер:
– З маленства я памятаю, як мая бабуля пякла хлеб і заўсёды падыходзіла да гэтай справы з добрым настроем і светлымі думкамі. Акрамя гэтага, асобнае месца ў маіх дзіцячых упамінах займаюць яе прысмакі: коржыкі, пірагі ды булачкі. Сакрэтаў яе смачнай выпечкі я, зразумела, не даведаўся – гэта была традыцыйная жаночая справа, а мяне, хлопчыка, прывучалі да работы на палетках.
Памятаю, як пасля працы вялікая сям’я збіралася за сталом. Галоўнае месца займаў дзед. Ён адразаў нажом кавалкі хлеба і раздаваў яго кожнаму члену сям’і – гэта была абавязковая традыцыя. Дарэчы, рваць бохан рукамі было непрымальна, гэта лічылася непавагай да хлеба.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о