Знайсці спакой у Петрыкаве. Маладыя муж і жонка пакінулі шумны Мінск, каб знайсці сваё шчасце ў нашым раённым цэнтры

0
918

Знайсці спакой у Петрыкаве. Маладыя муж і жонка пакінулі шумны Мінск, каб знайсці сваё шчасце ў нашым раённым цэнтры

Нашы сённяшнія героі сваім пераездам у незнаёмы для іх горад здзівілі шмат каго: бацькоў, сяброў, сваякоў і нават будучых працадаўцаў.
“Як? Чаму? Вы ж там ніколі не былі! А праца?” – пыталі блізкія, але Сняжана і Уладзімір Гананайка былі цвёрдыя ў сваім рашэнні. Ім патрэбна ціхае і ўтульнае месца для стварэння сям’і. 

“Свята 9 мая мы адзначалі з сябрамі ў цэнтры Мінска. Канцэрт на плошчы, прамова Прэзідэнта, салют. А па дарозе дадому, калі натоўп народу накіраваўся ў метро, мы з жонкай пачалі размову, што жыццё ў сталіцы, безумоўна, цікавае, але занадта шумнае. Сняжана ўвогуле адзначыла, што хацела б жыць у вёсцы. Можна сказаць, што гэты момант стаў вырашальным у нашым лёсе. Наступным крокам стала вызначэнне месца пражывання”, – распавёў у час інтэрв’ю Уладзімір.

Сняжана пацвярджае яго словы і зазначае, што па натуры яна чалавек спакойны і жыць хацела б у такім жа рытме.
“Калі мы ўжо канчаткова вырашылі, што пераязджаем, я на той момант была студэнткай Беларускага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, Вова працаваў старшым інспектарам Дзяржпрамнагляду МНС Мінскага абласнога ўпраўлення. Мы хацелі абсталявацца бліжэй да дома, Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Сярод магчымых месцаў жыхарства разглядалі Мікашэвічы, Жыткавічы і Петрыкаў. Пасля таго, як муж убачыў прыроду вашага рэгіёна, сказаў: “Едзем туды!” А я, вядома, пайшла за ім.

У мяне востра паўстала пытанне размеркавання, патрэбны быў ліст ад Петрыкаўскай ЦРБ, што мяне возьмуць на працу. Я вучылася на бюджэце, мне важна было знайсці працоўнае месца па спецыяльнасці. У выніку пасля некалькіх паездак і дапамогі загадчыцы сястрынскага аддзялення майго каледжа, пытанне вырашылася”, – распавяла дзяўчына.

Уладзімір дапаўняе: “Я хутка знайшоў працу ў горадзе – чамусьці быў першапачаткова ўпэўнены, што з працаўладкаваннем праблем не будзе, па адукацыі я “Інжынер-механік”, скончыў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт у Магілёве. Спецыяльнасць запатрабаваная практычна ўсюды. І меў рацыю. Цяпер я працую на пасадзе галоўнага інжынера ў СУП “Палессе-Аграінвест”.

Апроч работы, маладыя хутка вырашылі пытанне з жыллём. Уладзімір – вопытны пчаляр, які пераняў справу ад бацькі, а той ад дзеда.
“Так, сапраўды, пчалярства ў маёй сям’і – справа, якой мы зарабляем. Назапашаныя ад працы сродкі, а таксама дапамога ад блізкіх, дазволілі нам купіць кватэру ў Петрыкаве. У мяне, дарэчы, 40 пчаліных сем’яў, у бацькі – 50”.

Пра тое, як мае суразмоўцы пазнаёміліся, распавяла Сняжана: “Яшчэ школьніцай я прыехала да сяброўкі ў суседнюю вёску, так разгаварыліся, што страцілі адчуванне часу. Яна і прапанавала, каб мяне дадому адвёз яе сваяк. У той вечар мы з ім яшчэ паспелі пазнаёміцца бліжэй і выпіць па кубку кавы”.

“Дзяўчына мяне пакарыла з першых хвілін. І я ведаў, што проста знаёмствам гэтая сустрэча не скончыцца, так і здарылася. Але больш за ўсё Сняжана зачаравала майго бацьку, калі яна пачала задаваць пытанні пра пчалярства. А калі спытала дазволу “зайсці ў вулей”… Увогуле, нявесткай тата застаўся задаволены. Разам са Сняжанай мы ўжо чатыры гады, год як ажаніліся”, – удакладніў Уладзімір.

Зараз героі пагружаныя ў працу, але трэба не толькі ўвайсці ў курс, але знайсці агульную мову з калектывам.
“З гэтым у нас таксама асаблівых праблем не ўзнікла, толькі людзі і да гэтага часу здзіўляюцца, задаюць пытанні: “а як так – узялі і прыехалі ў незнаёмы горад?” І такое бывае. Дадому да бацькоў дабірацца насамрэч хутка і зручна, асабліва на цягніку. Праца сёння сапраўды займае амаль увесь наш вольны час. Увосень было крыху прасцей, у цёплыя дні мы выбіраліся на прыроду, на беразе ракі смажылі шашлыкі”.

Самая вялікая радасць, адзначаюць муж і жонка, – бачыць і адчуваць ход жыцця.
“Кажуць, у Петрыкаве нельга купіць таго ды гэтага, а мы такое не адчуваем. Большасць запатрабаванняў вырашае вядомы ўсім маркет-плэйс. Прадукты ў краме свежыя, а хочаш – ідзі на рынак. Хочацца асаблівых забаў, ну так, калі ласка, у той жа Мазыр за гадзіну можна дабрацца, у Мінску часам да крамы больш часу ехаць”.

На пытанне, ці плануюць маладыя заводзіць пчол у Петрыкаве, адзначылі, што гэта пытанне часу.
“Мы нічога не выключаем у сваім жыцці. Улічваючы, на якія змены мы вырашыліся, то ўсё магчыма. Цяпер мы думаем над папаўненнем сям’і”.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о