Прысвячае сябе працы на любімым прадпрыемстве

0
582

Прысвячае сябе працы на любімым прадпрыемстве

Менавіта камунальная служба адносіцца да тых, чые недахопы мы заўсёды заўважаем у першую чаргу. А вось на дасягненні звяртаем увагу далёка не заўсёды – як правіла, расцэньваючы іх як нешта належнае і звычнае. Між тым, у многім менавіта дзякуючы штодзённай руплівай працы камунальнікаў наш горад выглядае такім утульным, камфортным і прыгожым.

У гэтым цвёрда пераканана і наша гераіня – Надзея Васільеўна Піскун. Маладая жанчына толькі тры гады працуе ў райжылкамгасе, да гэтага 21 год адпрацавала ў дзіцячым садку. На пытанне чаму так кардынальна змяніла сферу дзейнасці, Надзея з усмешкай адказала: прапанавалі пасаду загадчыка інтэрнатамі і я шчыра захацела паспрабаваць сябе ў нечым іншым. Сёння Надзея Васільеўна прысвячае ўсю сябе працы на любімым прадпрыемстве. Яна не толькі добры і адказны спецыяліст, а і неабыякавы чалавек, які вядзе актыўную грамадскую работу. Так, Надзея Васільеўна ўзначальвае адну з гарадскіх назіральных камісій і разам з прадстаўнікамі суб’ектаў прафілактыкі вывучае ўмовы жыцця нашых землякоў, клапоціцца пра іх бяспеку, дае парады па ўхіленні выяўленых недахопаў, дапамагае і словам, і справай.

– Я загадваю чатырма інтэрнатамі, у якіх пражывае 277 сем’яў. Засяленне, высяленне, заключэнне дагавораў, санітарны і грамадскі парадак, пажарная бяспека, своечасовая аплата камунальных паслуг – сачыць за ўсім гэтым і ёсць зона маёй прафесійнай адказнасці. Усіх пражываючых ведаю асабіста, што вельмі дапамагае ў рабоце. Памылкова лічыць, што ў інтэрнатах пражываюць людзі з неўладкаванымі лёсамі, безыніцыятыўныя і няшчасныя.

Гэта далёка не так. Для многіх нашыя інтэрнаты – магчымасць стаць незалежнымі, пачаць самастойнае жыццё. Маладыя сем’і, якія пакуль не маюць уласнага жылля, спецыялісты, што прыехалі да нас па размеркаванні, людзі, якім у сілу розных жыццёвых абставін інтэрнат становіцца надзейным прытулкам – розныя чалавечыя лёсы штодзень перад маімі вачыма. Ведаеце, так атрымліваецца, што некаторых я вучу культуры сумеснага пражывання, у другіх жыццёвай мудрасці, цярплівасці і непахіснасці вучуся сама.

Многа шчырых слоў павагі ў час размовы Надзея Васільеўна выказала ў адрас калег і кіраўніцтва КВУП “Петрыкаўскі райжылкамгас”.
– Ведаеце, да таго, як стала працаваць у райжылкамгасе, дазваляла сабе крытычныя заўвагі ў адрас работнікаў прадпрыемства. А цяпер бачу, якіх намаганняў каштуе чысціня і парадак на нашых вуліцах, зладжаная работа электрыкаў і сантэхнікаў, будаўнікоў і энергетыкаў, работнікаў транспартнага ўчастка і зялёнага будаўніцтва.

А жыхарам хочацца сказаць толь-кі адно: беражыце тое, што мы маем. Якімі б ні былі сілы камунальнікаў, якімі б матэрыяльнымі і тэхнічнымі рэсурсамі мы не валодалі, без вашай дапамогі мы не здолеем падтрымліваць кожны куточак нашай Петрыкаўшчыны ў належным парадку і чысціні.

Напярэдадні свята шчыра віншую калег са святам. Жадаю спакойных працоўных будняў, паменш пазаштатных сітуацый, годнай заработнай платы, дабрабыту і сямейнага шчасця!

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о