З любоўю да Прыпяці

0
718

Заўтра работнікі рачнога транспарту адзначаюць сваё прафесійнае свята. І калі некаторым здаецца, што наш райцэнтр не мае адносін да падзеі, то гэта не так – Петрыкаўскі сударамонтны завод – тое месца, куды па рацэ Прыпяць дастаўляюць рачны транспарт з гарадоў Гомельскай і Брэсцкай вобласі для рамонтных работ і рэканструкцыі.

З любоўю да Прыпяці
Скажу шчыра – наведванне прадпрыемства ўразіла ўсім: ад ідэальнай чысціні на ўнушальнай па размерах тэрыторыі, гасціннасці калектыву да вытворчых магутнасцей і скрупулёзнай працы работнікаў, якія, не маючы права на памылку, даюць другое жыццё судам рознага прызначэння. Рачны транспарт – складаная справа і падыход да яе павінен быць адпаведным. Пра гэта добра ведае Сяргей Занкевіч, зборшчык карпусоў металічных судоў, які дзесяць гадоў працуе на прадпрыемстве, выконваючы адмысловыя агнявыя манёўры з тэхнікай.
– Мая праца заключаецца ў зборцы, кантуроўцы, фарміраванні корпуса рачнога судна. Прасцей кажучы, пры дапамозе аўтагена выдаляю праблемныя часткі ў рачной тэхніцы. Хоць праца не з лёгкіх і патрабуе пэўных навыкаў, лічу яе цікавай. Кожнае адрамантаванае судна – гэта як нейкі творчы праект, – гаворыць суразмоўца і паказвае над чым працуе калектыў сёння.
Відовішча ўражвае. На сталёвых падмурках стаіць 73 мятровая баржа для грузавых перавозак. Сама яна важыць 350 тон, а перавозіць па рацэ на ёй можна да 900 тон грузу. Суразмоўца расказвае, што яе ўжо адмылі ад рачных ракавін і падрыхтавалі для рамонтных работ. Можна толькі ўявіць, колькі чалавечых намаганняў трэба прыкласці, каб паставіць на ваду, падрыхтаваную да плавання грамадзіну! Наогул, рачны транспарт – эканамічна выгадны. Уявіце – адным цягам па рацэ можна перавозіць да 3 тысяч тон грузу, што раўняецца 150 грузавым наземным адзінкам тэхнікі.
– Праца ў нас заўсёды ёсць, з апошніх – мадэрнізацыя цеплахода, рамонт барж-пляцовак, карчакранаў, – працягвае аповед Сяргей Уладзіміравіч. – Кіраўніцтва граматнае і адказнае, перажываюць за справу і людзей. Заробак стабільны. Пагэтаму я, як і мае калегі, цэнім працу і выконваем яе сумленна.
Па словах майго героя, на дзейнасць натхняе яго і навакольны маляўнічы пейзаж. Прыпяць блізкая яму з дзяцінства. Сам ён родам з Макарычаў, дзе з малых гадоў хадзіў на раку і любаваўся яе краявідамі. На прадпрыемстве працуе кладаўшчыком і жонка майго героя. Сям’я выхоўвае траіх дзяцей, і, па словах суразмоўцы, – няхай такая стабільнасць будзе і далей.
Хоць работа на заводзе фізічна цяжкая, мне яна падалася даволі рамантычнай. Няма на свеце чалавека, які б не ўглядваўся з захапленнем у блакітныя рачныя прасторы, марачы адправіцца на беласнежным цеплаходзе ў падарожжа па родным краі. А здзяйсненне запаведнага магчыма толькі дзякуючы такім працавітым, умелым і любячым сваю справу людзям, як мой сённяшні герой.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о