Нялёгкі шлях дадому вязня вайны

0
473

Днямі Беларусь адзначыла сумную дату – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Дзень 22 чэрвеня нагадаў нам пра пачатак вайны, якую ніколі не выкрасліць з людской памяці, як і не забыць пра тыя пакуты і боль, што прыйшлі ў кожную беларускую сям’ю. Плакалі маці, праводзячы сыноў на фронт, больш ніколі не ўбачылі бацькоў тысячы дзяцей, сталі ўдовамі маладыя жонкі. Сотням тысяч маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак давялося змагацца за сваё жыццё. Іх дні былі напоўнены голадам, холадам, пакутамі і стратамі. Менавіта праз такія выпрабаванні давялося прайсці нашай зямлячцы Вандзе Волахавай з вёскі Аносавічы, былому вязню фашысцкіх канцлагераў.

Сустракала нас гаспадыня з радасцю. Жанчына не хавала, што чакала прыезду журналістаў: хочацца пакінуць маладому пакаленню ўспаміны, праўду пра гады ваеннага ліхалецця. Калі пачалася Вялікая Айчынная, Ванда Станіславаўна скончыла чатыры класы і планавала працягваць вучобу далей. У бацькоў падрасталі сямёра дзяцей. Цяжка было падымаць усіх на ногі, але дарослыя шмат працавалі і да працы на зямлі, да самастойнасці прывучалі дачок і сыноў. Планы на будучыню былі толькі смелыя і радасныя. Усё б было, каб не пачалася вайна.

– Ведаеце, у свае 97 гадоў, пра тыя страшныя часы памятаю ўсё дасканала. Многія пасляваенныя падзеі забыліся, а тыя смертаносныя чатыры гады – не адпускаюць мяне, прымушаюць усё часцей і часцей перагортваць у памяці страшныя старонкі свайго дзяцінства, – пачала аповед былы вязень. – У той час за Навасёлкамі размяшчаўся завод “Рэкорд” і 22 чэрвеня 1941 года, па гучнай завадской сувязі мы пачулі страшнае: пачалася Вялікая Айчынная вайна. Жылі мы ў той час на пасёлку ў дзесяць хат каля Аносавіч, і праз тры тыдні адбылася першая сустрэча з ворагам. Група немцаў ехала ў Навасёлкі, трое з іх былі вярхом на конях. Яны заехалі ў Аносавічы, спыніліся каля калодзежа, каб памыцца. Уся дзятва збеглася з акругі, каб паглядзець на іх. Неўзабаве з лесу паказалася машына з партызанамі, якія, напэўна, назіралі за вёскай і скарысталіся магчымасцю. Пачалася стральба. Былі забітыя і параненыя.

У 1942 годзе партызаны папярэдзілі жыхароў, што немцы маюць намер паліць вёскі Навасёлкаўскага сельскага Савета. Сям’я гераіні, разам з аднавяскоўцамі пайшла жыць у балота: знайшлі лясісты ўчастак, уладкавалі курані. На наступны дзень людзі са сховішча назіралі, як гарэлі Ванюжычы, Аносавічы. Як выжывалі? Елі ягады, сушылі грыбы, шукалі бульбу на палях, жолудзі, ваду пілі з выкапаных ямак. Але наперадзе чакалі больш жудасныя выпрабаванні: жыццё ў рабстве на чужыне.

– Праз год жыцця на балоце нас знайшлі немцы. Уварваліся з сабакамі, стрэламі, абудзілі наваколле і загадалі ўсім выходзіць з куранёў. Хто спрабаваў уцячы – забівалі. Людзей прывялі ў Аносавічы і размясцілі ва ўцалелых хатах. Трымалі нас, галодных і знясіленых, два тыдні. У адзін з дзён загадалі выходзіць і ісці ў нізіну на полі. Мы думалі, што нас вядуць на расстрэл. Пачалі пад’язджаць адна за адной грузавыя машыны. Немцы акружылі палонных і аб’явілі, што ўсіх дзяцей забіраюць у Германію. Пасля пачалося тое, што забыць я не магу праз дзесяцігоддзі, – у суразмоўцы з’явіліся слёзы на вачах, ёй цяжка стала гаварыць. – Дзяцей пачалі немцы хапаць за рукі, шыю, валасы і цягнуць да машын. Жанчыны крычалі, паўзлі на каленах за фашыстамі, прасілі, некаторыя – вар’яцелі ад гора. У маёй маці забралі пяцёра дзяцей, пакінулі толькі зусім маленькіх сястрычак.

Пунктам прызначэння для дзяцей стаў горад Разэмберг, у якім размяшчаўся размеркавальны цэнтр. Ванда Станіславаўна трапіла ў лагер Дахаў, адкуль іх вазілі на працу на авіяцыйны завод. Там дзеці і падлеткі на станках выраблялі запчасткі для нямецкіх самалётаў, зачышчалі метал, пераносілі грузы. Працавалі ўвесь дзень, з яды – кавалак хлеба, поліўка і вада. Жанчына кажа: тое, што выжыла ў Нямеччыне – вялікае шчасце: многія гінулі ад голаду і цяжкай працы.
У 1945 годзе пачалося вызваленне вязняў з германскіх лагераў. Аднойчы ноччу паступіла каманда пастроіцца калонай для пераходу ў іншае месца. Палонных дзяцей прывялі да ракі Эльба, перавялі праз мост і аб’явілі прывал. Ранкам пачалося наступленне з боку саюзнікаў. Наляцелі самалёты, чуліся выбухі, страляніна. Наглядчыкі, якія суправаджалі дзяцей, уцяклі. Малыя, спужаныя і знясіленыя апынуліся практычна на перадавой з адным дарослым суправаджаючым. Так і прасядзелі дванаццаць дзён. Елі толькі шчаўе, якое знаходзілі ў траве: самыя малыя пачалі падаць з голаду, у многіх пачало пухнуць цела. Савецкая армія наступала, ваенныя дзеянні набліжаліся да Эльбы. Каб не аказацца ў эпіцэнтры ваенных падзей, палонныя вярнуліся ў лагер, адкуль іх у хуткім часе забралі савецкія салдаты. У ваеннай часці доктар, агледзеўшы вязняў, сказаў: “Патрэбна добрае харчаванне, дзеці – на мяжы смерці”. Да Перамогі заставалася дзевяць дзён.

Цяжка далася размова былому вязню. Нялёгка было слухаць успаміны і прысутным: асэнсаванне перажытага ёю ў чарговы раз дэманстравала нязломнасць духу нашага народу.

Вандзе Станіславаўне лёс дазволіў вярнуцца з рабства на радзіму, сустрэцца з матуляй і, залячыўшы душэўныя раны, пачаць жыццё з новымі планамі, марамі. Сёння былы вязень ахінута любоўю дачкі, акружана клопатам родных. Нягледзячы на тое, што родныя забралі жанчыну да сябе ў сталіцу – зямлячка кожнае лета прыязджае на малую радзіму, каб падсілкавацца знаёмым з дзяцінства, гаючым паветрам, дакрануцца да бацькоўскай зямлі. Нягледзячы на няпросты лёс, абпаленае вайной дзяцінства, наша гераіня праз усё жыццё пранесла шчырую любоў да сваёй радзімы і павагу да людзей. А самым каштоўным скарбам лічыць мір і спакой на беларускай зямлі.

Нялёгкі шлях дадому вязня вайны

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о