Сёння адзначаюць свята работнікі спажывецкай кааперацыі. Людзі, чый прафесійны абавязак – задавальненне пакуп-ніцкага попыту насельніцтва. З гэтай нагоды мы завіталі ў краму “ПраЗапас” Петрыкаўскага спажывецкага таварыства, каб сустрэцца з працаўніцай, якая прысвяціла 25 гадоў гандлю. Менавіта пад яе кіраўніцтвам калектыў дасягнуў адных з найлепшых паказчыкаў у рабоце сярод калектываў Петрыкаўшчыны і ўтрымлівае марку перспектыўнага, надзейнага гандлёвага аб’екта.

У краме мне даводзілася бываць і раней. Зручнае размяшчэнне стэлажоў дазваляе бачыць тавар, прачытаць, што напісана на ўпакоўцы, прасачыць за тэрмінам годнасці прадуктаў. У асартыменце шмат найменняў малочных прадуктаў, мясных, паўфабрыкатаў, хлебабулачных вырабаў, напояў. Для тых, хто любіць салодкае, прапануюцца кандытарскія вырабы. Мая гераіня амаль заўсёды ў зале. Ірына Масло – прадавец з функцыяй загадчыка крамы, прыходзіць на дапамогу па любой просьбе пакупніка. З яе слоў, калі чалавек пайшоў ад іх расчараваным – гэта мінус адзін пакупнік, таму работнікі ўважліва абслугоўваць кліентаў, робяць усё магчымае, каб землякі засталіся задаволенымі наведваннем крамы.

“ПраЗапас” –  насустрач пакупніку
– Мы сочым, каб на паліцах быў заўсёды свежы тавар. Каўбасныя вырабы прывозяць з Калінкавічаў, Мазыра, Гомеля практычна кожны дзень, а “малочку” бывае дастаўляюць у адзін дзень па тры пастаўшчыкі, – знаёміць з асаблівасцямі працы Ірына Іванаўна. – Акрамя таго, працуем з насельніцтвам па заяўках і нараканняў у краму пакуль не паступала. Усё гэта дазваляе калектыву ўтрымліваць таваразварот у межах пяцідзесяці тысяч рублёў у месяц.
Суразмоўца адзначае, што ёй пашанцавала з калегамі: Таццяна Плікус, Алена Дзямідава, Алена Зубар надзейныя таварышы і адданыя сваёй справе, самі ж прадаўцы гавораць, што з такой загадчыцай як Ірына Іванаўна, усе пытанні вырашальныя, у гандлі яна не выпадковы чалавек, адчувае той тавар, які прыйдзецца даспадобы людзям.
Па словах маёй гераіні, іншага шляху ў яе жыцці не павінна і быць.
– Маці мая ўсё жыццё аддала прылаўку і я з малых гадоў ёй дапамагала фасаваць і раскладваць тавары ў краме. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 2 горада Петрыкава асэнсавана абрала прафесію раз і назаўжды: закончыла курсы прадаўца і пачала працоўны шлях.
Рэалізавала сябе мая знаёмая і як захавальніца сямейнага гнязда. Разам з мужам выгадавалі дваіх дзяцей, далі ім годную вышэйшую адукацыю, дачакаліся чатырох унукаў. Энергія, любоў да справы, сям’і, лю-дзей дазваляе ўвасабляць вобраз жанчыны, з якой хочацца браць прыклад. Яна знайшла сваё месца ў жыцці.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о